Флегматычны выбар
Перад ад’ездам на выбары ва Украіну ў думках раз-пораз паўставалі вобразы палітычнай драмы мінулай кампаніі — усеагульная заангажаванасць, прыхільнасць да таго ці іншага
кандыдата, вулічныя спрэчкі, мітынгі, аранжавая ці сіняя атрыбутыка на ўсіх і ўсім, ад мінакоў-манахаў да прысадаў уздоўж дарог.
За два дні да выбараў Львоў сустрэў спакоем і сваім будзённым жыццём, якое ніяк не парушалі рэдкія плакаты з выявамі кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду ды надпісам: «Вони
однакові».
Перад ад’ездам на выбары ва Украіну ў думках раз-пораз паўставалі вобразы палітычнай драмы мінулай кампаніі — усеагульная заангажаванасць, прыхільнасць да таго ці іншага
кандыдата, вулічныя спрэчкі, мітынгі, аранжавая ці сіняя атрыбутыка на ўсіх і ўсім, ад мінакоў-манахаў да прысадаў уздоўж дарог.
За два дні да выбараў Львоў сустрэў спакоем і сваім будзённым жыццём, якое ніяк не парушалі рэдкія плакаты з выявамі кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду ды надпісам: «Вони
однакові».
Ні мітынгаў, ні сцягоў, ні палымяных прамоў. На адной з цэнтральных плошчаў Львова самотна стаялі два намёты. У адным, па задуме, мусілі агітаваць за Юлію Цімашэнка, але ахвочых заангажавацца побач
не назіралася. У другім раздавалі газету нацыяналістычнай «Украінскай партыі» з артыкулам пра «апошні мужны ўчынак прэзідэнта» — ушанаванне Сцяпана
Бандэры Героем Украіны. Дарэчы, плакаты на гэту тэму з тэзісам: «Нарэшце гэта адбылося» трапляліся на вочы ці не часцей за агітпрадукцыю Цімашэнка і Януковіча.
Абразы на кабінках
У нядзелю з раніцы на выбарчых участках невялікага мястэчка Гарадок пад Львовам было нялюдна. «Нічога, хутка людзі, моладзь пойдуць з царквы, то будзе больш народу», —
тлумачыў сябра выбарчай камісіі, былы вайсковец і прадстаўнік Партыі рэгіёнаў Алег Вендзібура. Уніяцкая Львоўшчына надзвычай набожная — да царквы ходзяць не толькі старэйшыя, але і моладзь.
Фактычна на кожным выбарчым участку мястэчка на бачным месцы вісеў абраз. На адным участку выяву святога змясцілі на кабінкі для галасавання, відаць, у спадзяванні, што Бог дапаможа зрабіць украінцам
няпросты выбар паміж двума палітыкамі, бо вялікай розніцы яны ў кандыдатах не бачаць: «Выбіраем з двух аднолькава кепскіх».
У Гарадку раней месцілася ваенная частка, і былыя вайскоўцы трапляліся ў некалькіх выбарчых камісіях. Усе наракалі на адсутнасць працы ды парадку. «А я прывык, каб строга было, дысцыпліна
— гаворыць Алег Вендзібур. — У першым туры галасаваў за Яцэнюка. Харошы мужык, але малады. Можа, яшчэ падрасце».
Па выніках другога туру Львоўшчына аддала больш за 90 працэнтаў галасоў за Юлію Цімашэнка. У першым на многіх участках Віктар Юшчанка і Юлія Цімашэнка ішлі побач, вынікі адрозніваліся літаральна ў
некалькі галасоў. Пакуль яшчэ дзейснага кіраўніка Украіны тут падтрымліваюць, хаця і гавораць пра разбітыя ідэалы і спадзяванні.
Каб так лёгка было жыць
І праўда, па абедзе людзей на ўчастках пабольшала. Але на агульную абыякава-спакойную атмасферу электаральнага працэсу гэта не ўплывала. Людзі бралі бюлетэнь, кідалі яго ў празрыстую скрынку і
сыходзілі. Ні традыцыйных для Беларусі буфетаў, ні адчування свята. Найбольш адказнае, як і ў Беларусі, — старэйшае пакаленне. Толькі ўкраінцы вераць, што будучыня залежыць ад іх голасу.
«Каб так лёгка было жыць, як галасаваць», — рэзюмавала кабета, апускаючы свой бюлетэнь у скрынку. Пажылыя прыходзілі ў суправаджэнні сяброў ці сваякоў. Хто не можа дайсці
да ўчастку самастойна, прасілі, каб да іх прыехалі дадому.
Працэс галасавання адкрыты і празрысты. Камісіі сфарміраваныя з прадстаўнікоў ад Юліі Цімашэнка і Віктара Януковіча. Ад іх жа і назіральнікі на кожным участку. Гаварылі, што і ў камісіях і сярод
назіральнікаў многа беспрацоўных. Для людзей выбары — шанец зарабіць за дзень блізу 80 долараў. Перад выездам на ўчасткі папярэджвалі, што ад назіральнікаў можна даведацца пра прэтэнзіі да
арганізацыі працэсу галасавання, інфармацыю з «перчыкам» пачуць. Але насамрэч з абодвух бакоў людзі былі стрыманымі і ветлівымі, брудам нікога не палівалі, істотных парушэнняў не
адзначалі.
У любы момант назіральнікі могуць даведацца ў старшыні камісіі, колькі людзей ужо прагаласавала, колькі было заяў прагаласаваць дома. На адным з участкаў старшыня камісіі звярнулася да назіральнікаў
і сябраў камісіі з просьбай дазволіць мужчыну, які кепска бачыць, зайсці ў кабінку ў суправаджэнні жонкі. На другім дэманстратыўна разварочвалі тых, хто паблытаў, на якім участку мусіць аддаць свой
голас за новага кіраўніка дзяржавы. Прынеслі скрынку з выязнога галасавання. «Былі заяўленыя да галасавання 21 асоба, — гучна абвяшчае старшыня камісіі. — 20 прагаласавала,
адзін памёр». На выездзе з участка нам трапляецца на вочы пахавальнае шэсце. Такі тэатр жыцця.
Бацька — пахан
Беларусь ва ўяўленні стомленых ад палітычных сварак украінцаў паўстае ледзь не эдэмам зямным. Тут і парадак, і праца, і заробкі ў некалькі тысяч долараў, і машыны з Еўропы без мыта. «Гарны ў
вас прэзідэнт, дый краіна добрая», — такімі словамі сустракалі ледзь не на кожным выбарчым участку. Украінцы мараць пра матэрыяльны дабрабыт ды новыя працоўныя месцы і думаюць, што
гэта можа прынесці толькі кіраўнік з моцнай уладнай рукой. «За Юлю галасаваць не буду, — тлумачыць старшыня выбарчай камісіі спадарыня Пілат. — Ведаю ж, пра што жанчына
думае: пра футра новае, залацішка, мужа багатага. А мужык па сталу кулаком ляснуў — і парадак у хаце».
Малады беспрацоўны доктар, што мае сям’ю з двума дзецьмі, з запалам гаворыць: «Лукашэнка — пахан! Яго ўсе баяцца, я б за такога адразу прагаласаваў». Пытаемся, за
што сям’ю ўтрымлівае, дык гавораць, што маці ў яго на заробках у Еўропе, дасылае грошы. Увогуле, з Заходняй Украіны многа людзей з’язджае на працу ў Італію, Іспанію, Аўстрыю.
Пераважна са старэйшага пакалення, бо праца тая некваліфікаваная, і моладзь не надта хоча даглядаць састарэлых еўрапейцаў ці мыць посуд у кавярнях. Настаўнікі наракаюць, што бабулі ды дзядулі не
спраўляюцца з выхаваннем пакінутых на іх рукі дзяцей. Але іншага выйсця няма, бо працу ў Гарадку знайсці цяжка.
Дырэктарка школы, дзе арганізаваны выбарчы ўчастак, з адабрэннем гаворыць пра Беларусь, але як толькі чуе пра нашу кантрактную сістэму для настаўнікаў ды яе наступствы, з абурэннем выгуквае:
«Бач што прыдумалі! І слова не пікнеш цяпер». Настаўнік гісторыі з гэтай жа школы, разважаючы пра палітычную сістэму Беларусі, правёў паралель, што і Гітлер з Мусаліні некалі
таксама пачыналі з эканамічнага ўздыму, але скончылася гэта нядобра.
Пасля закрыцця ўчасткаў ужо ў львоўскай кавярні падумала, што беларусам вынікі выбараў больш цікавыя, чым самім украінцам. Мясцовыя спакойна пацягвалі піва-гарбату, не надта зважаючы на апошнія
звесткі ЦВК, што трансляваліся па тэлебачанню. Выбар зроблены. Ці будзе за яго сорамна ўкраінцам, пабачым праз пяць гадоў.