На 114 ініцыятыўных групаў па Мінску толькі 107 кандыдатаў?
Па агульных звестках ЦВК усяго ў акруговыя камісія было пададзена 139 заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку кандыдатаў у дэпутаты па г. Мінску.
З іх 25 было адмоўлена ў рэгістрацыі, а 114 групаў было зарэгістравана.
Аднак, у спісе са звесткамі патэнцыйных кандыдатаў значыцца толькі 107 прозвішчаў. З якіх, 5 чалавек займаюць пасаду дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання, 24 дырэктары розных арганізацый і прадпрыемстваў, 17 намеснікаў дырэктараў, 10 індывідуальных прадпрымальнікаў, 7 часова беспрацоўных, 5 пенсіянераў. Па гендернай прыкмеце пераважную большасць складаюць мужчыны — 79 супраць 28.
Са спісу вынікае, што 58 чалавек — беспартыйныя, а ў агульных звестках ЦВК значыцца 64 такіх чалавекі. Апазіцыя прадстаўлена 23 прадстаўнікамі, з якіх 10 ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сем вылучэнцаў Партыі БНФ, чатыры чалавекі ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, па аднаму — ад Беларускай партыі “Зялёныя” і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Самыя маладыя, 23-гадовыя Смалякоў Артур ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” і Рэут Дзмітрый ад Камуністычнай партыі. Самы сталы па ўзросце — 77-гадовы Акаловіч Леанід ад Партыі БНФ.
Найбольшая колькасць ініцыятыўных групаў зарэгістравана ва Уручскай акрузе №109. Там высоўваецца ў кандыдаты шляхам збору подпісаў ад грамадян 9 чалавек. Найменшая колькасць пакуль што па Купалаўскай акрузе №95 — толькі 2 вылучэнца.
Цяпер ініцыятыўным групам трэба сабраць не менш за 1000 подпісаў жыхароў сваёй акругі, каб мець магчымасць зарэгістраваць кандыдатам у дэпутаты свайго прадстаўніка. Зрабіць гэта трэба да 1 жніўня.
Колькасць кандыдатаў можа змяніцца, бо акрамя вылучэння шляхам збору подпісаў, можна рэгістравацца ад партый і працоўных калектываў у перыяд з 3 ліпеня па 1 жніўня.
Нагадаем, выбары ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбудуцца 11 верасня.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”