Чаму вымерлі дыназаўры?

Смерць публічнай палітыкі ў Беларусі дэ-юрэ азначае яе ўваскрашэнне дэ-факта «пад дываном». Пазбаўленне насельніцтва права на адкрытае адстойванне сваіх інтарэсаў надзяляе каляўладныя групоўкі магчымасцю змагацца за свае вузкакарпаратыўныя інтарэсы, ігнаруючы пры гэтым інтарэсы насельніцтва (электарату).

daruchenni_1_logo.gif

Толькі для назіральніка збоку неабмежаваная ўлада ў аўтарытарна-таталітарных сістэмах выглядае сапраўды такой.

Узровень адэкватнасці «дзяржавы для народа» заўсёды спараджаў мноства пытанняў. Дастаткова прыгадаць, чым скончыліся ініцыятывы па мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны. А ці шмат знойдзецца эрудытаў, якія б здолелі на цвярозую галаву даходліва растлумачыць асновы дзяржаўнай ідэалогіі? І гэта нягледзячы на наяўнасць ідэалагічнай «вертыкалі» і абавязковага курсу ідэалогіі ў беларускіх ВНУ.

Асобная тэма — рэакцыя на публічныя акцыі пратэсту. Здавалася б, свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак, гарантаваныя ў нас Канстытуцыяй (артыкул 35), зрэшты, як і права на забастоўкі (артыкул 41). Аднак на практыцы няшмат хто здолеў рэалізаваць канстытуцыйныя правы без наступстваў у выглядзе штрафаў і «сутак».

Для аматараў статыстыкі нагадаю, што словы «гарант» і «гарантуецца» згадваюцца ў Асноўным законе 24 разы. Чаму ж тады гарант — у асобе дзяржавы і адзінага палітыка (АП) — так неадэкватна рэагуе на любыя спробы беларусаў рэалізаваць на практыцы свае палітычныя правы?


Маленькая галава і доўгая шыя

Сам факт наяўнасці адзінага палітыка ў краіне з насельніцтвам 9,5 мільёна чалавек азначае адсутнасць палітыкі. Беларуская дзяржава пабудаваная па прынцыпу піраміды, прычым піраміды, якая стаіць на сваёй вяршыні. Такая канструкцыя даказала сваю эфектыўнасць ва ўмовах традыцыйнага сельскага грамадства, калі для падтрымання стабільнасці была патрэбная мінімальная колькасць кіраўніцкіх рашэнняў.

Так званая «беларуская мадэль» з'яўляецца амаль дакладнай копіяй савецкай мадэлі, крах якой не ў апошнюю чаргу быў звязаны з кіраўніцкім ступарам пры спробе перайсці ад індустрыяльнай да постіндустрыяльнай эканомікі. «Гэта сітуацыя дыназаўра, — тлумачыць палітолаг Мікалай Пятроў, — асуджанага да вымірання не таму, што ёсць нейкія спрытныя драпежнікі, якія перагрызаюць яму горла (у нас няма такіх драпежнікаў, няма арганізаванай палітычнай апазіцыі, і наўрад ці яна бліжэйшым часам з'явіцца), а таму, што ў яго галава занадта маленькая, цела занадта вялікае, а шыя занадта доўгая. І пакуль сігнал ідзе наверх і вяртаецца назад, праходзіць занадта шмат часу».

Але нізкай хуткасцю праходжання сігналаў праблема не абмяжоўваецца. Такога кшталту сістэмы жорстка завязаныя на першую асобу дзяржавы, якая з'яўляецца галоўным цэнтрам прыняцця рашэнняў. Гэта значыць, што кіраўнік дзяржавы (АП у нашым выпадку) перагружаны, і фізічна не ў стане аператыўна дзейнічаць па ўсіх напрамках. Акрамя таго, з-за адсутнасці права на прыняцце самастойных рашэнняў у чыноўнікаў на прамежкавых узроўнях уладнай «вертыкалі», любы штуршок звонку адразу жорстка перадаецца на самы верх.

У гэтай сувязі рэкамендую чытачам НЧ знайсці ў інтэрнэце артыкул Паўла Усава «За ўсё, што адбываецца ў краіне, адказвае асабіста Лукашэнка». Беларускі палітолаг рашуча адхіляе сам факт магчымасці спецслужбаў дэзынфармаваць АП. Па-першае, таму што адсутнічае манаполія ў пытаннях інфармавання, бо спіс «дапушчаных да цела» досыць шырокі. Па-другое, у сувязі з адсутнасцю ў сілавога блока каардынацыйнага цэнтра, што выключае магчымасць «правільна» дэзынфармаваць АП.

Пакінем за дужкамі праблему асабістай адказнасці АП (прыклады такой адказнасці аўтару невядомыя) і паспрабуем разабрацца з дапамогай азбукавых паліталагічных ісцін у справядлівасці сцвярджэнняў Паўла Усава.

Улада прамая і ўскосная

У сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя нямецкі палітолаг Карл Шміт апублікаваў невялікае сачыненне «Дыялог пра ўладу і пра доступ да валадара». Абмяжуюся адной цытатай: «Нават самы абсалютны манарх вымушаны абапірацца на паведамленні і данясенні і залежыць ад сваіх дарадцаў. Незлічонае мноства вестак і фактаў, прапаноў і здагадак навальваецца на яго дзень за днём, гадзіна за гадзінай. З гэтага бясконцага бушуючага мора праўды і хлусні, сапраўднага і верагоднага нават самы разумны і магутны чалавек можа набраць у лепшым выпадку толькі некалькі кропель».

Такім чынам, нічога асабліва беларускага ў пытаннях інфармавання АП няма. Неабмежаваная ўлада ў аўтарытарна-таталітарных сістэмах толькі для назіральніка збоку выглядае такой. Па факце ж прамая ўлада кіраўніка стварае вакол сябе прастору ўскоснай улады. Таму той, хто інфармуе кіраўніка, мае сваю частку ад нібыта маналітнай улады.

Смерць публічнай палітыкі ў Беларусі дэ-юрэ азначае яе ўваскрашэнне дэ-факта «пад дываном». Пазбаўленне насельніцтва права на адкрытае адстойванне сваіх інтарэсаў надзяляе каляўладныя групоўкі магчымасцю змагацца за свае вузкакарпаратыўныя інтарэсы, ігнаруючы пры гэтым інтарэсы насельніцтва (электарату).

Асноўная зброя ў гэтай барацьбе — запалохванне валадара. Той, хто імкнецца атрымаць сваю порцыю ўскоснай улады, павінен вынайсці пагрозу і прапанаваць праграму па яе мінімізацыі. Так нараджаюцца шматлікія праграмы бяспекі: ад харчовай да інфармацыйнай. У гэтай барацьбе сілавы блок мае натуральную перавагу ў адносінах да канкурэнтаў, бо пагроза жыццю ўладара стаіць першай у агульным спісе пагроз.

Праілюструю сказанае на прыкладзе «Плошчы» — сілавога разгону пратэстнай акцыі 19 снежня 2010 года.

У якасці пункту адліку возьмем 1 студзеня 2007 года. Новы год пачаўся для беларускай мадэлі з двухразовага павышэння цаны на газ і скончыўся двухразовым ростам знешняга доўгу. Адказ на газавы выклік улада сфармулявала восенню. Яго цэнтральны элемент — лібералізацыя эканомікі з мэтай прыцягнення знешніх інвестыцый, што, у сваю чаргу, запатрабавала перамяшчэння ў рэйтынгу спрыяльнасці ўмоў вядзення бізнесу («Doing Business») з другой сотні краін у трэці дзясятак.

Праца закіпела. Па выніках 2010 года Беларусь заняла 64-е месца ў рэйтынгу. Лібералізацыя, хай і вельмі абмежаваная, прывяла да пераацэнкі ўкладу эканамічнага і сілавога блокаў у падтрыманне стабільнасці на карысць першага.

Адказ з боку сілавікоў быў чаканы. Рэкамендую перачытаць прэс-канферэнцыю АП, якую ён даў на наступны дзень пасля «Плошчы». Выбары–2010, па яго словах, — гэта бязмежжа малойчыкаў, якія пусцілі ў ход выбухоўку. Гэта запалохванне і пагрозы чальцам участковых камісій, большасць з якіх жанчыны. Гэта спробы подкупу старшыняў камісій. Пералік страшылак можна лёгка працягнуць.

Вось такі ўзровень інфармаванасці! Цікава, з якога пальцу ён усё гэта высмактаў?

Галоўны вынік «Плошчы» — адмова ад праграмы эканамічнай лібералізацыі. Сілавікі не толькі аднавілі сваю вядучую ролю пры размеркаванні ўскоснай улады, але і забяспечылі сабе зачын на будучыню, істотна адкарэктаваўшы «карціну свету» АП. Яе цэнтральным персанажам  з гэтага часу стане ўзброены баявік, гатовы ў любую хвіліну выконваць злачынныя каманды сваіх заходніх гаспадароў.


Карцінка для адзінага гледача

Падзеі сакавіка 2017 года развіваліся ўжо паводле знаёмага нам сцэнару. Яго першы акт — запалохванне АП, у чым ён шчыра і прызнаўся: «Мяне вельмі турбуе тая інфармацыя, якую я атрымліваю». Яшчэ б! Гранаты, начыненыя «нейкім парашком»; ямы, напоўненыя да краёў зброяй, арматурай, сякерамі, нажамі... Ну як пасля такой інфармацыі ні даць каманду павыкалупваць правакатараў, як разынкі з булкі!

Павел Усаў сумняваецца ў магчымасці сілавікоў узгадняць свае дзеянні з прычыны адсутнасці каардынацыйнага цэнтра. Прызнаюся, такога кшталту сумневы мяне не наведваюць. Мяркую, што праблему каардынацыі яны выдатна вырашаюць не толькі ў межах «дзяржавы для народа», але і са сваімі калегамі па Саюзнай дзяржаве, гісторыя якой не ў апошнюю чаргу — гэта гісторыя гандлёвых «войнаў».

На працягу двух дзесяцігоддзяў пераможцам у гандлёвых «войнах» нязменна выходзіла Беларусь, і ўменне АП адстойваць нацыянальныя інтарэсы тут ні пры чым. У Крамлі справядліва лічылі, што танней прадухіліць хаос у свайго адзінага саюзніка, чым змагацца з яго наступствамі.

«Крымнаш» і спароджанае ім абвастрэнне адносін паміж Расіяй і Захадам запатрабавалі ад АП прынцыпова іншага ўзроўню палітычнай падтрымкі Крамля. Аднак напалоханы эканамічным крызісам у Расіі, ён адмовіўся складаць усе яйкі ў адзін кошык і прадэклараваў чарговую лібералізацыю.

«Свята непаслушэнства» прымусіла Крэмль шукаць дадатковыя сродкі для прымусу АП да выканання саюзніцкіх абавязацельстваў, і ў якасці такога сродку, магчыма, быў абраны кіраваны хаос. Таму не выключана, што выніковая «карцінка», якую мы назіралі 25 сакавіка, — гэта вынік сумеснай творчасці сілавікоў Саюзнай дзяржавы, і стваралася яна для адзінага гледача, і гэты глядач — АП.