«Гэта другі шанец пасля 9 жніўня». Латушка расказаў, пра што дамовілася апазіцыя наконт рэферэндуму
У бліжэйшыя дні дэмакратычныя сілы прадставяць план дзеянняў падчас «канстытуцыйнага рэферэндуму», які мае адбыцца ў студзені-лютым наступнага года. Павал Латушка ў інтэрв'ю «Свабодзе» расказаў пра некаторыя дэталі гэтага плана.
«Мы заклікаем прыняць удзел у пратэставым галасаванні»
Паводле кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, стратэгічнае рашэнне наконт рэферэндуму прынятае на ўзроўні Офіса Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Каардынацыйнай рады, ініцыятыў «Голас», «Зубр», «Честные люди» і іншых.
«Мы звяртаемся па падтрымку да ўсіх беларусаў. Мы лічым абсалютна неабходным падрыхтавацца да гэтага рэферэндуму і ажыццявіць пратэставую яўку. Мы заклікаем усіх прыйсці на ўчасткі ў акрэслены час і ўзяць удзел у пратэставым галасаванні. Неабходна выкрасліць абодва варыянты. Мы будзем бяспечна знішчаць гэтыя бюлетэні, так, як кожны палічыць гэта патрэбным. Так мы пакажам сваё стаўленне да злачыннага дзеяння, якое ўчыняе Лукашэнка. Мы павінны супрацьдзейнічаць. Гэта наш другі шанец пасля 9 жніўня».
Паводле палітыка, у дэмакратычных сіл ёсць гатовыя сцэнары і алгарытмы паводзін у дзень рэфэрэндуму. Пра гэта будзе паведамлена пазней. Ён нагадаў, як летась 9 жніўня апанентаў улады заклікалі прыходзіць на выбарчыя ўчасткі ў другой палове дня. Нешта падобнае прадугледжана і гэтым разам.
Чаму не байкот?
Латушка перакананы, што байкот рэферэндуму не ў стане мабілізаваць людзей на актыўны супраціў рэжыму.
«Усе тыя, хто заклікае да байкоту, павінны паглядзець на мінулы год. Калі б мы ўсе не пайшлі на выбары, калі б не выказалі свой пратэст, ці быў бы ў нас шанец змяніць сітуацыю? Так, сёння цяжкая сітуацыя, шмат ахвяр, шмат людзей пакутуюць, многія ў выгнанні, Лукашэнка заганяе ўсё пад асфальт. Але наш гнеў з намі. Мы мусім яго выказаць. А калі мы не пойдзем, пасядзім каля тэлевізара, будзем проста наракаць, то Лукашэнка будзе кіраваць і далей. Рэферэндум — гэта перыяд турбулентнасці, і мы яе павінны выкарыстаць у нашых мэтах», — перакананы Павал Латушка.
Што далей
Паводле палітыка, ёсць частка насельніцтва, якая гатовая да актыўнага супрацьдзеяння ў дзень рэферэндуму. Пры гэтым ён падкрэсліў, што гаворка не пра антызаконныя дзеянні. З імі, паводле слоў Латушкі, вядуцца сустрэчы і перамовы.
«Для іх гэта шанец, каб усе выйшлі. Апрача таго, мы пачынаем працаваць з чальцамі выбарчых камісій. Я звяртаюся да тых, хто на нашым баку. Ідзіце ў камісіі і будзьце гатовыя, што мы вас будзем крытыкаваць, але мы ўсе партызаны і падпольшчыкі. Калі там будуць нашы прадстаўнікі, яны ўвечары раскажуць нам, як выглядала галасаванне. Бо тыя, хто гатовы чакаць 2025 года і тады выйсці, — гэта людзі, якія гатовыя прайграць. Да 2025 года нічога не зменіцца», — сказаў Латушка ў інтэрв'ю «Свабодзе».
На 6-м «усебеларускім народным сходзе» 11 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэці варыянт праекта Канстытуцыі будзе гатовы да канца года і на пачатку 2022-га вынесены на рэферэндум. У бюлетэнях будуць два варыянты адказу на пытанне, ці падтрымлівае выбаршчык новы праект Канстытуцыі.