Эксперт: Лукашэнка спрабуе захаваць добрыя дачыненні з Кіевам

Беларускія ўлады ўвесь час спрабуюць трымацца палітыкі нейтралітэту ў канфлікце паміж украінскім і расейскім бакамі. У выніку палітычнага ціску з боку Расеі прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка афіцыйна прызнаў, што Крым — фактычна частка Расеі, і запэўніў сталую і нязменную вернасць гэтай краіне. 



nejtralitet.jpg

Таксама Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН, якая падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Адпаведна «бацька» пагадзіўся на ўвядзенне на тэрыторыю Беларусі дадатковых вайсковых сіл – расейскіх самалётаў. І ў той жа час Лукашэнка – галоўным чынам, з эканамічных і палітычных прычын – спрабуе захаваць добрыя дачыненні з Кіевам.

Пра гэта сведчыць шэраг выказванняў і заяў менскіх уладаў, паводле якіх беларускі бок абяцае падтрымаць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і гатовы да эканамічнай супрацы з новымі ўкраінскімі ўладамі. Даволі выразна пра гэта сведчыць сустрэча прэзідэнта Беларусі з выконваючым абавязкі прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым, якая прайшла ў атмасферы сяброўства і ўзаемаразумення.

Палітыка афіцыйнага Менска дэманструе спробы знайсці сваё месца ў новай геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне. На пачатковым этапе канфлікту Аляксандр Лукашэнка прыняў тактыку «нічога не рабіць», чакаючы, што на фоне гвалтоўных дзеянняў прэзідэнта Віктара Януковіча на Майдане яго вобраз палепшыцца. Сведчаннем гэтага стала заява з боку Менска пра неабходнасць адлігі ў стасунках з Захадам. Аднак гэтыя планы былі скрэсленыя ў звязку з бесперапынным абвастрэннем сітуацыі ва Украіне і больш агрэсіўнай і жорсткай палітыкай Крамля. Павелічэнне ціску на афіцыйны Менск у рэшце рэшт змусіла прэзідэнта Беларусі да абсалютнай лаяльнасці і значных жэстаў падтрымкі Уладзіміра Пуціна. Прычына такіх паводзінаў беларускага боку – высокая ступень палітычнай і эканамічнай залежнасці ад Масквы, а таксама дрэнная эканамічная сітуацыі ў Беларусі.

Стаўленне ўладаў Менска чарговы раз пацвярджае, што Беларусь не мае магчымасці весці ўласную незалежную і эфектыўную палітыку на міжнародным узроўні.

Тым не менш, Беларусь незалежна ад таго, як будуць развівацца падзеі далей, па-ранейшаму вымушана падтрымліваць сяброўскія дачыненні з Украінай. І ў першую чаргу гэта абумоўлена эканамічнымі прычынамі, бо Кіеў з'яўляецца другім пасля Расеі значным гандлёвым партнёрам для Беларусі.

Гандлёвы баланс паміж гэтымі краінамі ў 2013 годзе склаў 6,25 мільярда даляраў, з якіх 2,15 мільярда – станоўчае сальда на карысць беларускага экспарту. Гэта вельмі важна, асабліва калі браць пад увагу пастаянны недахоп замежнай валюты ў Беларусі.

Істотнай з’яўляецца таксама структура беларускага экспарту, асноўную частку якой займаюць нафтапрадукты (70%), угнаенні і прадукты цяжкай прамысловасці, са збытам якіх Беларусь мае праблемы. Таму вельмі важна падтрымліваць добрыя стасункі з вялікім і ўплывовым суседам, бо гэта дазваляе, па меншай меры, часткова паслабіць эканамічную залежнасць Беларусі ад Расеі.

Вынікам падзей на Майдане будзе імкненне Аляксандра Лукашэнкі да далейшага ўмацавання ўнутранага кантролю і ціску на беларускае прадэмакратычнае асяроддзе, каб толькі прадухіліць любыя грамадскія пратэсты, асабліва напярэдадні чрговых прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў наступным годзе.

www.racyja.com