Таццяна Севярынец: Пікеты патрэбныя, каб выціскаць страх з сэрцаў

У Віцебску праходзяць пікеты ў падтрымку прамоўцаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Таццяны Севярынец і Алены Шабуні, якія вылучаюцца, адпаведна, па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 і Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19.

Фота bchd.info

Фота bchd.info


Пікеты праходзяць на акругах, дзе апошнія гады актыўны працавалі актывісткі, таму іх тут добра ведаюць і памятаюць.


Разам з тым, адзначае каардынатар аргкамітэту БХД па Віцебскай вобласці, для некаторых жыхароў мікрараёну Білева стала адкрыццём тое, што бел-чырвона-белы сцяг — гэта нацыянальны беларускі сцяг, што зараз з ім можна бесперашкодна стаяць у пікеце, і што такое ўвогуле пікет.


“У Білева няма аніякіх месцаў адпачынку, і на выходных і ўвечары ўсе сядзяць па дамах, нехта наважваецца ехаць у цэнтр. Мінакі рэдкія, бягуць у краму ці ў адваротным накірунку з поўнымі пакетамі, спяшаючыся праскочыць паміж дажджамі. Цікаўных няшмат. Заклікаем, запрашаем да стэнду, просім падтрымаць. Узгадваюць, пазнаюць, падпісваюцца, цікавяцца, калі ж нарэшце тут з’явяцца паліклініка, дзіцячы сад, школа”, — распавяла ў каментары прэс-службе БХД Таццяна Севярынец.


Паводле яе, у Віцебску нашмат эфектыўней за пікеты кампанія “ад дзвярэй да дзвярэй”, тым больш што “страх прылюдна падтрымаць апазіцыйнага прэтэндэнта яшчэ непераадольны”. Але ж рабіць пікеты трэба, каб выціскаць страх з сэрцаў віцеблян, упэўненая каардынатар БХД.




bchd.info