Генпракуратура не можа знайсці ўправу на ЦВК
Генеральная пракуратура Беларусі адмовілася ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю ЦВК.
Дзевяць назіральнікаў, якія падавалі ў 2015 годзе ў перыяд выбараў прэзідэнта скаргі ў Маскоўскую раённую камісію па выбарах, звярнуліся ў красавіку 2016 года ў Цэнтральную камісію з просьбай прадаставіць інфармацыю, ці былі іх скаргі разгледжаны гэтай камісіяй калегіяльна. У грамадзян ўзнікла падазрэнне, што іх скаргі камісіяй калегіяльна не разглядаліся.
Падставай для сумненняў з'явіўся адказ Цэнтральнай камісіі каардынатара «Руху «За Свабоду» па Брэсце Дзянісу Турчаняку, які таксама быў назіральнікам падчас выбараў. Лідзія Ярмошына паведаміла Турчаняку, што яго заява не была разгледжана калегіяльна Маскоўскай раённай камісіяй, а адказ быў дадзены старшынёй камісіі Галінай Янголенкай.
Дзевяць назіральнікаў пажадалі даведацца, кім жа былі разгледжаны іх скаргі. Аднак Лідзія Ярмошына адмовілася даць гэтую інфармацыю. Яна падала ў адказе, што Цэнтральная камісія не валодае такой інфармацыяй. Гэта значыць, фактычна паведаміла аб сваёй некампетэнтнасці ў адказе на калектыўны зварот. Разам з тым, правесці праверку і даць адказ па сутнасці Ярмошына не пажадала.
«Для мяне відавочна, што ўсе дзевяць скаргаў назіральнікаў спасцігла такая ж доля, як і маю, — іх камісія калегіяльна не разглядзела. Але Ярмошына адмаўляецца гэта пацвердзіць, каб не выставіць Маскоўскую раённую ў Брэсце камісію ў дурным святле. Інакш апынецца, што яна пацвердзіць бяздзейнасць камісіі, якая фактычна калегіяльна не разгледзела ні адной скаргі назіральнікаў», — тлумачыць Дзяніс Турчаняк.
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін з'яўляецца адным з дзевяці назіральнікаў, якія спрабуюць высветліць абставіны разгляду сваіх скаргаў. Ён не пагадзіўся з адказам Лідзіі Ярмошынай і падаў скаргу ў Генеральную пракуратуру, бо угледзеў у адказе парушэнне ч. 3 арт. 10 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў". Праваабаронца лічыць, што ў парушэнне патрабаванняў заканадаўства калектыўны зварот не быў накіраваны Цэнтральнай камісіяй для разгляду ў арганізацыі, якія маюць кампетэнцыю адказаць на пастаўленае пытанне.
У скарзе на адказ Лідзіі Ярмошынай Вялічкін прасіў Генеральную пракуратуру даць указанні Цэнтральнай камісіі выправіць дапушчаныя парушэнні шляхам накіравання калектыўнага звароту дзевяці назіральнікаў для разгляду ў кампетэнтныя арганізацыі, якія змогуць даць патрэбную ў звароце інфармацыю. Таксама ён прасіў прызнаць дзеянні Цэнтральнай камісіі парушаючымі частку 3 артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў".
Адказ Генеральнай пракуратуры, аб якім стала вядома 10 ліпеня, мякка кажучы, збянтэжыў. «Заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь Генеральнай пракуратуры не дэлегаваныя правы на ажыццяўленне нагляду за выкананнем заканадаўства ў дзейнасці Цэнтральнай камісіі», — сказана ў адказе.
Ці варта гэта разумець, што на ведамства Лідзіі Ярмошынай няма ніякай управы?
рух.by