Арганізаванае яно было «Прагрэсіўным альянсам», палітычным інтэрнацыяналам, створаным вясной бягучага года пасля адмовы Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі плаціць унёскі ў
Сацінтэрн у памеры 100 тыс. фунтаў у год — з-за практыкі прыёму туды аўтарытарных палітычных рухаў.
У стакгольмскай сустрэчы ўзялі ўдзел дэлегаты з розных куткоў свету, ад Швейцарыі да Зімбабвэ. Што цікава, у адрозненне ад іншых краін, якія звычайна былі прадстаўлены адным дэлегатам, ад
Беларусі бралі ўдзел прадстаўнікі адразу чатырох арганізацыяў: Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», БСДП (Грамада), аргкамітэту Беларускай партыі працоўных
і аргкамітэту Беларускай жаночай партыі «Надзея».
«Цалкам натуральна, бо мы ж найбольшая краіна ў свеце», — жартавалі беларускія дэлегаты, адказваючы на здзіўленыя позіркі іншых удзельнікаў. Вядома, гэта сведчыць пра
вялікую цікавасць шведаў, гаспадароў сустрэчы, да сітуацыі ў Беларусі.
Сітуацыя ж у нашай краіне, як адзначалі беларускія дэлегаты, адрозніваецца тым, што асноўнае супрацьстаянне ідзе тут не па лініі «капітал — працоўная сіла». Капітал
знаходзіцца ў падпарадкаванай пазіцыі. Нават калі ён не належыць «прыдворным» бізнэсоўцам, злітаваным з уладай, так ці іначай кантралюецца ёй. Таму не з'яўляецца самастойным
гульцом, з якім можна весці перамовы.
Дык, можа, вось яно — рашэнне праблемы? Моцная дзяржава, якая не дае кроку ступіць хціваму капіталісту без свайго дазволу, надзейна трымае яго ў цуглях. Урэшце рэшт, хіба не актыўная
роля дзяржавы ляжыць у аснове «скандынаўскай мадэлі», якую прапагандавалі ў якасці ўзору на стакгольмскай сустрэчы? Пра арыентацыю на яе калісці казаў і Аляксандр
Лукашэнка.
Сапраўды, калі б гаворка ішла толькі пра ступень дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку і грамадскае жыццё, па гэтым паказчыку Беларусь магла б даць фору скандынаўскім краінам.
Але тут трэба задаць адно важнае пытанне — чыя гэта дзяржава? Калі ў скандынаўскіх краінах яна з'яўляецца толькі пасярэднікам паміж сацыяльнымі групамі, і падпарадкавана
грамадству, у Беларусі дзяржава прэтэндуе на цалкам самастойную ролю — гвалтоўнага дабрадзея, з пугай у адной руцэ, з пернікам у другой, які ні перад кім не нясе адказнасці і душыць усялякую
ініцыятыву. Значнай часткай грамадства, нягледзячы на «пернікі», такая дзяржава ўспрымаецца як варожая. Або проста як нешта знешняе, далёкае і чужое.
Адсюль вельмі нізкі, у параўнанні з скандынаўскімі краінамі, узровень даверу не толькі да дзяржаўных інстытутаў, але і паміж людзмі. Ён і не можа быць высокім у расколатым грамадстве,
пазбаўленым ініцыятывы. Такое грамадства не ў стане быць суб'ектам дзеяння, уплываць на працэсы ў краіне. І гэта адкрывае шлях для таго, каб дзяржава дзейнічала найперш у інтарэсах групы
людзей, якія стаяць за ёй. У тым ліку — у інтарэсах «прыдворных» бізнэсоўцаў.
Таму кансалідаваная пазіцыя беларускай дэлегацыі ў Стакгольме палягала ў тым, каб галоўнай умовай будучай «глабальнай дамовы» была дэмакратызацыя на нацыяльньным узроўні.