Азбука паліталогіі: Атамнае супрацьстаянне і галоўная выснова адкрытага ўрока

«Калі аплёўваеш тыя ці іншыя старонкі гісторыі, тых ці іншых людзей, трэба быць вельмі асцярожнымі». Такая галоўная выснова адкрытага ўрока «Гістарычная памяць — дарога ў будучыню», які адбыўся 1 верасня ў Палацы Незалежнасці.

Фота svoboda.org

Фота svoboda.org

Паспрабую праілюстраваць яго на канкрэтным прыкладзе: «Ядзерная зброя, якой я ўвогуле не прымаю, ненавіджу, але якая — зброя стрымлівання. Нас бы даўно перамалолі і растапталі, калі б не баяліся адказу ядзернай зброі. А гэта Сталін і Берыя».
Дзякуй, вялікі дзякуй таварышу Сталіну і таварышу Берыі за маё шчаслівае дзяцінства, за шчаслівае дзяцінства маіх дзяцей, унукаў. І яшчэ дзякуй Google за магчымасць, не ўстаючы з канапы, разабрацца з гісторыяй ядзернага стрымлівання.
Выпрабаванне першай атамнай бомбы, зробленай у рамках Манхэтэнскага праекта, амерыканцы правялі 16 чэрвеня 1945 года, а Савецкі Саюз — 29 жніўня 1949 года. Такім чынам, на працягу чатырох гадоў ні аб якім стрымліванні не магло быць і гаворкі. Але гэта ў тэорыі. На практыцы дату пачатку эпохі стрымлівання варта перанесці на 21 жніўня 1957 года — у гэты дзень з касмадрома Байканур была паспяхова запушчаная першая ў свеце міжкантынентальная балістычная ракета Р-7.
З'яўленне ў СССР атамнай бомбы мала што змяніла ў савецка-амерыканскім атамным супрацьстаянні.
Патрэбныя былі сродкі дастаўкі. Амерыканцы, якія атачылі СССР ваеннымі базамі, з дапамогай бамбавікоў маглі дацягнуцца да большасці стратэгічных аб'ектаў на тэрыторыі свайго праціўніка. У СССР да з'яўлення міжкантынентальных балістычных ракет такой магчымасці не было.
Зразумела, што ад першага паспяховага выпрабавання ракеты Р-7 да стварэння рэальнага ядзернага шчыта спатрэбілася некалькі гадоў, таму я не зграшу супраць ісціны, калі павялічу тэрмін манаполіі амерыканцаў на атамную зброю мінімум да 15 гадоў.
І што ў выніку? У выніку мы маем пытанне: за якіх ідыётаў варта прымаць амерыканцаў, якія палец аб палец не ўдарылі ва ўмовах манаполіі, каб перамалоць і растаптаць СССР, але цяпер выношваюць падобныя планы ва ўмовах атамнага парытэту?

Суверэнітэт і незалежнасць — гэта святое

Адважуся сцвярджаць, што праблема не ва ўзроўні кагнітыўнага развіцця амерыканцаў, таму для пошуку крыніцы праблемы перасякаць Атлантычны акіян не спатрэбіцца. Гэта крыніца побач, і дапаможа яе адшукаць Уладзімір Салаўёў. Аднак не палохайцеся, размова не пра сучаснага спецыяліста па вытворчасці «салаўінага памёту», а пра рэлігійнага мысляра і філосафа Уладзіміра Салаўёва (1853–1900).
У адным з тэкстаў філосафа ад 1892 года аб рускім народзе-баганосцы чытаем: «Абыякавы да сваёй сапраўднай карысці і сапраўднай шкоды, ён уяўляе неіснуючыя небяспекі і засноўвае на іх самыя недарэчныя здагадкі. Яму здаецца, што ўсе суседзі яго крыўдзяць, недастаткова схіляюцца перад яго веліччу і ўсяляк супраць яго зламыснічаюць. Усялякага, і нават сваіх сямейнікаў, ён абвінавачвае ў імкненні яму нашкодзіць, аддзяліцца ад яго і перайсці да ворагаў — а ворагамі сваімі ён лічыць усіх суседзяў. І вось, замест таго, каб жыць сваёй сумленнай працай на карысць сабе і блізкім, ён гатовы змарнаваць усе свае грошы і час на барацьбу супраць уяўных падкопаў. Уяўляючы, што суседзі хочуць яму нашкодзіць, падкапаць яго дом і нават напасці на яго ўзброенай рукою».
Наколькі напісанае пра рускі народ 130 гадоў таму можна перанесці на беларускі народ — меркаваць не мне. Але тым, хто прысвоіў сабе права гаварыць ад імя народа, тлумачыць унутраныя праблемы наяўнасцю знешніх пагроз уласціва на 120%. Што яны рэгулярна і дэманструюць.
Звышпапулярныя ў нас і размовы пра святасць суверэнітэту і незалежнасці. Здавалася б, тэмы для дыскусій тут няма. Усё так. Аднак калі наша ўнутранае жыццё залежыць ад знешніх падзей, то шанцаў на захаванне святынь няшмат. Ці ўсведамляюць гэта тыя, хто пастаянна публічна разважае пра знешнія пагрозы?

За прыкладамі далёка хадзіць не спатрэбіцца

Зноў працытую філосафа Уладзіміра Салаўёва: «Усім гэтым я хацеў сказаць на адрас некаторай часткі нашага друку, што і цэлыя народы, якія гінуць ад ілжывых думак і няправільнага жыцця, адной аграноміяй і эканоміяй, без унутранай праўды, выратаваны быць не могуць...»
Прыклад са Сталіным і Берыем наглядна ілюструе схільнасць архітэктараў Беларускай мадэлі падтрымліваць стабільнасць у краіне за кошт аграноміі і эканоміі на шкоду ўнутранай праўдзе.
Здавалася б, што перашкаджала штатным спічрайтэрам скарыстацца дапамогай Google, перш чым упісваць у даклад развагі пра страхі амерыканцаў перад зброяй стрымлівання? Але за тры няпоўныя дзесяцігоддзі звычка казаць праўду і толькі праўду ў спічрайтэраў так і не выпрацавалася. Уся справа ў тым, што бескантрольная з боку грамадства ўлада попыту на такога кшталту звычку не прад'яўляе.

«Цвёрдасць пазіцыі, якую не можа змяніць нават усведамленне таго, што бітва прайграецца, — характэрная прыкмета кіруючай меншасці грамадства, якое распадаецца», —

казаў гісторык Арнольд Тойнбі.


Гісторыя ведае мноства прыкладаў гібелі не толькі «цэлых народаў», але і цывілізацый па прычыне няздольнасці кіруючай меншасці знаходзіць адэкватныя адказы на знешнія і ўнутраныя выклікі. А выклікі, якія засталіся без адказу, згодна з класікам цывілізацыйнага аналізу Арнольдам Тойнбі, узнікаюць зноў і зноў.

Абмяжуюся адной цытатай з класіка: «Цвёрдасць пазіцыі, якую не можа змяніць нават усведамленне таго, што бітва прайграецца, — характэрная прыкмета кіруючай меншасці грамадства, якое распадаецца. Кантраст з рухомасцю і шматграннасцю творчых меншасцяў у грамадствах, якія развіваюцца, ашаламляльны».
На жаль, за прыкладамі далёка хадзіць не спатрэбіцца. І ва ўмовах росту эканомікі ў «нулявыя» гады, і ў «дзясятыя» пры сімвалічным росце ў 0,9% нас вялі правільным курсам. Усё ідзе да таго, што ў «дваццатыя» беларуская мадэль увойдзе ў стадыю адмоўнага росту, але на карэкціроўку курсу такая дробязь не паўплывае. Свой рэсурс пошуку адказаў на выклікі кіруючая меншасць, мяркуючы па ўсім, вычарпала.