Бюджэт прымаюць аўралам
Палата прадстаўнікоў на пазачарговай сесіі прыняла ў першым чытанні законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год», паводле якога бюджэт наступнага года будзе
дэфіцытным на шэсць трыльёнаў рублёў.
Цёмны газ
Палата прадстаўнікоў на пазачарговай сесіі прыняла ў першым чытанні законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год», паводле якога бюджэт наступнага года будзе
дэфіцытным на шэсць трыльёнаў рублёў.
Цёмны газ
На пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі не быў прызначаны дзень наступных прэзідэнцкіх выбараў, хаця менавіта гэтага чакалі палітолагі. Працоўны час парламентарыі прысвяцілі бюджэтным
пытанням краіны. Дэпутаты зацвердзілі праект бюджэту–2011 з прыбыткамі ў памеры 54,5 трлн. рублёў, а выдаткамі — 60 трлн. рублёў. Дэфіцыт запланаваны ў 6 трлн. рублёў, або 3% ад
валавога ўнутранага прадукту.
Цікава, што, зацвярджаючы бюджэт, парламентарыі дакладна не ведалі аднаго з важных фактараў уплыву на эканоміку — коштаў на газ у наступным годзе. Міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец
не выключае “досыць высокага росту кошту на газ, але канкрэтных лічбаў назваць не можа. “Складана прагназаваць гэты паказчык. Мы заклалі ў праекце бюджэту на 2011 год
досыць высокі яго рост, але калі будзе неабходна, то зможам пераразмеркаваць асігнаванні на тыя або іншыя затраты, — патлумачыў кіраўнік Мінфіну дэпутатам. Паводле яго слоў,
перамовы з Расіяй аб коштах на энерганосьбіты цяпер знаходзяцца на пачатковай стадыі, то бок інфармацыйнай. І ўдзельнікі перамоў нават не сфармулявалі свае пазіцыі.
Ці то з-за газавай невядомасці, ці з прычыны агульных эканамічных праблем, урад Беларусі падрыхтаваўся да прыцягнення знешніх пазыкаў і ў наступным годзе. Плануецца, што знешнія пазыкі краіны ў
2011-м складуць 2,2 млрд. долараў. Гэтыя сродкі будуць накіраваныя на мадэрнізацыю эканомікі і забеспячэнне эканамічнай бяспекі краіны па ўзроўні золатавалютных рэзерваў, мадэрнізацыі энергетычнай
сістэмы краіны, адзначыў Андрэй Харкавец. Па яго словах, на стварэнне новых вытворчасцяў будзе выдаткавана каля 913 млн. долараў. У прыватнасці, рэсурсаў чакаюць праекты будаўніцтва завода сульфатнай
беленай цэлюлозы на базе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, будаўніцтва завода індустрыяльнага домабудавання, а таксама запуск лініі па вытворчасці кальцыянаванай соды ў Мазырскім раёне
ды іншыя праекты.
Міністр фінансаў Андрэй Харкавец паведаміў, што сярэдняя працэнтная стаўка знешняй пазыкі краіны складае 3,74% гадавых, сярэдні тэрмін пагашэння пазыкі — 6,3 гады. У агульным аб’ёме
знешніх пазыкаў незвязаныя крэдытныя рэсурсы складаюць 85,4%, а звязаныя — 14,6%. Большую частку пазыкаў складаюць крэдыты Міжнароднага валютнага фонду (40,7%) і Расіі (38,4%).
Нацыянальны банк Беларусі агучвае інфармацыю, што валавы знешні доўг краіны за першы квартал бягучага года склаў 22,2 млрд. долараў. Гэтая сума складае 44,7% ад валавога ўнутрана прадукту.
“Стратэгія кіравання дзяржпазыкай на сярэднетэрміновы перыяд заключаецца ў тым, каб забяспечыць патрэбы дзяржавы ў рэсурсах для ўстойлівага эканамічнага росту. Аб’ём дзярждоўгу
захоўваецца на эканамічна бяспечным узроўні, — мяркуе Андрэй Харкавец.
З адной кішэні ў другую
Бюджэт запланаваны з дэфіцытам, падрыхтаваліся пазычаць грошы і адначасова ў праекце бюджэту — значны рост сацыяльнага пакету за кошт павышэння заработнай платы, пенсій, стыпендый. Міністр
працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна супакойвае, што праблем з рэсурсамі няма. Маўляў, у бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і
сацыяльнай абароны на 2011 год дастаткова сродкаў, каб не мець запазычанасцяў па сацыяльных выплатах. Даходы фонду вызначаныя ў памеры 20,7 трлн. рублёў, выдаткі — каля 20,5 трлн. рублёў.
Фарміруецца фонд у асноўным з абавязковых выплат на сацыяльнае страхаванне. Больш за 80% выдаткаў будзе накіравана на пенсійнае забеспячэнне, плануецца павялічыць сумы на выплаты дапамогі ў сувязі з
нараджэннем дзіцяці, па догляду за дзецьмі да трох гадоў, у сувязі з пастаноўкай на ўлік да 12 тыдняў цяжарнасці.
Аптымістычна выглядаюць і такія планавыя паказчыкі, як гадавая інфляцыя, тэмпы росту ВУП — 8% і 110% адпаведна. Сярэдні курс долара ў 2011 годзе мусіць быць на ўзроўні 3170 рублёў. Да слова,
курс долара ўжо цяпер перавышае 3000 рублёў, і многія эканамісты лічаць яго адмыслова заніжаным, то бок атрымліваецца, што ўрад будзе працягваць утрымліваць эканоміку краіны на падушцы бяспекі
датацый.
Надзея на пошліны і падаткі
Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў кансалідаванага бюджэту будуць: падатак на дабаўленую вартасць — 35,1%, падаткі ад знешнеэканамічнай дзейнасці — 13,3%, падаткі на даходы і
прыбытак — 12,8%, падаходны падатак — 10,1%, акцызы — 9,8%. Плануецца, што вырастуць даходы бюджэту ад увазных мытных пошлінаў, бо пасля ўступлення Беларусі ў Мытны саюз
увазныя мытныя пошліны залежаць ад імпарту Беларусі, Расіі і Казахстана, залічваюцца “валам, а пасля размяркоўваюцца па бюджэтах членаў Мытнага саюза. Доля Беларусі складае
4,7%.
Яшчэ адзін з метадаў прыцягнення сродкаў у бюджэт — выпуск еўрааблігацый, што ўрад дзяржавы плануе актыўна выкарыстоўваць. У наступным годзе мяркуецца выпусціць еўрааблігацый на суму 1 млрд.
долараў. Грошы будуць накіроўвацца на павелічэнне золатавалютных рэзерваў і выроўніванне сальда плацёжнага балансу. Як раней паведамляў Харкавец, плануецца, што Беларусь паспрабуе выйсці з
еўрааблігацыямі на расійскі рынак.
Прадстаўляючы праект бюджэту на 2011 год, міністр фінансаў таксама расказаў, якую структуру запланавалі ўнутранаму дзяржаўнаму доўгу. Агульная яго сума будзе 4,6 трлн. рублёў, з іх унутраны доўг
рэспубліканскага бюджэту складзе 1,7 трлн. рублёў, а мясцовых бюджэтаў — 2,9 трлн. Харкавец зазначыў, што праект закона забяспечвае бюджэтную ўстойлівасць у 2011 годзе, “але, калі
ён фарміраваўся, то выявілася тэндэнцыя, якая ў сярэднетэрміновай перспектыве можа паўплываць на бюджэт негатыўна. Маюцца на ўвазе высокія тэмпы росту асобных выдаткаў у параўнанні з
прыбыткамі. Часова гэта можна выправіць, калі павялічыць дэфіцыт бюджэту (што і было зроблена), “але сама наяўнасць такой тэндэнцыі патрабуе актыўнай працы па структурных ператварэннях у
бюджэтным сектары. Мы прапануем рэалізаваць гэта за кошт пастаяннай эфектыўнасці дзяржрвыдаткаў і праграм, уносячы пры неабходнасці змены ў такія праграмы. Бюджэтная сістэма не павінна знаходзіцца ў
статычным стане, — зазначыў міністр фінансаў.
Мяркуецца, што на наступным тыдні парламент зацвердзіць у другім чытанні закон аб бюджэце на 2011 год і спадарожныя змены ў Падатковы і бюджэтны кодэксы, а таксама ў закон аб бюджэце фонду сацыяльнай
абароны. Другая пазачарговая сесія прызначаная на 14 верасня.
------------------------------------------------------
Апантаныя рэйтынгам
Палата прадстаўнікоў разгледзела праект закона “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс. У Мінфіне гавораць пра “радыкальнае спрашчэнне падатковай
сістэмы.
Законапраект прадугледжвае адмену мясцовага падатку на паслугі і мясцовага збору на развіццё тэрыторыяў, трох плацяжоў у складзе экалагічнага падатку, а таксама павелічэнне інвестыцыйных ільготаў,
паляпшэнне падатковага адміністравання. Згодна з праектам, са складу падатковай сістэмы выключаюцца збор пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі азонаразбуральных рэчываў і збор за выдачу дазволаў на праезд
аўтамабільных транспартных сродкаў Беларусі па тэрыторыі замежных дзяржаў, якія ўключаюцца, адпаведна, у склад экалагічнага падатку і ў склад дзяржаўнай пошліны. Усяго ў выпадку прыняцця
законапраекту плануецца адмяніць пяць абавязковых плацяжоў.
Зніжэнне падатковай нагрузкі запланавана ў аб’ёме больш за 700 мільярдаў рублёў. Раней віцэ-прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні прэзідыума Рады міністраў канстатаваў:
нягледзячы на тое, што за апошні час у Беларусі быў скасаваны шэраг падаткаў, гэта не прывяло да істотнага паніжэння падатковай нагрузкі. У апошняй справаздачы Сусветнага банка Doing Business
Беларусь па паказчыку “падаткаабкладанне заняла апошняе, 183-е, месца.
Урад Беларусі зацыкліўся на тым, каб Беларусь увайшла ў трыццатку краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для вядзення бізнесу — нават праводзяцца адмысловы нарады з гэтай нагоды. Таму
віцэ-прэм’ер мяркуе, што нядрэнным будзе дасягненне Беларуссю 70-га месцы ў рэйтынгу па падаткаабкладанні.
Апроч падаткаў ёсць у эканоміцы і іншыя слабыя месцы. Па ўмовах вядзення міжнароднага гандлю Беларусь знаходзіцца на 129-м месцы, а па крэдытаванню — на 113-м.