Камендант інтэрнату забараніла збіраць подпісы за кандыдата ад Руху «За Свабоду»

«Сваёй тэрыторыяй» назвала камендант інтэрнат «БелКрэда» ў Наваградку і забараніла там збіраць подпісы за Вадзіма Левана, які вылучаецца пры падтрымцы Руху «За Свабоду».

preview_5__1.jpg


«У Навагрудку на вуліцы Чырвонаармейскай ёсць інтэрнат кампаніі ААТ «БелКрэда», там адбылася сутычка паміж сябрамі ініцыятыўнай групы Вадзіма Левана, які вылучаецца ад Руху «За Свабоду», з камендантам», — распавёў кіраўнік ініцыятыўнай групы Левана Дзяніс Тараскевіч.
Па ягоных словах, камендант інтэрната заявіла, што з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы праўладнага прэтэндэнта Вольгі Папко (дырэктара замкавага комплекса «Мірскі замак»).
«Пры зборы подпісаў яна сказала, што гэта яе тэрыторыя, і мы не маем права збіраць подпісы ў гэтым інтэрнаце. Да таго, яна ўсіх жыхароў увяла ў зман, сказаўшы, што можна падпісвацца толькі за аднаго кандыдата», — патлумачыў Тараскевіч.
Ён адзначыў, што камендант нават не мела ўяўлення, за каго збірае подпісы: «падчас размовы яна называла прэтэндэнта не па імені, а дырэктарам Мірскага замку».
«Жыхары інтэрната распавялі нам, што пасля сутычкі яна пагражае ім высяленнем і праводзіць збор подпісаў за Папко, проста збіраючы пашпарты», — адзначыў кіраўнік ініцыятыўнай групы Левана.
Дзяніс Тараскевіч дадаў, што ў іх ініцыятыўнай групы таксама атрымалася сабраць подпісы пасля таго, як яны ўпэўнілі жыхароў інтэрнату, што можна падпісвацца за ўсіх кандыдатаў.
Паводле pyx.by