Еўразвяз упершыню ўхваліў «дарожную карту» супрацы з беларускай грамадзянскай супольнасцю

Кіраўнікі місій Еўразвязу ў Беларусі 11 верасня прынялі «Дарожную карту супрацы з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі на 2018–2020 гады», паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Еўрапейскую службу вонкавых сувязяў.

q3c32sfa5qc1.jpg

Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі тым часам адзначае, што брала ўдзел у абмеркаванні праекта дакументу на стадыі распрацоўкі — і што ў «дарожнай карце» ўлічаныя некаторыя заўвагі і прапановы Асамблеі НДА.
«Дарожная карта» прадугледжвае як фінансавую падтрымку розных ініцыятыў і праграм, так і палітычныя перамовы і адукацыйныя захады.
Сярод беларускіх праблем, на развязанне якіх накіраваныя праграмы «дарожнай карты», пералічваюцца:
- праблемы з правамі чалавека (згадваецца беларускі дзяржаўны план выканання правоў чалавека),
- кепскае асяроддзе для развіцця грамадзянскай супольнасці і малы памер актыўнай грамадзянскай супольнасці,
- моцная цэнтралізаванасць улады і слабое ўцягненне грамадзян у прыняцце рашэнняў,
- брак бюджэтных рэсурсаў на праекты ў энергаэфектыўнасці, ахове навакольнага асяроддзя і барацьбе са зменай клімату,
- слабое інфармаванне беларусаў пра еўрапейскія каштоўнасці і іншае.
Як расказаў Свабодзе юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў, такая «дарожная карта» — звычайная справа ў супрацы Еўразявязу з краінамі Усходняга партнёрства, але адносна Беларусі падобны дакумент прыняты ўпершыню.
«Рэч у тым, што Беларусі з Еўразвязам бракуе рамкавых дакументаў: шмат у чым стратэгія ўзаемадзеяння суб’ектаў грунтуецца на сітуацыйных пагадненнях, — разважае Чавусаў. — Напрыклад, калі адбываецца нейкая лібералізацыя, як з пачаткам вайны ва Украіне, адкрываюцца магчымасці і з'яўляецца жаданне супрацоўнічаць. А карты, у якіх кірунках супрацоўнічаць, няма. Такім чынам, супраца ў значнай ступені залежала ад кулуарных пагадненняў, сітуацыйных дамоўленасцей між дэлегацыяй Еўракамісіі і асобнымі міністэрствамі. Гэта робіць непрагназавальным развіццё падзей — што зручна некаторым суб’ектам, але нязручна грамадзянскай супольнасці агулам».
Як адзначае Чавусаў, «дарожная карта» не толькі акрэсліла прыярытэты кірункаў супрацы (і не толькі з няўрадавымі арганізацыямі, але часам і з уладамі), а таксама вызначыла індыкатары, паводле якіх можна меркаваць пра паспяховасць супрацы.
Напрыклад, як ідзе супраца ў сферах свабоды слова, свабоды асацыяцый і свабоды мірных сходаў, будуць меркаваць у тым ліку па базах затрыманых і аштрафаваных, якія складае праваабарончы цэнтр «Вясна». Адным з індыкатараў будзе колькасць затрыманняў і штрафаў за журналісцкую дзейнасць.
Радыё Свабода