«Егоза» — як сімвал адкрытасці беларускай міліцыі?
З дзяцінства калючы дрот асацыюецца з чымсці жахлівым: забаронамі, небяспекай і болем. У Беларусі выкарыстанне «калючкі», як яе называюць у народзе, — даволі частая з’ява. Яе можна ўбачыць вакол завода, турмы і міліцыі, ці, як тлумачаць улады, на рэжымных аб’ектах. Але падставы для яе выкарыстання аніяк не прадугледжаныя беларускім заканадаўствам.
Увогуле, першапачаткова калючы дрот выкарыстоўвалі для агароджы хатняй жывёлы, абараняючы яе ад нападаў дзікай жывёлы. Але неўзабаве “калючка” стала ўжывацца і супраць людзей. Калючую стужку пачалі выкарыстоўваць для агароджы зямельных участкаў, прадпрыемстваў і іншых тэрыторый, якія трэба было абараніць ад уварвання старонніх.
З цягам часу віток калючага дроту стаў сімвалам абмежавання волі і турэмнага зняволення.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” задаўся пытаннем: як суадносяцца словы "міліцыя" і “калючка”? Для ілюстрацыі прыводзім фотаздымкі сталічных РУУСаў, абнесеных калючым дротам.
Калі кіравацца логікай стваральнікаў “калючкі”, яна ўсталёўваецца з мэтай цяжкасці пераадолення мяжы пры пранікненні парушальніка на аб'ект, які ахоўваецца. То бок міліцыя абараняецца ад пагрозаў звонку? Не хочацца нават дапускаць думак, што грамадства, у прыватнасці, беларускае, успрымаецца супрацоўнікамі міліцыі як патэнцыяльны злачынца.
Ці гэтая мера накіравана на тое, каб не дапусціць пранікнення старонніх людзей? У такім выпадку, што хавае беларуская міліцыя? Чаму ў такім разе не абнесены калючым дротам будынак Міністэрства унутраных справаў у цэнтры Мінску для падтрымання, так бы мовіць, адзінага стылю?
У Законе “Аб органах унутраных справаў” прама сказана, што міліцыя закліканая абараняць жыццё, здароўе, гонар, годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, правы і законныя інтарэсы арганізацый, інтарэсы грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў.
Чытаючы гэты шэраг абараняемых правоў і свабодаў, можна дапусціць, што міліцыя ў Беларусі сапраўды існуе для Чалавека, як абслуговы орган. Але калі звярнуцца да такіх простых рэчаў, як вонкавы выгляд будынкаў міліцыі, то ўсе палажэнні закона адразу ставяцца пад сумнеў.
Беларуская міліцыя выкарыстоўвае не простую “калючку”, а найбольш небяспечны яе від - “Егозу”. Асаблівасць яе ў тым, што чым больш актыўна чалавек, які патрапіў туды, спрабуе вызваліцца, тым больш віткоў дроту на яго намотваецца. Самастойна выбрацца з такой пасткі без інструментаў ды яшчэ і ў начны час практычна немагчыма. Адзінае, што можна параіць чалавеку, які трапіў у такое "хітраспляценне", — паспрабаваць заставацца нерухомым. Кожны рух - новы глыбокі парэз на вопратцы, скуры.
Калі адкрыць Закон “Аб органах унутраных справаў”, то можна вылучыць шмат цікавых рэчаў, якія не заўсёды кладуцца ў плоскаць рэчаіснасці. Напрыклад, у артыкуле 4 сказана, што адным з прынцыпаў дзейнасці органаў унутраных справаў — прынцып гуманізма. Выкарыстанне ў густанаселеных раёнах горада калючага дрота, які можа парэзаць чалавека на кавалкі, — гэта і ёсць чалавекалюбства ў міліцэйскім разуменні?
Таксама ў законе гаворыцца, што “дзейнасць органаў унутраных справаў з'яўляецца галоснай, адкрытай для грамадзян і сродкаў масавай інфармацыі ў той меры, у якой гэта не супярэчыць патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб абароне дзяржаўных сакрэтаў і іншай ахоўваемай законам тайны”. І зноў мы бачым вельмі дзіўную інтэрпрэтацыю закона. На практыцы маем гэткую “адкрытасць і галоснасць" з калючым дротам.
Нават Закон “Аб ОУС” не даў адказ на пытанне, на якіх падставах міліцыя выкарыстоўвае калючы дрот. Не прапісана і вострая неабходнасць ужывання “Егозы” паблізу дзіцячых пляцовак і навучальных установаў, напрыклад.
Дзеці глядзяць на ўсе гэтыя небяспечныя хітраспляценні, якія могуць прычыніць боль чалавеку ці нават смерць. Вядома, што дзіцячая свядомасць гэта ўспрымае літаральна, і адкладае ў сваёй галаве. Для іх такія несуразмерныя абмежаванні свабоды з дзяцінства — гэта нармальная з’ява. Таму карціна “дзеці пад калючым дротам” — гэта ніякая не антыўтопія, гэта беларуская рэчаіснасць.
Людзі, каб звярнуцца ў міліцыю па дапамогу і па абарону сваіх правоў і свабодаў, вымушаны праходзіць пад калючым дротам. Складваецца ўражанне аб паралельным існаванні дзвюх сусветаў, якія падзелены “калючкай”. Адразу адчуваецца нейкае іх супрацьстаянне. Але ж па сутнасці, міліцэйскія ўчасткі — гэта не нейкія спецсакрэтныя аб’екты, гэта грамадскія ўстановы, якія служаць для чалавека. Пры гэтым, калі заходзіш на тэрыторыю міліцыі, абгароджаную дротам, неўсвядомлена адчуваеш сябе нейкім правапарушальнікам. Адчуванне, што такім чынам дамагаюцца максімальнага эфекту па прыніжэнню чалавечай годнасці ў Беларусі.
Калі праходзіш побач з паліцэйскім ўчасткам у Літве ці Грузіі, напрыклад, то ўзнікае пачуццё абароненасці і даверу. Калі праходзіш міма ўсіх гэтых скруткаў дратоў у Беларусі, то ўзнікае шмат пачуццяў, але дакладна не давер. Няма ўражання, што міліцыя абараняе такім чынам чалавека, яго правы і свабоды. Ды нават ужыванне ў адным сказе словаў “свабода” і “калючы дрот” выглядае нейкім здзекам!
Дык якая мэта выкарыстання міліцыяй у сваёй “адкрытай дзейнасці” Егозы? Думка аб гэтай сітуацыі толькі адна: нагняценне абстаноўкі. Калючы дрот, зазвычай, суправаджаюцца некалькімі камерамі відэаназірання па перыметры. Big brother is watching you! Складваецца ўражанне, што ў Беларусі ўсюды калючы дрот, які табе нібы гаворыць “забаронена!” А што дакладна забаронена, гэта ўжо другаснае.
Паводле spring96.org