Час патрэбных пытанняў

Вельмі часта тыя, хто лічыць сябе палітыкамі, задаюць пытанні тым, хто лічыць сябе палітолагамі.  Разнастайныя па форме, гэтыя пытанні, тым не менш, тычацца адвечнага: «Што рабіць?»  



chto_gde_1.gif

Варта прызнаць, што інертнасць беларускага грамадства, яго нежаданне адгукацца на палітычныя лозунгі пачынаюць усведамляць у партыйных штабах. Тым не менш надзея на існаванне ў прыродзе «чароўных словаў», здольных кардынальным чынам павялічыць узровень падтрымкі апазіцыі, да канца яшчэ не згасла. Зварот па дапамогу да палітолагаў — відавочнае таму пацверджанне.

Але калі для палітыкаў адказ на пытанне: «Што рабіць?» не відавочны, дык актывісты грамадзянскай супольнасці свой варыянт адказу даўно сфармулявалі: апазіцыі неабходна аб’яднацца вакол «адзінага кандыдата ў прэзідэнты». Менавіта праз аб’яднанне ляжыць шлях да перамогі на выбарах.

Пра попыт і прапанову

Рашэнне праблемы трансфармацыі беларускага аўтарытарнага рэжыму ў рэжым дэмакратычны, такім чынам, пераводзіцца ў арганізацыйную плоскасць. Выбары «адзінага» — гэта першы і самы важны крок, далей павінен ісці набор фармальных дзеянняў па яго раскрутцы (я, безумоўна, спрашчаю, але не прынцыпова).

Звернемся да расійскага досведу вырашэння падобнай праблемы сродкамі такога ж кшталту. У сакавіку «Левада-Цэнтр» апублікаваў чарговы рэйтынг пазнавальнасці блогера Аляксея Навальнага (працэнт сцвярджальных адказаў на пытанне: «Ці ведаеце Вы, хто такі N?»). З красавіка 2011 года па сакавік 2013-га ён павялічыўся з 6% да 37%. Калі ўлічыць, што ў 70% расіян уяўленне пра тое, што адбываецца, фармуе тэлебачанне і толькі ў 15% — інтэрнэт, то шасціразовы рост рэйтынгу пазнавальнасці за два гады — гэта несумненны поспех маладога палітыка.

Але рост пазнавальнасці палітыка аўтаматычна не вядзе да росту колькасці яго прыхільнікаў. У табліцы прыведзены адказы не ўсіх апытаных, а толькі тых, хто чуў пра Навальнага. У пераліку ж ад усіх апытаных у красавіку 2011 года за блогера былі гатовыя галасаваць 2% расіян, у сакавіку 2012 года — 5%, у сакавіку 2013 года — усё тыя ж 5%.

Калі б Аляксей Навальны высунуў сваю кандыдатуру на выбарах прэзідэнта Расіі, Вы б прагаласавалі за яго? (у % ад колькасці тых, хто ведае Навальнага)

Варыянт адказу

04’11

03’12

03’13

дакладна так/ магчыма так

33

19

14

хутчэй не/ дакладна не

56

63

66

цяжка сказаць

11

18

21

Такім чынам, ужо на пачатковым этапе сваёй палітычнай кар’еры Навальны сабраў практычна ўсе галасы сваіх патэнцыйных прыхільнікаў, і далейшая яго раскрутка дадатковай электаральнай падтрымкі не прынесла.

Аляксей Навальны, безумоўна, з’яўляецца харызматычнай асобай. Як апазіцыйны палітык, ён абраў самую рэйтынгавую на сённяшні дзень у Расіі тэму — карупцыю, якой займаецца прафесійна, і дасягнуў на гэтай ніве рэальных поспехаў (пры яго актыўным удзеле развіталіся з дэпутацкімі мандатамі ўжо шэсць расійскіх парламентарыяў). Аднак рэйтынг палітыка-блогера ўпёрся ў столь. Адзначу, што тыя ж 5% сёння ў Беларусі мае Уладзімір Някляеў.

На мой погляд, такое супадзенне рэйтынгаў найбольш папулярных апазіцыйных палітыкаў не з’яўляецца выпадковым. Усе спробы апазіцыі прапанаваць грамадству персанальную альтэрнатыву, як у Беларусі, так і ў Расіі, неэфектыўныя. Ні асабістыя якасці кандыдата, ні тэмы, якія ён спрабуе раскручваць, прынцыпова нічога не мяняюць.

Праблема не ў кандыдатах, праблема ў грамадстве. За чарачкай гарбаты можна доўга дыскутаваць на тэму, хто каго спараджае: прапанова — попыт, ці попыт — прапанову. Аднак практыка ў якасці крытэру ісціны адназначна сведчыць пра першаснасць попыту.

Пра бягучыя падзеі і сур’ёзныя рэчы

З нагоды смерці Маргарэт Тэтчэр у інтэрнэце з’явілася мноства яе выказванняў. Прывяду тое, што найбольш мне спадабалася: «90 працэнтаў нашых клопатаў датычацца таго, што ніколі не здарыцца». Думаю, што ў гэты працэнт уваходзяць і клопаты пра выбар «адзінага».

Жаданне шукаць не там, дзе страціў, а пад ліхтаром распаўсюджана дастаткова шырока. На чым, да прыкладу, заснавана вера ў неабходнасць пошуку «адзінага»? На ўспрыманні палітычнага працэсу ў Беларусі як супрацьстаяння ўлады і апазіцыі. Аднак гэта памылковае ўяўленне.

Тут я вымушаны ў чарговы раз звярнуцца па дапамогу да культуролага Ігара Якавенкі, паводле якога, палітычная рэфлексія магчымая толькі «ўнутры пэўнай карціны свету, з пазіцыі пэўнай мадэлі агульнагістарычнага працэсу». Ствараць мадэлі і аналізаваць з іх дапамогай бягучыя падзеі — задача палітолагаў, сацыёлагаў і іншых «олагаў». Што да палітыкаў, дык іх стаўленне да гуманітарных ведаў не павінна прынцыпова адрозніваецца ад стаўлення інжынераў да прыродазнаўчых ведаў.

І гэта не пасіўнае стаўленне. Інжынер адначасова з’яўляецца спажыўцом ведаў і іх замоўцам. Гэтак жа ў адносінах да ведаў павінен паводзіць сябе і палітык. Павінен, але не паводзіць. У палітыцы і футболе, у адрозненне ад сапрамату, разбіраюцца ўсе. І гэта праўда. Іншая справа, што карціна свету, унутры якой адбываецца масавая рэфлексія наконт бягучых палітычных падзей, грунтуецца не на навуковых ведах, а на побытавых уяўленнях. Палітычны працэс як супрацьстаянне ўлады і апазіцыі — спараджэнне такога кшталту ўяўленняў.

Праілюструю сказанае вышэй пэўнымі прыкладамі. Расійская імперыя, паводле трапнага вызначэння рэлігійнага філосафа Васіля Розанава, «слиняла в два дня». Праз 73 гады яе лёс паўтарыў Савецкі Саюз. І, нягледзячы на тое, што партыйныя таварышы марнавалі на сілавыя структуры больш за 50% ВУП, распад «Верхняй Вольты з ракетамі» быў гэткім жа імклівым. Але якую ролю пры гэтым адыграла апазіцыя?

Цікавае пытанне, пагадзіцеся. На яго не адкажаш, калі не выйдзеш за межы побытавай карціны свету. Аднак, не атрымаўшы адказ на гэта пытанне, бессэнсоўна разважаць пра верагодныя сцэнары развіцця падзей у Беларусі. Магчыма, я не мае рацыю. Бо ўжо 20 гадоў мы жывём у асобнай ад Расіі пясочніцы, і ранейшы механізм распаду дзяржавы для нас ужо не актуальныя. Магчыма… Аднак як мы можам пра гэта меркаваць, калі ранейшы механізм намі не адрэфліксаваны?

 Зноў працытую: «Усе хочуць каментаваць бягучыя падзеі, ніхто не хоча казаць пра сур’ёзныя рэчы» (Мікалай Злобін, палітолаг). Гаворка пра сур’ёзныя рэчы — гэта гаворка пра карціну свету. У Беларусі пра яе не кажуць, таму што на побытавым узроўні яна зразумелая, а на ўзроўні сучасных гуманітарных ведаў яна нецікавая. Больш за тое, такія размовы небяспечныя. Спрошчаная карціна свету не проста так паўстала.

Або добра, або нічога

Штодзённая свядомасць у якасці будаўнічага матэрыялу пры фармаванні карціны свету выкарыстоўвае міфы. Варта адзначыць, што той ці іншы тып міфалагізацыі ўласцівы любому тыпу культурнай свядомасці, нават самаму што ні ёсць рацыянальнаму. Адрозненні тут колькасныя, аднак колькасць, калі дасягае пэўнага крытычнага ўзроўню, здольная спараджаць новую якасць. А гэта якраз наш выпадак.

Паводле культуролага Андрэя Пеліпенкі, «для штодзённай свядомасці — міф, нават у рэдукавана-казачнай форме, служыць не толькі апісаннем свету, але і абаронай ад яго». У глыбіннай аснове ўсякага міфа палягае страх хаосу і, адпаведна, усякая міфалагічная канструкцыя — формула яго пераадолення, спосаб гарманізацыі свету. Як тут ні прыгадаць адзінага палітыка (АП), сам факт з’яўлення якога быў спароджаны запатрабаваннем масавай свядомасці абараніцца ад хаосу пачатку 90-х гадоў.

Папулярнымі (татальнымі) могуць быць толькі тыя міфы, якія працуюць на спрашчэнне. У аснове галоўнага савецкага міфа ляжала ўяўленне пра варожасць капіталістычнага Захаду да «першай у свеце дзяржавы працоўных і сялян». Ён на зразумелай для абывацеля мове тлумачыў неабходнасць гіганцкіх выдаткаў на абарону і спрыяў успрыманню пастаянных побытавых цяжкасцяў як часовых.

Руйнаванне галоўнага савецкага міфа пад ціскам «матэрыяльных і духоўных запатрабаванняў савецкага народа», якія ўвесь час нарасталі, і разбурыла СССР. Як тут ні прыгадаць фразу з фільма «Дыяментавая рука»: «Сеня, а ты Кока-колу пил?». Гэта, на першы погляд, палітычна нейтральная фраза фіксавала замену міфа «Захад — крыніца смяротнай пагрозы» на міф «Захад — крыніца дармавых матэрыяльных выгодаў».

Аднак вернемся да родных асін. Міф пра палітычны працэс у Беларусі як супрацьстаянне ўлады і апазіцыі падвышае статус тых, хто адкрыта супрацьстаіць уладзе, і адначасова паказвае апазіцыйнай частцы беларускага грамадства на крыніцу іх дыскамфортнага стану. Зразумела, што гэта крыніца максімальна персаніфікаваная.

Нічога новага ў такой спрошчанай (і, адпаведна, максімальна аддаленай ад рэальнасці) карціне свету няма. Як тут ні прыгадаць ідэю гісторыка Аляксандра Ахіезера пра асноўную памылку масавай свядомасці — веру ў начальніка, які здольны аднаасобна вырашаць усе праблемы грамадства. Няцяжка заўважыць, што вера ў «адзінага кандыдата» паходзіць з той ж крыніцы.

Тым часам трансфармацыі аўтарытарных рэжымаў у рэжымы дэмакратычныя нідзе і ніколі не здзяйсняліся выключна за кошт арганізацыйных высілкаў партыйных актывістаў. Для вырашэння сацыякультурных праблем (а гэта сацыякультурная праблема ў чыстым выглядзе) неабходны суб’ект іншага маштабу. У такой якасці можа выступаць толькі грамадства.

У адрозненне ад заходняга грамадства, беларускі аналаг, як спрынтар, здольны праяўляць палітычную суб’ектнасць толькі на кароткіх гістарычных адрэзках. Пералік абавязковых умоваў, якія спрыяюць пераходу грамадства з аб’ектнага ў суб’ектны стан, — адна з ключавых тэм гаворкі «пра сур’ёзныя рэчы». Аднак, як адзначалася вышэй, «пра сур’ёзныя рэчы» казаць у нас не прынята. Тут, як пра нябожчыка, — або добра, або нічога.

І напрыканцы працытую Уладзіміра Высоцкага: «А мы все ставим каверзный ответ и не находим нужного вопроса». З пастаноўкі патрэбных пытанняў і варта пачынаць любую справу, зразумела, калі мы плануем займацца справай сур’ёзна.