Гэтае страшнае слова «мігранты». Чаму людзі вядуцца на ксенафобскую рыторыку
Мала яшчэ якая тэма можа выклікаць настолькі супярэчлівую рэакцыю ў грамадстве, як тэма мігрантаў і міграцыі. Асабліва калі гэта тычыцца з’яўлення ў краіне вялікай колькасці прадстаўнікоў чужой нацыянальнасці, культуры, рэлігіі.
Тут жа ўзнікнуць гарачыя спрэчкі паміж тымі, хто бачыць у мігрантах пагрозу свайму звычайнаму ладу жыцця, і тымі, хто выступае з пазіцыяў спачування праблемам тых, хто быў вымушаны пакінуць сваю радзіму. Як вынік — раскол у грамадстве і звязаныя з ім палітычныя праблемы, якія ўтвараюць добрыя ўмовы для тых палітыкаў (як правіла, радыкальнага кшталту), якія любяць палавіць рыбку ў мутнай вадзе крызісаў.
Людзі лёгка вядуцца на ксенафобскую рыторыку, чым несумленныя палітыкі і карыстаюцца. Страх і няведанне дапамагаюць ім у гэтым, дазваляючы распаліць у людзях нянавісць да іншых, што робіць гэтых людзей лёгкай ахвярай маніпуляцыі. У той жа час факты, звязаныя з тэмай міграцыі, дапамагаюць разбіць некаторыя распаўсюджаныя міфы і падысці да праблемы міграцыі больш спакойна і ўзважана.
МІГРАЦЫЯ ЛЕГАЛЬНАЯ І НЕЛЕГАЛЬНАЯ
Перш за ўсё варта адзначыць, што шмат якія краіны ўхваляюць міграцыю на сваю тэрыторыю. Бо мігранты — гэта дадатковая працоўная сіла, з дэфіцытам якой у наш час сутыкаюцца шмат якія краіны. Тым больш, што часцяком мігранты займаюцца той працай, якой не жадаюць займацца мясцовыя жыхары.
Існуюць краіны, дзе мігранты складаюць значную, а тое й асноўную частку насельніцтва. Напрыклад, у Канадзе пражываюць каля 8 млн мігрантаў, што складае 21,3% ад усяго насельніцтва. Яшчэ больш мігрантаў прыняла Саудаўская Аравія — 13,1 млн, ці 38,3% ад насельніцтва. Але абсалютны рэкорд належыць Аб’яднаным Арабскім Эміратам, дзе мігранты складаюць больш за 88% насельніцтва.
Нягледзячы на тое, што за апошнія гады Еўропа сутыкнулася з некалькімі хвалямі мігранцкага крызісу, ейныя прадстаўнікі таксама не дэманструюць вялікай варожасці да тых, хто імкнецца прыехаць, каб зарабляць грошы ў Еўропе, а разам з тым і развіваць Еўрапейскую эканоміку. Як казаў у лютым бягучага году намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі і галоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль: «Мы павінны пазбягаць канцэпцыі Еўропы як фартэцыі ў дачыненні да міграцыі».
Але гэта ўсё тычыцца толькі тых мігрантаў, якія трапляюць у іншыя краіны легальным чынам. Стаўленне да тых, хто імкнецца патрапіць у іншую краіну нелегальна, зусім іншае. Тут пачынаецца дамінаванне дзяржаўнага суверэнітэту над правам на перамяшчэнне. А гэта, у сваю чаргу, выштурхоўвае нелегальных мігрантаў у сферу крыміналу, ставячы іхнюю свабоду і жыцці пад пагрозу. Тым не менш у іх існуе вялікі набор матывацыяў, сярод якіх тая ж прага паратунку і бяспекі займае зусім не апошняе месца. Бо пакідаюць радзіму яны не ад вялікага шчасця, а ад вайны, пераследу, эканамічнай безнадзёгі. Таму плыня нелегальных мігрантаў наўрад ці спыніцца ў бліжэйшы час.
АСНОЎНЫЯ ШЛЯХІ НЕЛЕГАЛЬНАЙ МІГРАЦЫІ
У апошнія два гады ціск на межы некаторых краін і рэгіёнаў значна ўзмацніўся. У першую чаргу яго адчуваюць тыя краіны, якія з’яўляюцца найбольш прывабнымі ў плане ўмоваў жыцця і магчымасцяў працы. Лідары тут — ЗША і краіны Еўрасаюза.
Злучаныя Штаты найбольшы ціск адчуваюць на поўдні — з боку мяжы з Мексікай. У 2021-м зафіксавана 1 659 206 спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Гэта значна вышэй за 2020-ты, хоць і блізка па значэнні да паказальнікаў такіх гадоў, як 1986-ты і 2000-ны. Іншая справа, што ў наш час у “штурме” амерыканскай мяжы прымаюць удзел па большай частцы (63%) прадстаўнікі не Мексікі, а іншых краін Лацінскай Амекрыкі. У першую чаргу — Гандурасу, Гватэмалы і Сальвадору. Значная частка тых, каго амерыканскія памежныя патрулі разгортваюць на мяжы ў зваротным кірунку, у далейшым зноў паўтараюць свае спробы (таму колькасць спробаў перасячэння мяжы перавышае колькасць індывідуумаў, якія гэта робяць).
На амерыканскім фоне еўрапейскі кірунак выглядае не так драматычна. Па даных Еўрапейскай агенцыі па ахове межаў і марскога ўзбярэжжа, за першую палову бягучага году былі выяўлены 132 370 спробаў незаконнага перасячэння межаў ЕС. Гэта значна менш, чым у сітуацыі на межах ЗША. Але гэта — найвышэйшы паказальнік для дадзенага перыяду пасля 2016-га, калі адзначаўся значны крызіс з нелегальнымі мігрантамі ў сувязі з вайной у Сірыі і канфліктамі ў Афганістане і Іраку. Сёлетні паказнік на 10% перавышае даныя за першае паўгоддзе 2022-га.
Асноўным маршрутам нелегальных мігрантаў на дадзены момант з’яўляецца Цэнтральны міжземнаморскі шлях (паўднёвы захад Італіі). На сярэдзіну ліпеня тут былі затрыманы 65 тыс. парушальнікаў, што складае прыкладна палову ад усіх вядомых выпадкаў, і перавышае паказальнік першай паловы мінулага году на 140%.
На гэтым фоне іншыя шляхі нелегальнай міграцыі згубілі сваю “папулярнасць”.
Праз Заходнія Балканы (усходняе ўзбярэжжа Адрыятычнага мора) у Еўропу няўдала спрабавалі пранікнуць 39 580 незаконных мігрантаў (на 29% меней за першыя шэсць месяцаў мінулага году), усходне-міжземнаморскім шляхам (паўночна-ўсходняе ўзбярэжжа Грэцыі) — 13 167 (-34%), заходне-міжземнаморскім (праз Гібралтарскую пратоку) — 4919 (-6%). Яшчэ 21 806 небаракаў спрабавалі ўцячы з ЭЗ у Брытанію праз Па-дэ-Кале (-2%).
“Наш” беларускі кірунак на гэтым фоне выглядае зусім сціпла. За першыя шэсць месяцаў тут зафіксаваны 2312 спробаў незаконнага перасячэння мяжы, што меней за аналагічны перыяд 2022-га на 13%. І зусім непараўнальна гэта з паказальнікамі 2021-га, калі толькі ў ліпені былі зафіксаваны 3500 спробаў нелегальна прарвацца праз мяжу з краінамі ЕС.
Канечне, беларускі “ўнёсак” — кропля ў моры незаконнай міграцыі, якая ідзе ў бок Еўрапейскага саюза. Хоць нам маштабы гэтага мігранцкага крызісу і падаюцца агромністымі. І, канечне, шакуе сама датычнасць Беларусі да падобнай з’явы. Яшчэ дзесяць год таму лідарам па колькасці спробаў нелегальных пераходаў праз усходнюю мяжу ЕС быў украінскі ўчастак. Ды й тое, як паказвае статыстыка, асноўныя парушэнні ўсходняй мяжы былі звязаны не столькі з міграцыяй, колькі з кантрабандай. Так, у другім квартале 2016-га былі зафіксавана 874 выпадкі парушэння мяжы, здзейсненыя, пераважна, грамадзянамі Украіны, Расіі і Малдовы. Толькі адзін з пяці падобных выпадкаў быў звязаны з нелегальнай міграцыяй.
У выпадку з тым крызісам, які выбухнуў на заходніх межах Беларусі ў 2021-м і працягваецца дагэтуль, хоць і ў меншых маштабах, уражвае тая роля, якую адыгрывае палітычны рэжым. Арганізацыя, заявы Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў, паводзіны памежнікаў, праца прапагандыстаў — усё рабіла відавочнай штучнасць крызісу. Як і яго мэту: прымусіць заходнія краіны змяніць сваё стаўленне да рэжыму Лукашэнкі на больш лагоднае.
МІГРАНТЫ ЯК ЗБРОЯ
Такое выкарыстанне мігрантаў у якасці зброі — зусім не вынаходніцтва нашага часу. Гэтым метадам і раней карысталіся разнастайныя рэжымы, якім бракавала эканамічнай і вайсковай моцы, каб процістаяць больш моцным супернікам. Нечаканы і маштабны наплыў мігрантаў можа выклікаць неслабы галаўны боль у палітыкаў нават магутнай у эканамічным плане краіны, а скарыстацца вайсковымі перавагамі для ліквідацыі ўзніклага крызісу ну аніяк не выпадае. І вось тут узнікае шанц прымусіць свайго праціўніка пайсці на патрэбныя саступкі.
Метад выкарыстання мігрантаў як зброі мае і сваю гісторыю поспеху. Паспяхова ім карыстаўся рэжым Фідэля Кастра на Кубе. Найбольш вядомай і эфектыўнай па прымусу амерыканцаў да саступак зрабілася масавая міграцыя кубінцаў у Флорыду з кубінскай бухты Марыель — гэтак званы Марыельскі выхад.
Ён цягнуўся з красавіка па кастрычнік 1980-га. Кубінцы, якія не жадалі заставацца на “Востраве Свабоды”, на невялікіх лодках перапраўляліся з кубінскай бухты Марыель да ўзбярэжжа Фларыды. Усяго ў ЗША трапілі 125 тыс. кубінцаў. І рабілася ўсё гэта з ухвалення Фідэля Кастра.
Зразумела, што такая колькасць нечаканых прыхадняў не магла не выклікаць праблемаў. Як прадэманстравалі апытанні, праведзеныя ў чэрвені 1980-га, 71% амерыканцаў негатыўна ставіліся да кубінскіх мігрантаў і лагоднага стаўлення адміністрацыі Картара да іх. Працоўны рынак у Маямі вырас на 7%, беспрацоўе павялічылася на 2,1%. Дапамога, якую аказваў кубінскім мігрантам амерыканскія ўлады, выклікалі незадаволенасць мясцовай афраамерыканскай грамады, што прывяло нават да бунтаў. Бунты былі і сярод саміх кубінцаў, не задаволеных умовамі свайго ўтрымання. 1 чэрвеня адбыўся мяцеж кубінцаў, размешчаных на вайсковай базе ў форце Чафі ў штаце Арканзас. Гэтая падзея каштавала пераабрання на другі тэрмін маладому губернатару штата Білу Клінтану.
У 1994-м Клінтану, ужо ў рангу прэзідэнта, зноў давялося сутыкнуцца з праблемай мігрантаў. Тады Куба перажывала адзін з наймацнейшых эканамічных крызісаў, і дзясяткі тысячаў кубінцаў пачалі будаваць плыты, на якіх імкнуліся пераплыць у Злучаныя Штаты. Зноў давялося прыцягваць берагавую ахову, каб абараніць узбярэжжа ад нелегалаў. Тых, каго перахоплівалі ў моры, адпраўлялі на амерыканскую базу Гуантанама на Кубе. Затое тыя, хто здолеў дасягнуць узбярэжжа, мог разлічваць на прытулак. Такіх было каля 35 тыс.
Хоць для Кастра пачатак выхаду кубінцаў з Марыельскай бухты быў непрыемнай нечаканасцю, але ў выніку ён здабыў праз гэта прэферэнцыі. У кастрычніку 1980-га адбылося тое, чаго ён даўно дамагаўся: амерыканцы селі з ім за стол перамоваў, каб спыніць прыток мігрантаў. Акрамя таго, Кастра у выніку Марыельскага выхаду здолеў пазбавіцца часткі тых людзей, якіх ён разглядаў як не патрэбных для сваёй краіны: палітычных дысідэнтаў, прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і крымінальнікаў (праўда, іхнія злачынствы, у пераважнай большасці выпадкаў, заключаліся ў гандлі на чорным рынку).
ПАГРОЗА ЕЎРОПЕ
Другі прыклад выкарыстання мігрантаў у якасці зброі звязаны з Кадафі. Ён неяк паабяцаў “зрабіць Еўропу чорнай”, і некалькі разоў спрабаваў выканаць гэтую пагрозу. З рознай ступенню поспеху ён выкарыстоўваў мігрантаў у сваім процістаянні з Еўрапейскім Саюзам у 2004, 2006, 2008 і 2010 гадах. А пад час грамадзянскай вайны 2011-га ён папярэджваў, што калі еўрапейскія краіны не спыняць сваёй падтрымкі лівійскім пратэстоўцам, ён выйдзе з супрацоўніцтва па міграцыі, і тады Еўропа “сутыкнецца з чалавечай плыняй з Паўночнай Афрыкі”.
Сваю пагрозу Кадафі выканаць не паспеў. Але Еўропе ўсё ж давялося сутыкнуцца з чалавечай плыняй, і ня толькі з Паўночнай Афрыкі. Вайна сірыйскага рэжыма Башара Асада супраць свайго народу нарадзіла адзін з наймацнейшых мігранцкіх крызісаў сучаснасці. У 2015-м, на які прыйшоўся пік крызісу, у Еўропе апынулася 1,3 млн жыхароў Сірыі, а таксама Іраку і Афганістану, якія шукалі прытулак ад вайны. Гэта прывяло да шэрагу палітычных праблемаў у самім Еўрапейскім звязе. У тым ліку — да спрэчак наконт квотаў па прыёме бежанцаў, аднаўлення кантролю на ўнутраных межах і дыскусіі наконт падыходаў да нелегальнай міграцыі ў цэлым.
Склалася спрыяльная сітуацыя для прасоўвання ў еўрапейскіх краінах ксенафобскіх антымігранцкіх наратываў, чым скарысталіся радыкальныя палітыкі, якія выступалі з крытыкай Еўрапейскай палітыкі мультыкультуралізму і ліберальнай дэмакратыі ў цэлым. Як па замове, у еўрапейскіх краінах адбыліся тэрарыстычныя атакі, што, падавалася, пацвярджала слушнасць антыімігранцкай рыторыкі. Сярод усяго гэтага ўзвышалася фігура расійскага прэзідэнта Пуціна, які, падавалася, быў і ні пры чым, але з іншага боку да аўдыторыі старанна даносілася ідэя, што ён “зноў усіх перайграў”.
Яшчэ адным бенефіцыярам таго крызісу можна лічыць прэзідэнта Турэччыны Эрдагана. Ягоная краіна прыняла на сябе асноўны цяжар міграцыі (3 мільёны сірыйцаў, афганцаў і іракцаў), і рэгуляванне плыні тых, хто хацеў дасягнуць Еўропы, зрабілася для яго палітычным інструментам у стасунках з ЭЗ. Пад гэтую справу ён, у абмен на кантроль над плыняй і згоду прымаць назад тых мігранатаў, якія былі затрыманы ўжо на тэрыторыі Еўропы, атрымаў 6 млрд еўра на ўладкаванне лагераў бежанцаў на сваёй тэрыторыі. Шмат хто лічыў, што гэтая здзелка выходзіць за рамкі агульнапрынятых нормаў маралі, бо надта яна нагадвала гандаль людзьмі.
Увогуле спосабаў барацьбы са спробамі выкарыстаць нелегальную міграцыю ў палітычных мэтах што з боку вонкавых урадаў, што з боку ўнутраных палітыкаў няма. Будаваць новыя платы і бар’еры — не выйсце. Як адзначыў той жа Барэль, няма такіх муроў, вышыня якіх дазволіла б “проста трымаць людзей звонку”. Таму асноўнае спадзяванне — на ліквідацыю падставаў для міграцыі праз судзеянне ўсталяванню міру і эканамічнай стабільнасці ў краінах, адкуль ідуць асноўныя плыні мігрантаў. Але, як паказвае практыка, на змену папярэднім канфліктам прыходзяць новыя.
ПАГРОЗА АД МІГРАНТАЎ: РЭАЛЬНАСЦЬ ЦІ МІФ?
У праблеме нелегальнай міграцыі існуе яшчэ адзін істотны аспект. Справа ў тым, што пагрозы, якія, як сцвярджаецца, зыходзяць ад нелегальных мігрантаў, вельмі моцна перабольшаны. Калі прыгадаць Марыельскі выхад, дык ён не прывёў да нейкага пагаршэння жыцця жыхароў Флорыды, чаго тыя так баяліся. Заробкі засталіся на папярэднім узроўні, а тэндэнцыі ў эканоміцы не адрозніваліся ад тых, якія ў той час назіраліся ў ЗША і ў свеце ў цэлым.
Акадэмічныя даследаванні дэманструюць, што ўся міграцыя ў ЗША (не толькі асобныя выпадкі) не адбіваецца на заробках грамадзян (чаго тыя палохаюцца больш за ўсё). Больш за тое, яна станоўча ўплывае на мясцовыя і фэдеральны бюджэты. Мігранты спрыяюць развіццю інавацыяў, росту спецыялізацыі працы і падвышэнню прадуктыўнасці эканомікі.
Калі браць адну з галоўных “пужалак” праціўнікаў прыёму нелегальных мігрантаў — пранікненне ў краіны пад выглядам уцекачоў разнастайных экстрэмістаў (у першую чаргу — ісламскіх), дык рэальныя лічбы не даюць ёй аніякага пацверджання. Сярод 800 тыс. мігрантаў, якія трапілі ў ЗША з 2001-га па 2016-ты, толькі пяць чалавек былі ў далейшым арыштаванымі па абвінавачаннях у тэрарызме. У Нямеччыне з 600 тыс. іракцаў і сірыйцаў, якія прыбылі ў краіну ў 2015-м, толькі ў дачыненні да 17 чалавек праводзіліся расследаванні наконт іхняга ўдзелу ў тэрарыстычный дзейнасці.
Не спрацавала і спроба выклікаць ісламафобію ў Еўропе. Пасля тэрарыстычных атакаў, якія здзяйснялі ісламскія экстрэмісты, еўрапейцы — хрысціяне, мусульмане, юдэі, атэісты — утваралі ланцугі вакол мячэцяў, каб абараніць іх ад ваяўнічых ісламафобаў.
Канечне, нельга сцвярджаць, што нелегальная міграцыя не нясе аніякіх праблемаў — пералічаныя вышэй прыклады дэманструюць, што негатыўныя наступствы існуюць. І не ў апошнюю чаргу — праз раскол у грамадстве і праз тыя праблемы, якія нараджае выкарыстанне тэмы незаконнай міграцыі ў палітычных мэтах. Апошняе адыгрывае на руку разнастайным радыкальным палітычным сілам і аўтарытарным і таталітарным рэжымам, што ўтварае выклікі і пагрозы самой дэмакратыі.
Пры гэтым найбольшую ўразлівасць дэманструюць, што характэрна, грамадствы тых краін, рэжымы якіх спрабуюць выкарыстоўваць мігрантаў у якасці сваёй палітычнай зброі. Сапраўды, уздзеянне мігранцкага крызісу на псіхіку еўрапейцаў было досыць моцным. Але не такім моцным, як для жыхароў Расіі і Беларусі, дзе антымігранцкая прапаганда гучала ў поўную моц. Адсутнасць уяўленняў наконт тых падзеяў, якія адбываліся на Блізкім Усходзе і якія прымушалі людзей пакідаць сваю краіну, актыўнае прасоўванне ісламафобіі, раздзьмуванне пагрозы, якая, быццам, навісла над еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыяй — усё гэта спрыяла фармаванню негатыўнага стаўлення да мігрантаў і міграцыі.
Гэтыя пачуцці ўзмацніліся з мігранцкім крызісам, які спрабаваў у 2021-м арганізаваць рэжым Лукашэнкі (пры актыўным судзеянні, безумоўна, з боку расійскага кіраўніцтва). Канечне, маштабы не маглі ісці ў аніякае параўнанне з сітуацыяй 2015-га. Тым не менш кадры, на якіх агрэсіўныя маладыя людзі штурмуюць пераход на беларуска-польскай мяжы, ды й наступныя сюжэты, дзе мігранты ламаюць агароджу ды праяўляюць агрэсію супраць польскіх памежнікаў (толькі сёння паступіла інфармацыя пра раненне, якое атрымаў польскі памежнік праз дзеянні нелегальных мігрантаў), уводзяць у бок ад разумення рэальнай сітуацыі.
А яна такая, што слабы палітычны рэжым спрабуе выкарыстаць у сваіх несумленных інтарэсах людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі (часам — небяспечнай для свабоды, здароўя, жыцця). Пры гэтым рэжым, замест дасягнення сваіх мэтаў, толькі падвышае сваю таксічнасць і пераконвае астатні свет у сваёй поўнай неадэкватнасці.
Нельга забывацца на тое, што ўдзельнікі ўсіх гэтых нелегальных перасячэнняў межаў, якія плывуць на лодках праз мора ці прарываюцца скрозь калючы дрот агароджаў, і якіх выкарыстоўваюць як зброю супраць сваіх ворагаў, з’яўляюцца не статыстычнымі адзінкамі ў лічбах нелегальнай міграцыі, а жывымі людзьмі. У кожнага з іх свае матывы і свае мэты. Яны не імкнуцца несці зло ў тыя краіны, куды ідзе іхні шлях. Як казаў адзін з удзельнікаў Марыельскага выхаду, у яго не было пачуцця перамогі ці вялікага шчасця, калі ён дасягнуў амерыканскага ўзбярэжжа. Гэта, казаў ён, як выскачыць жывым з свайго дома, які ахоплены полымем.