Экспертныя ацэнкі і лабісцкая праца
Еўрасаюз разглядае пытанне аб пашырэнні спісу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС. А «Офіс за дэмакратычную Беларусь» распаўсюджвае заяву, у якой гаворыцца аб мэтазгоднасці скараціць «чорны» спіс.
Еўрасаюз разглядае пытанне аб пашырэнні спісу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС. А «Офіс за дэмакратычную Беларусь» распаўсюджвае заяву, у якой
гаворыцца аб мэтазгоднасці скараціць «чорны» спіс.
Майя Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, каментуючы ініцыятыву перагледзець дадзены спіс неўязных, заявіла БелаПАН: «Мяч
на баку беларускіх уладаў. Яны павінны вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, і тады ЕС зможа рэагаваць адпаведна».
У заяве «Офіса за дэмакратычную Беларусь» гаворыцца: «Паколькі відавочна, што Еўрапейскі саюз не стане звяртацца да рэальных эканамічных санкцый для аказання ціску на
беларускія ўлады, шэраг беларускіх арганізацый і палітыкаў прытрымліваюцца думкі, што перагляд так званага чорнага спісу на ўезд у ЕС дазволіць паскорыць працэс вызвалення палітвязняў у
Беларусі».
Кіраўнік офіса Вольга Стужынская тлумачыла, што са спісу прапануецца выключыць рэктараў дзяржаўных ВНУ (яны маюць дачыненне да выключэння студэнтаў з палітычных матываў) — гэта мусіць
садзейнічаць рэфармаванню сістэмы беларускай вышэйшай адукацыі. Прапануецца таксама выключыць з пераліку прозвішча бізнэсмэна Уладзіміра Пефціева (яго называюць «гаманцом
Лукашэнкі»), паколькі, па словах Стужынскай, пад крытэрыі, на падставе якіх ён уключаны ў спіс, падпадаюць практычна ўсе дзяржпрадпрыемствы і любы буйны бізнэс у Беларусі, якіх таксама можна
назваць спонсарамі рэжыму. Акрамя таго, адзначыла кіраўнік офіса, у спісе неўязных «ёсць людзі, якія знаходзяцца там пяць гадоў, якія памерлі або ўжо даўно не займаюць сваіх
пасадаў», — напрыклад, былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі (шмат гадоў адпрацаваў у сістэме дзяржаўнай прапаганды), які цяпер працуе ў Расіі.
«Я не бачу за апошнія гады, як візавыя санкцыі дапамаглі нам палепшыць сітуацыю, яна толькі пагаршаецца. Я не бачу, як гэтыя санкцыі могуць дапамагчы вызваленні палітвязняў»,
— кажа Стужынская.
Скандальны дакумент аб мэтазгоднасці прымянення санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў абмяркоўваўся экспертнай супольнасцю, але не быў падпісаны, — напісаў у сваім блогу мастацкі
кіраўнік Свабоднага тэатра Мікалай Халезін, які цяпер жыве ў эміграцыі. Таксама Халезін напісаў, што ідэя перагляду санкцый у дачыненні да Беларусі з боку ЕС належыць «маладым
прагматыка», аб’яднаным вакол зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS). У ліку лабістаў, па інфармацыі Халезіна, палітолагі Юрый Чавусаў,
Дзяніс Мельянцоў і Аляксей Пікулік.
Акадэмічны дырэктар BISS Аляксей Пікулік ад гэтай інфармацыі адхрысціўся, заявіўшы, што названая ўстанова не мае дачынення да ініцыятывы перагляду спісу неўязных у ЕС чыноўнікаў.
Палітолаг Юрый Чавусаў падкрэслівае, што «запіс у блогу Халезіна не абавязкова мусіць быць праўдай». «Так, была размовы сярод экспертаў выступіць з прапановай, каб ЕС
ставіўся больш абачліва да ўключэння ў спіс неўязных персаналій. І эксперты прыйшлі да высновы, што не наша гэта справа выступаць з падобнымі калектыўнымі зваротамі, лепш сваю пазіцыю мы выкладзем у
артыкулах, што і было зроблена. Падкрэсліваю, гэты зварот не быў падпісаны і нікуды не пайшоў», — адзначае Чавусаў.
«Я б увогуле не ставіў пытанне рубам: «Вы за санкцыі ці супраць?». Санкцыі — гэта палітычная рэчаіснасць, мы можам толькі ацэньваць іх эфектыўнасць ці
неэфектыўнасць. Санкцыі — гэта персанальныя меры, і імі можна дамагчыся персанальных саступак, але давайце не будзем перабольшваць іх значнасць. Санкцыі не вядуць да сістэмных зменаў, да
ўсяго ізаляцыя вядзе да страты кантролю над сітуацыяй. Маё прыватнае меркаванне, я не бачу, за што ў гэты «чорны» спіс уключаць Шчадрыну (былая намесніца рэдактара
“Советской Белоруссии — рэд.), але я не гатовы і гаварыць, каго туды варта ўпісваць ці выкрэсліваць. Медыі змяшалі дзве ініцыятывы — экспертныя ацэнкі і лабісцкую
працу. І калі нехта хоча прадставіць гэты непадпісаны зварот як лабісцкую дзейнасць, ну што ж... Нельга шукаць у ЕС нейкіх акрэсленых груповак, што маюць розныя пазіцыі да санкцыяў, ёсць групы, якія
хочуць уплываць, а ёсць тыя, хто не цікавіцца гэтым. Так, ёсць дзве стратэгіі, але яны не ўзаемавыключальныя. Санкцыі маюць сэнс тады, калі сумяшчаюцца з перамоўным працэсам. Сумяшчэнне бізуна і
перніка, на мой погляд, — найбольш адэкватная стратэгія да беларускага рэжыму. І пернікі гэта неабавязкова славутыя мільярды МВФ, яны могуць быць не такія добрыя для рэжыму, але пазітыўныя
для беларускага грамадства, напрыклад, вырашэнне візавага пытання», — гаворыць Чавусаў.
Кіраўнік руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, які ў прынцыпе выступае за дыялог з беларускімі ўладамі, гаворыць, што візавыя санкцыі маюць сэнс. «Мяркую, што візавыя
санкцыі трэба шырока прымяняць, бо ўлада дэманструе абсалютнае ігнараванне прапановаў ЕС аб супрацоўніцтве, аб прыпыненні рэпрэсій. І канкрэтныя людзі мусяць канкрэтна адказваць. Я супраць шырокіх
эканамічных санкцый, бо яны пагаршаюць сітуацыю простых людзей і змяншаюць праеўрапейскія настроі. А візавыя патрэбныя. Як толькі перапыняцца рэпрэсіі, я думаю, што ўсе візавыя санкцыі будуць
прыпыненыя. Як гэта было тры гады таму, калі распачынаўся той першы дыялог».
Ці адчувальныя для рэжыму Лукашэнкі санкцыі? Дастаткова паглядзець пару выпускаў навінаў па беларускім тэлебачанні, каб зразумець, наколькі хваравітая рэакцыя на гэты інструмент міжнароднага ўплыву.
Да інфармацыі: Еўрапейскі саюз займае другое месца ў беларускім экспарце — 39% па выніках 2011 года. “Усё ж такі Еўрапейскі саюз — гэта наш стратэгічны партнёр з пункту
гледжання знешняга гандлю, — заяўляў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур’янаў. І візавыя абмежаванні для рэжыму як прывід эканамічных санкцый, што ў
пэўны момант можа адчувальна ўдарыць пад дых.
Хістанні асобных беларускіх апазіцыянераў за аслабленне санкцый на гэтым фоне выглядаюць незразумела. І могуць адгукнуцца зніжэннем увагі міжнароднай супольнасці да беларускіх праблем, змяншэннем
хвалі салідарнасці.