Хто вычарпаў ліміт рэвалюцый?

Прыхільнікам мірнага (эвалюцыйнага) развіцця беларускай мадэлі я б не раіў пляскаць у ладкі. На камбінацыю словаў «Лукашэнка, імем рэвалюцыі» Google адгукаецца 95,5 тыс. спасылак.



akno_1.gif

З пэўнага моманту кожная аўтарытарная дзяржава пачынае жыць пад дыктоўку надыходзячай рэвалюцыі.

Калі верыць шматлікім заявам адзінага палітыка (АП), ліміт рэвалюцый у Беларусі вычарпаны. Дый пра якія рэвалюцыі можа ісці гаворка ў геаграфічным цэнтры Еўропы, галоўнай характарыстыкай якога з’яўляецца стабільнасць?

Аднак прыхільнікам мірнага (эвалюцыйнага) развіцця беларускай мадэлі я б не раіў пляскаць у ладкі. На камбінацыю словаў «Лукашэнка, імем рэвалюцыі» Google адгукаецца 95,5 тыс. спасылак.

Імем рэвалюцыі АП спыніў бандыцкую прыватызацыю ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Імем рэвалюцыі ў тыя ж гады пад яго кіраўніцтвам адпрацоўваліся эфектыўныя схемы рэалізацыі калійных угнаенняў на знешніх рынках. Імем рэвалюцыі на зыходзе чацвёртай пяцігодкі ён прымушаў будаўнікоў выпраўляць недаробкі, а півавараў — мадэрнізаваць сыравінную базу.

Спіс даручэнняў АП з грыфам «Імем рэвалюцыі» ўвесь час папаўняецца. Складваецца ўражанне, што беларуская стабільнасць можа падтрымлівацца толькі ва ўмовах надзвычайнага становішча. Мір і спакой ёй супрацьпаказаныя.

Размахванне шашкай як альтэрнатыва

Якім чынам спалучаюцца паміж сабой заявы пра вычарпанне ліміту рэвалюцый з пастаяннымі заклікамі вырашаць бягучыя кіраўнічыя задачы рэвалюцыйнымі метадамі? На гэта пытанне не так проста адказаць. Але, абапіраючыся на свой марксісцка-ленінскі бэкграўнд, я паспрабую вылучыць суб’ектыўны і аб’ектыўны фактары.

Пачну з суб’ектыўнага. Рэвалюцыйнасць у Беларусі дапускаецца ў той жа меры, што і палітыка. Г. зн. правам здзяйсняць учынкі імем рэвалюцыі надзелены адзін чалавек. Які менавіта — думаю, чытачы НЧ здагадаліся. АП = АР (адзіны рэвалюцыянер). Гэта тоеснасць, паводле Вікіпедыі, азначае роўнасць, што выконваецца на ўсім мностве значэнняў пераменных, якія ўваходзяць у яе.

Манаполія на рэвалюцыйнасць ахоўваецца гэтак жа жорстка, як і манаполія на палітычную суб’ектнасць. Нагадаю выпадак, які стаў хрэстаматыйным. Пры абмеркаванні вынікаў работы эканомікі ў першым паўгоддзі 2011 года прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі заступіў за чырвоную лінію. Ён паспрабаваў адсунуць тэрмін пагашэння крэдытаў дзяржпрадпрыемствамі, матывуючы сваю прапанову тым, «што за кожным заводам стаяць людзі». Рэакцыя АП была хуткай: «Я палітык, я павінен думаць пра людзей, а вы павінны думаць пра эканоміку і фінансы. У вас людзей няма. Забудзьцеся! У эканоміцы людзі не стаяць за грашыма і за трактарамі. Вы голы эканаміст».

Ролю «голага эканаміста» ва ўрадзе паслядоўна гулялі ўсе беларускія прэм’ер-міністры. Не з’яўляўся выключэннем і Міхаіл Мясніковіч. У лістападзе 2012 года ён паўтарыў промах свайго папярэдніка, прапанаваўшы імем рэвалюцыі «пайсці ў холдынг» прадпрыемствам гарбарнай галіны. Натуральна, АП ініцыятыву кіраўніка ўрада рашуча адхіліў, спаслаўшыся на адсутнасць згоды кіраўнікоў прадпрыемстваў аб’ядноўвацца. Важкі аргумент, пагадзіцеся.

Ад суб’ектыўнага фактару пяройдзем да фактару аб’ектыўнага. Вялікае, як вядома, робіцца бачным на адлегласці, таму паглядзім на беларускую мадэль з вышыні Астанкінскай тэлевежы.

Ліберальныя эксперты ў Расіі ўсё больш актыўна абвінавачваюць Крэмль у пераходзе на ручное кіраванне эканомікай. Прывяду фрагмент артыкула экс-старшыні Цэнтральнага банка Расіі Сяргея Дубініна, апублікаваны 19 жніўня ў газеце «Ведамасці»: «Відаць, магчымасць бесперапынна ўрывацца ў працэс прыняцця рашэнняў на любым узроўні — ад прадпрыемства да цэлай галіны, да краіны ў цэлым — стварае ілюзію поўнай кіравальнасці. Падкантрольнасць усіх і ўся — мэта прыцягальная, але заведама недасяжная».

Дубінін тлумачыць адмову ад рынкавых механізмаў рэгулявання эканомікі на карысць ручнога кіраванне крызісам 2008–2009 гадоў. Магчыма, экс-банкір мае рацыю. Але ў Беларусі ад рынкавых механізмаў ніхто ніколі і не адмаўляўся, бо ніхто ніколі ўсур’ёз іх і не ўжываў. Беларуская мадэль ужо ў момант свайго нараджэння будавалася па лякалах сваёй савецкай папярэдніцы. Таму «магчымасць бесперапынна ўрывацца ў працэс прыняцця рашэнняў на любым узроўні» не варта разглядаць у якасці анамаліі. Гэта адна з базавых характарыстык беларускай мадэлі.

Права ўрывацца афармляецца ў зразумелай насельніцтву рэвалюцыйнай стылістыцы. Але гэта той самы выпадак, калі форма адпавядае зместу. Калі эканамічныя адносіны не выстройваюцца на падставе выразна прапісаных фармальных правілаў, у якасці альтэрнатывы застаецца размахванне шашкай.

Параўнаем два паказчыкі

Дык ці вычарпаны ў Беларусі ліміт рэвалюцый? Для адказу на гэта пытанне перш за ўсё неабходна зразумець: рэвалюцыі адбываюцца не нашто, а чаму. «Ва ўсіх архаічных сістэм, — адзначае гісторык Уладзімір Булдакоў, — адзін канец: улада альбо закісае ад бязволля «самадзержцаў», альбо дранцвее ад тупасці бюракратыі. Да таго ж дастатак разбэшчвае — усе лічаць сябе абдзеленымі».

Улада бязвольная і ўлада здранцвелая — гэта, у першую чаргу, улада неэфектыўная. Мы можам бясконца спасылацца на «інтрыгі імперыялізму», але Арабская вясна пачалася з пратэстаў у Тунісе 18 снежня 2010 года пасля самаспалення вулічнага гандляра Махамеда Буазізі ў знак пратэсту супраць паліцэйскай карупцыі і жорсткага абыходжання.

Але нагоду не варта блытаць з прычынай. Той факт, што прыватная трагедыя спарадзіла масавыя пратэсты па ўсім Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыцы, сведчыў пра няздольнасць кіруючых элітаў быць носьбітамі «сапраўднага ісламу». Нагадаю, канцэпцыя падзелу царквы і ўраду чужая ісламу. Былы вярхоўны лідар Ірана аятала Хамейні аднойчы заявіў, што «іслам — гэта палітыка, і без яе ён нішто».

Рэспубліка Беларусь — дзяржава XXI стагоддзя, у якой да канца не вырашаны задачы буржуазнай рэвалюцыі, галоўнымі з якіх з’яўляюцца фарміраванне грамадства мадэрна (грамадзянскай супольнасці) і прававой дзяржавы. Адсутнасць прававой дзяржавы наглядна пацвярджаецца заклікамі АП (АР) вырашаць бягучыя задачы імем рэвалюцыі.

Індустрыялізацыя магчымая і без прававой дзяржавы. Стварэнне магутнага ваенна-прамысловага комплексу ў гады першых сталінскіх пяцігодак наглядна гэты тэзіс пацвярджае. Аднак пакуль няма прыкладаў, якія пацвярджаюць магчымасць пераходу ад індустрыяльнай да постіндустрыяльнай эканомікі пры адсутнасці прававой дзяржавы.

Колькі выдатных слоў было сказана ў Пасланні–2013 пра «мадэрнізацыю нашай эканомікі». Абмяжуюся адной цытатай: «Цяперашні этап сацыяльна-эканамічнага развіцця асаблівы. Ён патрабуе паскораных тэмпаў гэтага працэсу, працэсу мадэрнізацыі. Справа ў тым, што змена дамінуючых тэхналагічных укладаў, якая зараз адбываецца, адкрывае «акно магчымасцяў» для паспяховага выхаду на новую хвалю эканамічнага росту».

Мяркуючы па афіцыйнай статыстыцы, хваля эканамічнага росту абышла дзяржаўны сектар бокам. Скарыстацца «акном магчымасцяў» у Беларусі здолелі толькі прыватныя кампаніі. Параўнаем два паказчыкі. За першае паўгоддзе Белстат зафіксаваў падзенне беларускага экспарту на 26,3% адносна першага паўгоддзя мінулага года. Але за той жа перыяд Парк высокіх тэхналогій (ПВТ) нарасціў экспарт на 30%!

«Такім чынам, доля экспарту Парку высокіх тэхналогій у ЗША ў 1,5 разы перавысіла экспарт усіх астатніх галін эканомікі Беларусі разам узятых», — гаворыцца ў справаздачы ПВТ за паўгоддзе.

Як пры Брэжневе

АП скончыў дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы. Здавалася б, пры наяўнасці савецкіх дыпломаў гісторыка і эканаміста ён павінен ведаць, да чаго прыводзіць неадпаведнасць вытворчых адносін і прадукцыйных сіл. А прыводзіць яна да рэвалюцыі. Гэта азбука марксізму.

Вытворчыя адносіны ў Беларусі паводле шэрагу параметраў знаходзяцца на ўзроўні сярэднявечча. З прадукцыйнымі сіламі ўсё не так адназначна. Тут мы маем поўны джэнтльменскі набор: ад прафесійных зборшчыкаў шклатары да айцішнікаў міжнароднага ўзроўню.

Сказаць, што напружанне, спароджанае класічнай марксісцкай неадпаведнасцю, сёння набліжаецца да крытычнага, значыць выдаць жаданае за сапраўднае. Аднак усе неабходныя трэнды ўжо сфармаваліся. І галоўны трэнд нам рэгулярна дэманструе ўладная «вертыкаль» сваёй неадэкватнасцю ўзроўню як унутраных, так і знешніх выклікаў. Менавіта таму замест стратэгіі развіцця мы маем стратэгію выжывання, якая зводзіцца да архаічных спробаў узмацніць дысцыпліну і да надзеяў перачакаць цяжкія часы.

Гісторыя ў нашай цывілізацыйнай прасторы ходзіць па крузе. Гэта не навіна. Сёння пра надыход чарговага застою сведчыць актуальнасць анекдотаў з брэжнеўскіх часоў. Нагадаю два фрагменты:

— Пры Хрушчове жылі, як у самалёце: адзін трымае штурвал, астатніх ванітуе.

— А пры Брэжневе?

— Пры Брэжневе, як у таксі: чым далей едзеш — тым даражэй.

Едзе цягнік. Раптам нечакана выяўляецца, што наперадзе адсутнічаюць рэйкі.

— Пры Леніне праблему вырашылі, сагнаўшы ўсіх пасажыраў на суботнік.

— А пры Брэжневе?

— Пры Брэжневе апусцілі фіранкі і пачалі разгойдваць вагоны, ствараючы ілюзію, што едуць.

З пэўнага моманту для кожнай аўтарытарнай дзяржавы палітычная павестка пачынае канцэнтравацца на ўтрыманні ўлады. А гэта азначае, што жыць яна пачынае пад дыктоўку надыходзячай рэвалюцыі. Прадухіленне рэвалюцыі становіцца адзіным пунктам праграмы кіруючага класа. Тут ужо не да развіцця.

* * *

Для фінальнага акорда прыгадаю словы палітолага Уладзіміра Пастухова: «Змена ўлады ў аўтарытарнай дзяржаве магчымая альбо шляхам дзяржаўнага перавароту, альбо з прычыны рэвалюцыі. Калі доступ да ўлады — цалкам або часткова — можна атрымаць шляхам перамогі на выбарах, то такая дзяржава не з’яўляецца ў поўным сэнсе гэтага слова аўтарытарнай. Пра яе можна казаць толькі як пра недастаткова дэмакратычную дзяржаву».

Але гэта не наш выпадак.