Дыялог ці вертыкалізацыя
Нацыянальная канферэнцыя па наладжванні ўзаемадзеяння паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю атрымала гучны розгалас. Замест чаканых 120 удзельнікаў на яе сабралася ў два разы больш. (На здымку: Юрый Загумённаў)
Нацыянальная канферэнцыя па наладжванні ўзаемадзеяння паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю атрымала гучны розгалас. Замест чаканых 120 удзельнікаў на яе сабралася ў два разы больш.
(На здымку: Юрый Загумённаў)
Па платформах
Канферэнцыя праходзіла ў межах праекту АБСЕ “Развіццё патэнцыялу для ўзаемадзеяння грамадскіх і дзяржаўных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь. Яе падрыхтоўкай займаўся кіраўнік
“Цэнтра СКАФ Юрый Загумённаў, які з’яўляецца сябрам Грамадска-кансультатыўнай рады (ГКР) пры Адміністрацыі прэзідэнта. Адной з галоўных задач мерапрыемства ставілася
ініцыяваць стварэнне дыялогавых пляцовак (платформ) па розных сферах дзейнасці. Прапановы іх удзельнікаў, як было заяўлена, мяркуецца перадаваць у ГКР і грамадскія рады пры міністэрствах і
ведамствах. А яны ўжо, па задуме, будуць дамагацца ад дзяржаўных органаў рашэння праблем.
Да абмеркавання былі прапанаваны накірункі — бізнес, культура, адукацыя, сацыяльная абарона, жаночы рух і гендэрная роўнасць, межканфесійны дыялог, міжнароднае супрацоўніцтва ды іншыя.
Кіраўнік “Канфедэрацыі прадпрымальніцтва, сябра ГКР Уладзімір Карагін распавёў пра працу 17 дыялогавых пляцовак. Іх мадэратары агучылі тое, якія праблемы трэба вырашыць на
дзяржаўным узроўні ў гэтых сферах, а таксама якім павінен быць дыялог улады і грамадскасці. Было паведамлена, што ўдзельнікі іх пляцовак збіраюцца час ад часу сустракацца. Калі плануецца наступнае
агульнае мерапрыемства, нічога сказана не было. На гэтым канферэнцыя скончылася.
Прысутныя паставіліся да яе неадназначна. Прагучалі і рэзкія заявы пра спробу маніпуляцыі грамадскімі арганізацыямі і імітацыю дыялогу. А ідэю “платфармізацыі яе праціўнікі
расцанілі як спробу “вертыкалізацыі грамадзянскай супольнасці на вобраз і падабенства Адміністрацыі прэзідэнта. Менавіта яна, на іх думку, выступае рэальным заказчыкам
“будаўніцтва бутафорскіх платформ.
“Каб кансалідавацца, спачатку трэба раз’яднацца і вызначыцца самім, — заявіў апанентам у заключным слове Юрый Загумённаў. Наступныя сустрэчы, як ён лічыць,
неабходна праводзіць без “апазіцыі.
За шырмай
Вялікая колькасць грамадскіх арганізацый нічога не ведала, што такая канферэнцыя рыхтуецца. Прычым вельмі спешна, як паведаміла кіраўнік “Цэнтра прававой трансфармацыі Алена
Танкачова. У прыватнасці, на яе думку, гэта звязана з прыездам у Беларусь еўракамісара Штэфана Фюле. А наогул, уладзе хочацца прадэманстраваць поспехі ў лібералізацыі і дэмакратызацыі высокім
прадстаўнікам ЕС, якія зачасцілі ў Беларусь напярэдадні выбараў.
“Мы ўжо бачым вялікую колькасць прэтэнзій з боку незалежных арганізацый адносна парадку фармавання выбарчых камісій. Зразумела, там ужо сказаць, што ў нас ёсць сур’ёзныя якасныя
змяненні, дзяржаве будзе цяжка, — зазначыла Алена Танкачова. Таму, на яе погляд, было вырашана прадэманстраваць пазітыўныя зрухі ў наладжванні дыялогу з грамадзянскай супольнасцю.
“Але мы не гатовыя гаварыць пра нейкія змяненні ў адносінах паміж дзяржавай і грамадзянскім сектарам. Таму што такога змянення фактычна не адбылося, — сказала яна.
Тым не менш, як адзначае прадстаўнік “Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, многія арганізацыі ўключаюцца ў працэс стварэння платформ, бо спадзяюцца на ўзаемадзеянне і
дыялог з уладай. Пераважна гэта культурніцкія і сацыяльныя арганізацыі. Да таго ж, як паказала канферэнцыя, і бізнесмены. Прадстаўнікі грамадскасці, якія кансалідаваны вакол Нацыянальнай платформы
грамадзянскай супольнасці “Усходняга партнёрства, інакш расцэньваюць фарсіраванае будаўніцтва дыялогавых пляцовак. З іх пункту гледжання, гэта, па-першае, не інакш як маніпуляцыя і
сімуляцыя. А па-другое — спроба выціснуць “рэальныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці з працэсаў еўрапейска-беларускага супрацоўніцтва. Беларускія ўлады імкнуцца
скарэктаваць склад прадстаўніцтва грамадзянскай супольнасці на форуме “Усходняга партнёрства. І ўключыць туды сябраў Грамадска-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі
прэзідэнта.
Праблема ў тым, падкрэсліваюць прадстаўнікі трэцяга сектару, што ўладзе патрэбны не сам дыялог, а толькі яго бачнасць. “Але мы не будзем задавольвацца роляй, калі мы папросту вяшчаем у
пустату пра беды і праблемы, — падкрэсліла Алена Танкачова. — Мы хочам быць упэўнены ў тым, што да нашага голасу прыслухваюцца. Мы хочам быць упэўнены ў тым, што механізм рэалізацыі
нашых прапаноў ёсць. І дзяржава прымае на сябе адказнасць за тое, каб наша думка і наш голас былі ўлічаны і рэалізаваны. І наша задача — не даць імітаваць гэты працэс. І выступіць у ім
канструктыўным партнёрам.
Перспектывы
Дыялогу паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю на сёння няма. Гэту дамінуючую думку ўдзельнікаў групы, якая абмяркоўвала на канферэнцыі “грамадска-дзяржаўны дыялог, агучыў
Улад Вялічка, каардынатар нацыянальнай платформы “Усходняга партнёрства.
“І нават прысутнасць у нашай інфармацыйнай прасторы тых грамадска-кансультатыўных радаў, якія ёсць альбо пры міністэрствах, альбо пры Адміністрацыі прэзідэнта, гэта хутчэй форма высвятлення
пазіцый ці кансультавання дзяржавы, чым форма рэальнага дыялогу паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю, — зазначыў ён.
На яго погляд, намеры і матывацыя дзяржавы ў дыялогу пакуль не дастаткова відавочныя. З боку ўлады неабходны крокі, якія б рэальна сведчылі пра зацікаўленасць думкай грамадзянскай супольнасці. Бо
практыкуюцца рэпрэсіўныя меры ў выглядзе крымінальнага артыкула 193.1 (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), нерэгістрацыі арганізацый ці праектаў і іншае. “Многае з гэтага
вырашаецца дастаткова простымі адміністратыўнымі механізмамі, — сказаў Улад Вялічка. Захады па лібералізацыі грамадскага сектару, адзначыў ён, маглі б прадэманстраваць гатоўнасць
дзяржавы да вядзення дыялогу.
“Я, з аднаго боку, не вельмі веру, што дыялог у сённяшніх абставінах можа хутка развівацца, — мяркуе ён. — А з другога боку, я не бачу ніякіх альтэрнатыў, як можна яго
далей ігнараваць.Таму мне здаецца, што ён непазбежна будзе развівацца, але са значна меншай хуткасцю, чым нам усім гэтага б хацелася.