«Гэта спроба выціснуць нас з краіны», — Статкевіч пра «гульню суткамі», штрафы і пагрозу знесці дом

Лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэса» Мікола Статкевіч выйшаў на волю 31 жніўня пасля 5 сутак арышту. Але таксама Статкевічу было прысуджанае пакаранне ў 15 сутак — жонка абскардзіла прысуд, яго маюць пераглядаць 7 верасня, за дзень да анансаванай Статкевічам «акцыі папярэджання».

963badfb_7f5b_4057_93e1_2e6ac8f5b5ea_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

«Мэтанакіравана мяне і маю сям’ю хочуць выселіць з краіны»

«Гэты арышт нікуды не дзеўся, — кажа Статкевіч пра „дадатковыя“ 15 сутак. — У іх ёсць фармальная зачэпка, якую яны маглі б і не скарыстоўваць, могуць не скарыстаць да канца. Калі стала вядома, што я атрымаў 15 сутак і магу быць „прэвентыўна“ ізаляваны ад „акцыі папярэджання“, даў дазвол жонцы, і яна накіравала скаргу ў гарадзкі суд.

Лепш было бы адседзець за адзін раз, як па мне. Мабыць, і для маіх блізкіх было б лепш, чым зноў недзе будуць лавіць, невядома ў які час і дзень, зноў везьці, абшукваць, забіраць рэчы. Гэта прынясе дадатковы стрэс не столькі мне — бо мне пасля дзвюх „крытых турмаў“ гэта здаецца дзіцячымі гульнямі, — колькі маім блізкім.

Я думаю, гэта мэтанакіравана мяне і маю сям’ю хочуць выселіць з краіны. І дом зносяць, і пазбавілі права вадзіць машыну, арыштавалі тэлефон, штрафы за дэманстрацыі, палову вайсковай пенсіі вылічваюць за тыя штрафы, што не плачу, судовыя выканаўцы... За першыя дні жніўня мы ўдваіх з жонкай атрымалі пяць адміністрацыйных спагнаньняў: у жонкі два штрафы па 500 даляраў, у мяне штраф 600 даляраў, 5 і 15 сутак. Гэта мэтанакіраванае выцісканне з краіны.



Але я хачу сказаць гэтым людзям, што выціснуць з краіны нас не ўдасца. Мы з Беларусі ня з'едзем».

«Улада ўжывае сваю тактыку 90-х»

Статкевіч кажа, што «ўлада ўжывае сваю старую тактыку, якую ўжывала ў другой палове 90-х»: тады пратэстоўцы бачылі пагрозу далучэння Беларусі да Расіі, выходзілі на дэманстрацыі, шэраг якіх узначальваў Статкевіч, а ўлады спрабавалі знясіліць арганізатараў арыштамі і штрафамі, да таго ж прапаноўвалі «імітацыйны пратэст» на плошчы Бангалор, далёка ад цэнтру гораду. Таксама Статкевіч згадвае, што калі яго затрымалі напярэдадні Дня Волі, то ўлады не прызнавалі гэтага, і толькі больш як праз месяц Следчы камітэт прызнаў, што ён быў за кратамі.
«Гэта запалохвае людзей, запалоханым дае магчымасць адмовіцца: вунь Статкевіч пазваў, а не прыйшоў, што ж я пайду? Гэта логіка вычварэнская, логіка баязліўцаў, але яна таксама прысутнічае. Таксама ж у 90-я выкарыстоўвалася тактыка „імітацыйнага пратэсту“, калі даваўся дазвол на плошчу Бангалор, некаторыя туды хадзілі. Усё гэта зноў ужываецца, бо ўлада напалоханая».
Таксама, мяркуе Статкевіч, «суткі» маглі «раскідаць», каб паглядзець на рэакцыю «новых заходніх сяброў Лукашэнкі»: маўляў, пакуль тыя ў адпачынках, даць 5 сутак, паглядзець на рэакцыю, а калі рэакцыя будзе спакойная, дадаваць далейшы арышт.

На мэце — акцыя 8 верасня

Вызваленне ён бачыць як магчымасць папрацаваць на падрыхтоўку акцыі 8 верасня і заклікаць усіх патрыётаў выйсці на акцыю, не зважаючы на тое, ці будуць лідэры пратэсту за кратамі, ці на акцыі.
«Гэта лёс краіны — і мы няспелая нацыя, калі лёс краіны залежыць толькі ад таго, ці на свабодзе адзін чалавек, ці не, — кажа Статкевіч. — Гэты перыяд, калі амаль за 5 год майго зняволення не было амаль ніводнага мітынгу апазіцыі, гэта ганьба. Такога больш не павінна быць.
А калі нехта лічыць, што абавязкова, каб я прысутнічаў на акцыях заўсёды, то калі ласка, выходзце 8 верасьня, і калі я не змагу дайсці, патрабуйце там майго вызвалення. Пакажыце, што зняволенне лідэраў акцыі прыводзіць толькі да павелічэння колькасьці ўдзельнікаў акцыі — і тады ўлада памяняе тактыку».

Паводле Радыё Свабода