Азербайджан далучыць Іран

Каб адцягнуць увагу ад сацыяльна-эканамічных праблем напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, улады Ірана і Азербайджана разыгрываюць нацыяналістычную карту. Арменія ў чаканні.



66803939_azerbaijans_president.jpg

Яны пакуль яшчэ сябры

Усё пачалося з нявінных сустрэч гісторыкаў. Увосень мінулага года ў Турцыі і Азербайджане праходзілі гістарычныя канферэнцыі, прысвечаныя лёсу Паўднёвага Азербайджана — часткі паўночна-заходняга Ірану, дзе жывуць этнічныя азербайджанцы.

Практычна ўсе ўдзельнікі пасяджэнняў адкрыта выступілі з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі да Ірану, патрабуючы ўз’яднання гістарычнай вобласці Ірана пад назвай Азербайджан з Азербайджанскай Рэспублікай, што, паводле іх заяў, павінна скончыцца стварэннем «Вялікага Азербайджана». Тым больш, паводле меркавання выступоўцаў, Іран перажывае самы востры крызіс з пачатку ХХ стагоддзя, і ўсе рэгіянальныя і глабальныя фактары працуюць супраць тэгеранскага рэжыму.

Тэгеран, відавочна, быў не ў захапленні ад такога аналізу сітуацыі і даслаў у Баку фармальную ноту пратэсту. Пры гэтым чамусьці ў тэксце дакумента перапала і Ізраілю, які, быццам, неяк звязаны з арганізацыяй тых сустрэч гісторыкаў. Баку на пратэсты адказаў вельмі тактычна, заявіўшы, што агучанае на канферэнцыі не адпавядае афіцыйнай пазіцыі Азербайджана. Праўда, шэраг азербайджанскіх палітыкаў мяркуюць, што могуць дазволіць сабе арганізоўваць любыя канферэнцыі на іранскую тэматыку ў сувязі з тым, што Іран падтрымлівае кантакты з Арменіяй.
Пакуль дыпламаты займаліся карэспандэнцыяй, на сцэну нечакана выйшлі журналісты.

Шэраг афіцыйных іранскіх выданняў прапанавалі правесці ў Азербайджане рэферэндум пра далучэнне Азербайджанскай Рэспублікі да Ірана. Неабходнасць плебісцыту тлумачыцца наступным чынам: «10 мільёнаў насельніцтва Азербайджанскай Рэспублікі складаюць мусульмане-шыіты. Пасля распаду Савецкага Саюза яны жадаюць вярнуцца ў сваю ранейшую цывілізацыю. З тых часоў насельніцтва Азербайджана лічыць Іран выканаўцам сваіх інтарэсаў, супольнасцю, штучна адарванай ад Ірана. Нягледзячы на тое, што пасля распаду Савецкага Саюза сіяністы дасягнулі некаторага ўплыву ў Азербайджане, яны не змаглі знішчыць цягу насельніцтва да Ірана. Наадварот, варожасць сіяністаў да мусульманскіх народаў узмацніла тэндэнцыю аб’яднання насельніцтва Азербайджанскай Рэспублікі з іранцамі».

Калі варыянт з інкарпарацыяй не атрымаецца, дык, паводле меркавання іранскага афіцыёзу, можна прапанаваць ураду Азербайджанскай Рэспублікі правесці рэферэндум пра стварэнне ў краіне палітычнай сістэмы, аналагічнай іранскай, у выглядзе Азербайджанскай Ісламскай Рэспублікі.

Пакуль на берагах Каспія прыходзілі ў сябе ад такой нахабнасці, з’явілася новая інфармацыя пра тое, што некалькі чальцоў іранскага парламента працуюць над законапраектам, у якім прадугледжваецца перагляд і адмова ад выканання пунктаў Туркманчайскай мірнай дамовы 1828 года, а таксама ўз’яднанне азербайджанскіх тэрыторый з Іранам. «Улічваючы заканчэнне тэрміну дамовы, падпісанай з Расіяй у 1828 годзе, Іран мае права перагледзець гэты дакумент. Мы паспрабуем задзейнічаць усе магчымасці і аднавіць свае правы», — было заяўлена адным з дэпутатаў 9 красавіка на пасяджэнні іранскага парламента.

На думку азербайджанскіх нацыяналістаў, трактат 1828 года раскалоў азербайджанскую нацыю. Дарэчы, спроба аб’яднання азербайджанцаў мела месца пасля вайны, калі Сталін стварыў марыянетачны прасавецкі ўрад Паўднёвага Азербайджану, Масква дапускала магчымасць «уз’яднання» азербайджанцаў па мадэлі, скарыстанай восенню 1939 года адносна Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. У архівах знойдзеныя ідэалагічныя распрацоўкі для пачатку працэсу далучэння Паўднёвага Азербайджана. Цікава, што ў пракламацыях нават Тэгеран называецца азербайджанскім горадам. Аднак рэалізаваць праект з-за эскалацыі халоднай вайны не атрымалася.

Як, на вашу думку, сустрэлі навіну пра іранскую спробу рэвізію дамовы 1828 года ў Баку? Не паверыце — на ўра. «Абмеркаванне ў парламенце Ірана пытання пра перагляд Туркманчайскай дамовы цешыць Азербайджан», — заявіў адзін з лідараў афіцыйнай партыі «Ені Азербайджан». На думку «Ені Азербайджан», пасля прызнання дамовы 1828 года не дзеючай, этнічныя азербайджанскія землі аўтаматычна могуць «быць уключаныя ў склад адзінай азербайджанскай дзяржавы, для чаго ўзнікаюць усе юрыдычныя падставы».

Аднак сепаратызм паўночных тэрыторый — гэта не самае горшае, што пагражае Ірану. Аказваецца, у 1828 годзе ўлада ў Іране знаходзілася ў руках азербайджанцаў. Адна з ключавых асобаў, якая падпісала дамову, — каранаваны прынц Абас Мірза — мае гістарычныя азербайджанскія карані. У Баку лічаць, што гэта дае падставы лічыць Туркманчайскую дамову азербайджанскай, а не іранскай у сэнсе легітымнасці.

Працытуем аднаго з азербайджанскіх нацыяналістаў: «Калі давядзецца перагледзець дадзеную дамову, тады давядзецца далучыць Іран да Азербайджана, а кіраванне самім Іранам прыйдзецца перадаць азербайджанцам».

На думку палітолагаў, сакрэт такога жадання гуляць у альтэрнатыўную гісторыю, што ахапіла частку эліты ў Баку і Тэгеране, вельмі просты. Па меры набліжэння прэзідэнцкіх выбараў у Іране (14 чэрвеня) і Азербайджане (16 кастрычніка) улады абедзвюх краін адмыслова арганізуюць на інфармацыйным полі рознага кшталту нацыяналістычныя правакацыі, мэта якіх — абудзіць патрыятычныя пачуцці сярод простых людзей і пасунуць на другі план балючыя сацыяльна-эканамічныя пытанні.

Так, у лютым кандыдат у прэзідэнты Ірана аятала Махамад Багер Харазі заявіў, што, калі ён стане наступным кіраўніком краіны, то Таджыкістан, Арменія і Азербайджан будуць «вернутыя» Ірану. Заклік выклікаў гнеўны адказ з боку міністэрства замежных спраў Таджыкістана, які ацаніў заяву Харазі як «выказванні інтрыгана і невука».

У гэтай гісторыі ёсць яшчэ адна цікавая дэталь. Усе разборкі паміж Баку і Тэгеранам уважліва адсочвае армянская аналітычная супольнасць. Мяркуючы па ўсім, армянскі палітыкум жадае схапіць азербайджанцаў за руку — зафіксаваць факт таго, што афіцыйны Баку, адстойваючы свае правы на Паўднёвы Азербайджан, узгадае пра права нацый на самавызначэнне.

У такім разе стварэнне на тэрыторыі Азербайджана Армянскай Нагорна-Карабахскай рэспублікі выглядае справядлівым актам. Баку заўсёды надаваў у карабахскім пытанні перавагу такому прынцыпу міжнароднага права, як непарушнасць межаў, і адмаўляў прынцып права нацый на самавызначэнне.