Еўра ў абмен на прывідную дэмакратыю
«У Бруселі еўракамісары мяняюцца, а Лукашэнка застаецца», — гэтымі словамі палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага можна ахарактарызаваць вынік візіту міністраў замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага і Германіі Гіда Вестэрвеле, якія прывезлі з сабою абяцанні фінансавай падтрымкі Беларусі наўзамен правядзення дэмакратычных выбараў, зрухаў у галіне выканання правоў чалавека, дэмакратычных свабодаў.
«У Бруселі еўракамісары мяняюцца, а Лукашэнка застаецца», — гэтымі словамі палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага можна ахарактарызаваць вынік візіту міністраў замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага і Германіі Гіда Вестэрвеле, якія прывезлі з сабою абяцанні фінансавай падтрымкі Беларусі наўзамен правядзення дэмакратычных выбараў, зрухаў у галіне выканання правоў чалавека, дэмакратычных свабодаў.
(На здымку: Міністры замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле, справа, і Польшчы Радаслаў Сікорскі. Прэс-канферэнцыя, г. Мінск, 2 лістапада 2010 года)
Дыпламатаў суправаджаў вялікі пул журналістаў з Германіі і Польшчы, відавочна, для Еўрапейскага саюза гэты візіт ладзіўся не дзеля галачкі, а як дэманстратыўная чарговая спроба навесці масты ў
адносінах з краінай па ўсходні бок мяжы Еўрапейскага саюза. Праўда, па словах кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Германіі Гіда Вестэрвеле, «мост у Еўропу трымаецца на апорах: дэмакратыі,
прававой дзяржаве, правах чалавека, а таксама свабодных і сумленных выбарах». Спадар Вестэрвеле сказаў, што Аляксандр Лукашэнка «асабіста і вельмі ясна выказаўся, што гарантуе
правядзенне свабодных і сумленных выбараў», і дадаў, што ацэньваць дзеянні палітыка будуць «не па словах, а па справах».
За гэта ЕС гатовы прадставіць тое, чаго Беларусі цяпер так не хапае, — грошы. «Беларусь ужо атрымала дапамогу ад Міжнароднага валютнага фонду ў той час, калі яго дырэктарам быў
польскі прэм’ер Марэк Белька. Сёння я прыняў палітычнае рашэнне, якое будзе мець і фінансавыя наступствы. Я адазваў сваё вета на ўдзел Беларусі ў «Паўночным вымярэнні». Па
нашых падліках, Беларусь, калі б былі праведзеныя справядлівыя выбары і яна больш цесна супрацоўнічала з Еўропай, цягам бліжэйшых гадоў атрымала б з розных крыніц каля трох мільярдаў еўра»,
— раскрыў вясёлкавыя перспектывы ў форме свабодна канвертуемай валюты Радаслаў Сікорскі. Яго калега Гіда Вестэрвеле яшчэ раз падкрэсліў, што падобнае супрацоўніцтва вядзецца «з
краінамі, якія развіваюцца па шляху дэмакратыі, свабодных і справядлівых выбараў. У Еўропу вядзе адзіны шлях — праз свабодныя выбары. Гэты пасыл мы выказалі не толькі ўраду, але і
грамадзянам», — зазначыў дыпламат.
Партнёрства ЕС «Паўночнае вымярэнне» было заснавана ў 1997 годзе па ініцыятыве Фінляндыі. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца Германія, Польшча, Швецыя, Данія, Ісландыя, Латвія,
Літва, Нарвегія, Фінляндыя, Эстонія і Расія. Ініцыятыва накіраваная на развіццё транспамежнага супрацоўніцтва краін-удзельніц, закліканая садзейнічаць пераадоленню цяжкасцяў рэгіянальнага развіцця ў
Паўночнай Еўропе. Беларусь не ўваходзіць у праграму, але з’яўляецца партнёрам па развіцці яе асобных кірункаў. Так, у лістападзе 2009 года краіна стала паўнапраўным удзельнікам праектаў
партнёрства «Паўночнае вымярэнне» па транспарце і лагістыцы.
Пасланнікі Еўрасаюза шматкроць падкрэслілі, што важная якасць выбараў, а не іх вынік, «бо вынік выбараў мусіць вырашаць беларускі народ». То бок нават калі пераможа Аляксандр
Лукашэнка, ЕС яго прызнае як легітымнага прэзідэнта. Паслядоўнасці ў палітычных рашэннях у такім разе не назіраецца.
Нельга сказаць, што дыпламаты былі ў эйфарыі пасля сустрэчы з Лукашэнкам, але прывідныя ілюзіі наконт вырашэння праблемы ўзаемаадносінаў з «апошняй дыктатурай Еўропы», відаць,
займелі. Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі са скептыцызмам глядзіць на вынікі, якіх можна чакаць ад візіту: «Думаю, яны далей будуць меркаваць, што трымаюць Лукашэнку на павадку. Гэта ў
Бруселі еўракамісары мяняюцца, а Лукашэнка застаецца. І я хацеў бы нагадаць словы самога Лукашэнкі: «Не важна, што будзе 19 снежня, важна, што будзе пасля».
Радаслаў Сікорскі і Гіда Вестэрвеле таксама сустрэліся з сямю прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта ад апазіцыі і Аляксандрам Мілінкевічам. Пасля гэтай сустрэчы Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў
прыйшлі да журналістаў, што сабраліся на выніковую прэс-канферэнцыю з дыпламатамі. Што паказвае ці на лідэраў палітычнага забегу, ці на кулуарныя дамовы пра тое, хто такімі лідэрамі будзе прызначаны.
Магчыма, канешне, астатнія кандыдаты папросту не змаглі дадумацца да такога кроку.
Лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў збольшага сустрэчай быў задаволены. «Мы не засталіся зусім адны ў гэтых варунках. Мне не здалося, што для іх пытанне
Беларусі не прыкладное, каб вырашыць праблемы з Расіяй. Па інтанацыі, па пасыле спадара Сікорскага падаецца, што ён успрымае гэта і па-чалавечы. Мы найперш прасілі забяспечыць назіранне, дапамагчы
нам данесці рэальныя вынікі — колькі людзей прыйдзе, колькі прагаласуе, хто за перамены, а хто за стабільнасць. Яны разумеюць усё, не маюць ілюзій, што гэтая аперэта пачалася і будзе
доўжыцца. І яны і мы разумеем, што ўлада непазбежна пойдзе на фальсіфікацыі, і ўся праблема ў тым, як данесці ісціну», — расказаў Някляеў пра тое, якую дапамогу апазіцыя прасіла ў
Еўропы.
Палітык Андрэй Саннікаў упэўнены, што, нягледзячы на клятвенныя абяцанні Лукашэнкі, свабодных выбараў не будзе. «Калі б выбары сапраўды мусілі быць дэмакратычнымі, то Ярмошына не
ўзначальвала б Цэнтрвыбаркам. Супраць яе ўведзеныя міжнародныя санкцыі за фальсіфікацыі, і напярэдадні выбараў яна заявіла, што з’яўляецца сябрам каманды Лукашэнкі. Значыць,
аб’ектыўнасці чакаць нельга», — падкрэсліў Саннікаў.