Ці магчыма перавыхаваць беларускую ўладу?
Ці можна перавыхаваць беларускую ўладу, дамовіцца з ёй па прынцыповых пытаннях, інтэгравацца ў яе? Ініцыятары «Народнага рэферэндуму» зыходзяць з таго, што магчыма. Аднак гэта небяспечная ілюзія, перавыхаванню яна не паддаецца. Беларусь стаіць перад экзістэнцыяльным выбарам: быць ці не быць?
Учора ў офісе АГП адбылася арганізацыйная сустрэча мінскай групы удзельнікаў стварэння кааліцыі «За сумленныя, чэсныя выбары для лепшага жыцця». Апроч Аб'яднанай
Грамадзянскай Партыі да яе далучылася Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і чатыры аргкамітэта — па стварэнню Партыі працоўных, Беларускай жаночай партыі
«Надзея», грамадскага праваабарончага аб'яднання «За справядлівыя выбары» і «Беларускага руху», а таксама незарэгістраваная арганізацыя
«Маладая Беларусь».
Мэтай сустрэчы было абраць дэпутатаў на рэспубліканскую канферэнцыю, запланаваную на 22 верасня, але Вінцук Вячорка настойліва запатрабаваў першым чынам вызначыцца — у чым палягаюць
стратэгічныя разыходжанні кампаніі «За сумленныя, чэсныя выбары» з кампаніяй «Народны рэферэндум»? Бо менавіта пра гэта спытаецца грамадзянін. І для яго
трэба мець выразны адказ у некалькіх словах.
Такога адказу, лічыць спадар Вячорка, пакуль няма. Кіруючыся прынцыпам «крытыкуеш — прапануй», былы старшыня БНФ выказаўся аб тым, якім ён мог бы быць.
Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька не аспрэчвалі тэзіс Вінцука Вячоркі. Фактычна тое ж самае запісана ў рабочым варыянце маніфеста кампаніі, які мае быць зацверджаным 22 верасня. Зрэшты, тут
ёсць пэўная супярэчнасць — калі пры гэтай уладзе нельга правесці рэферэндум па прынцыповых пытаннях, правесці «сумленныя, чэсныя выбары» і пагатоў немагчыма. Удзельнікі
сустрэчы шапталіся вакол мяне: «Трэба сказаць, каб гэта былі выбары без Лукашэнкі». Шаптацца шапталіся, але ўголас ніхто гэтага не казаў. І не ўспомніў пра тое, што АГП летась
ініцыявала кампанію акурат з такой назвай: «За чэсныя выбары без Лукашэнкі». Атрымліваецца, цяпер проста прыбралі гэтае «без», каб не дражніць гусей?
Анатоль Лябедзька агучыў праграму-мінімум: «У Расіі, напрыклад, выбары таксама фальсіфікуюць, але хаця б галасы лічаць. У нас лічбы проста бяруць са столі і высмоктваюць з пальца, трэба
дамагчымся, каб галасы лічыліся».
Атрымліваецца, усё-ткі ёсць спадзеў, што перавыхаваць уладу магчыма?
Кажуць, калі не ведаеш, што рабіць, рабі хоць што-небудзь. Таму добра, што ў нашым палітычным асяродку нешта робіцца. І ўсё-ткі я не зразумеў, у чым палягае прынцыповае адрозненне кампаніі
«За сумленныя, чэсныя выбары для лепшага жыцця» ад «Народнага рэферэндума», як і таго, з якой мэтай спатрэбілася іх супрацьпастаўляць.