«Бежанцы, мігранты, рэлаканты»… Як правільна называць беларусаў, якія з’ехалі пасля 2020-га
За апошнія тры гады Беларусь пакінула безліч людзей — столькі, што статыстыкі і сацыёлагі падлічыць дакладна не могуць. І як толькі гэтых беларусаў не называлі! І бежанцамі, і мігрантамі, і эмігрантамі, і «збеглымі», і рэлакантамі, і нават «здраднікамі». А як правільна?
![batumi_bbe_logo.jpg batumi_bbe_logo.jpg](/img/v1/images/batumi_bbe_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Новы Час» паразмаўляў пра гэта з адвакатам, сябрам чэшскай палаты адвакатаў, былым кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года і палітэмігрантам Алесем Міхалевічам. Менавіта бежанцаў можна назваць яго спецыялізацыяй у адвакацкай дзейнасці.
— Алесь, як правільна называць з’ехалых з краіны беларусаў? У чым адрозненне бежанца ад мігранта, а мігранта — ад рэлаканта?
— Перш за ўсё трэба адзначыць, што паняцце бежанца дадзена ў Канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па бежанцах, і гучыць яно так: бежанцам з’яўляецца чалавек, які вымушаны з’ехаць з краіны, бо абгрунтавана баіцца пераследу ў краіне паходжання па прычыне… І далей ідуць роўна пяць прычын — гэта вычарпальны спіс: па прычыне расы, рэлігіі, нацыянальнасці, палітычных поглядаў, альбо прыналежнасці да канкрэтнай сацыяльнай групы. І калі чалавек не падыходзіць пад гэтыя крытэры, ён, у адпаведнасці з Канвенцыяй ААН, бежанцам з’яўляцца не будзе.
І таму фактычна ўсе беларусы, якія з’ехалі па прычыне таго, што яны баяцца пераследу ў краіне паходжання — гэта значыць, у Рэспубліцы Беларусь, — у сувязі са сваімі палітычнымі поглядамі і, напрыклад, актыўным удзелам у падзеях 2020 года (а трэба нагадаць, што, па розных падліках, у гэтых падзеях удзельнічала каля паўмільёна чалавек толькі ў Мінску), дэ-факта з’яўляюцца бежанцамі, незалежна ад таго, прасілі яны статус бежанца, атрымлівалі яго, ці проста з’ехалі ў іншую краіну.
«Мігранты» — гэтае азначэнне ўжываецца, як правіла, да працоўных мігрантаў, якія едуць у іншую краіну працаваць і зарабляць грошы. Гэтае азначэнне — «працоўная міграцыя» — тычыцца людзей, якія паехалі па лепшае жыццё, і іх мы можам называць мігрантамі. Безумоўна, частку беларусаў можна называць і мігрантамі, бо яны паехалі проста зарабляць грошы, але шмат хто з іх таксама мае абгрунтаваную прычыну баяцца пераследу ў Беларусі па тых жа палітычных поглядах — таму што «лайкалі» «экстрэмісцкія матэрыялы», данацілі на BYSOL… Перакрыжоўваюцца гэтыя групы дастаткова моцна.
А рэлаканты — гэта людзі, якіх перавялі з аднаго офіса кампаніі ў іншы офіс той жа самай кампаніі ў іншым горадзе за мяжой. Мы маем цудоўную кампанію з беларускімі каранямі ЕРАМ, якая спецыялістаў з мінскага офіса запрашае працаваць у офісы ў Вільні, Кракаве, Уроцлаве, Гданьску…
Вельмі цікавы момант: расіяне, якія збеглі ў Грузію ад мабілізацыі ў войска, любяць называць сябе рэлакантамі, таму што яны рэлакаваліся ў Грузію. А па маім меркаванні яны — бежанцы ў чыстым выглядзе. Бо гэта людзі, якія не хочуць служыць у расійскай арміі, не хочуць браць удзел у баявых дзеяннях, іх можна трактаваць як людзей, якіх будуць пераследаваць за палітычныя погляды (нежаданне служыць у войску безумоўна з’яўляецца палітычным поглядам). І адначасова можна іх трактаваць, як пераслед сацыяльнай групы. Мы можам трактаваць іх як сацыяльную групу, бо яны маюць усе адзнакі такой: пэўны ўзрост, гендар (мужчыны), погляды — не жадаюць служыць у войску па розных прычынах. Хтосьці не жадае забіваць, а хтосьці не жадае быць забітым.
Усе чамусьці баяцца называць сябе бежанцам. Нібыта адразу ўяўляецца нейкі бедны сірыец пасля бамбёжкі Алепа, які збягае адтуль у чым маці нарадзіла, у апошняй вопратцы, без грошай, і гэтак далей. Таму людзі не вельмі любяць атаясамліваць сябе са словам «бежанец» і ідэнтыфікаваць сябе як бежанцаў.
![Спецдакладчыца ААН зрабіла даклад пра беларусаў у выгнанні «Гэта можа быць раўназначна злачынству дэпартацыі». Спецдакладчыца ААН зрабіла даклад пра беларусаў у выгнанні](/img/v1/images/0372d59f31ee2ae449_76184583.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Дарэчы, наконт бедных сірыйцаў… Тое, што ў нас адбываецца на мяжы Беларусі і ЕС, мы называем «мігранцкім крызісам», а не крызісам бежанцаў. Ці слушна?
— Тут цяжка сказаць, таму што мы не ведаем кожную канкрэтную гісторыю. Сярод іх, безумоўна, шмат тых, каго варта было б называць эканамічнымі мігрантамі. Але, калі людзі імкнуцца ў ЕС, каб прасіць статус бежанца, нічога дрэннага не будзе, калі мы іх будзем называць бежанцамі. А ўжо краіна, у якой яны папросяць прытулак, будзе вырашаць, з’яўляюцца яны бежанцамі ці эканамічнымі мігрантамі.
— Беларусам, якія з’ехалі, часцяком у новай краіне даюць два статусы: гэта статус бежанца і статус дадатковай абароны. Чым яны адрозніваюцца?
— Тут — вельмі шмат нацыянальных асаблівасцяў. Кожная краіна мае свой закон аб міжнароднай абароне ці аб статусе бежанца, у залежнасці ад таго, як ён называецца. Універсальнае правіла, якое прапісана ў Канвенцыі ААН па бежанцах, паказвае: бежанец — чалавек абгрунтавана баіцца пераследу ў сваёй краіне паходжання па пяці прычынах, якія я прыводзіў вышэй. Але што адбываецца, калі чалавек абгрунтавана баіцца пераследу, але не падыходзіць пад гэтыя пяць групаў? І вельмі часта абсалютна дакладна гэты чалавек пацерпіць, — яго пасадзяць у турму, па іншай прычыне, ён будзе падвяргацца катаванням, — але ягоны пераслед не падпадае пад пяць прычынаў?
Альбо, напрыклад, у Лацінскай Амерыцы, калі чалавек паходзіць з тэрыторыі, якая не кантралюецца дзяржавай, дзе поўная адсутнасць закону, і дзе яму пагражае пераслед і фізічная небяспека. У той жа Калумбіі ёсць тэрыторыі, якія кантралююцца так званымі «паўстанцамі», і там поўнае беззаконне. Уявім сабе сітуацыю, калі дваровая банда захапіла раён і тэрарызуе ўсё насельніцтва. Тэарэтычна асоба, якая ўцякае з такой тэрыторыі, па Канвенцыі ААН бежанцам не з’яўляецца.
У такіх выпадках Канвенцыя ААН пакінула магчымасць краінам зрабіць дадатковы статус — статус дадатковай абароны. Як правіла, ён гарантуе крыху менш правоў за статус бежанца: напрыклад, від на жыхарства можа выдавацца на меншую колькасць гадоў, ці гэты статус можа праз нейкі час пераглядацца. Скажам, у гэтым годзе ў вас ёсць «абгрунтаваны пераслед», а ў наступным скажуць: «Сітуацыя выправілася, вяртайцеся, калі ласка, назад».
Статус дадатковай абароны таксама ў вельмі значнай ступені бароніць чалавека. Ён дае магчымасць жыць і працаваць у краіне, дзе ён папрасіў гэты статус, яго немагчыма экстрадаваць і выдаліць у ягоную краіну паходжання, у тым ліку з трэціх краін. Таму ў нейкім сэнсе людзі, якія атрымліваюць дадатковую абарону, я лічу, атрымліваюць значную частку абароны, якую дае статус бежанца.
— Былі выпадкі і ў Польшчы, і ў Грузіі, і ва Украіне, калі беларусаў, якія папрасілі статус бежанца, проста не ўпускалі ў краіну…
— Тое ж самае мы можам сказаць пра палякаў ці літоўцаў, якія не пускаюць бежанцаў ці мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. Гэта абсалютна аднолькавая сітуацыя, і юрыдычна яна нічым істотна не адрозніваецца. Па Канвенцыі ААН дзяржава павінна прыняць у грамадзяніна дакументы і разгледзець яго заяву на статус бежанца. І толькі ў выпадку адмовы ў такім статусе выдаляць чалавека з краіны.
Калі чалавек не атрымаў такі статус, прайшоў усе судовыя інстанцыі, і яму было адмоўлена ў статусе бежанца, яго могуць дэпартаваць у краіну, з якой ён прыехаў.
![«Ахоўнікі давалі нам бутэрброды, але прымушалі спачатку ўстаць на калені і маліць іх даць нам ежу» «Ахоўнікі давалі нам бутэрброды, але прымушалі спачатку ўстаць на калені і маліць іх даць нам ежу»](/img/v1/images/_121892227_gettyimages_1236868988.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Шмат у якіх беларусаў паўстала за мяжою праблема з пашпартамі, падаўжэннем дакументаў. Багата казалі пра нейкі «пашпарт бежанца», які дае магчымасць перасоўвацца па свеце…
— Зусім няправільна казаць пра нейкі «ААНаўскі пашпарт». Гэта «трэвэл-дакумент» — «дакумент падарожны», які даецца ў адпаведнасці з Жэнеўскай канвенцыяй аб статусе бежанца. Гэты дакумент, як правіла, даецца толькі таму чалавеку, які атрымаў статус бежанца.
Калі чалавек атрымаў дадатковую абарону, ён таксама мае права на трэвэл-дакумент, але ў гэтым дакуменце не будзе напісана пра Жэнеўскую канвенцыю. Гэта будзе нацыянальны трэвэл-дакумент.
Нацыянальны трэвэл-дакумент атрымліваецца, як правіла, нашмат цяжэй, бо трэба даказваць, што ў цябе ўжо няма твайго дакумента, яшчэ чаго… Карацей, тут дадатковыя праблемы, і статус бежанца ў гэтым плане мае большую перавагу.
— Што б ты параіў беларусам, якія пакінулі радзіму?
— Беларусам я бы параіў не саромецца статусу бежанца і ставіцца да яго спакойна. Шмат каму трэба прызнаць, што мы з’яўляемся бежанцамі, і страшнага ў гэтым няма нічога. Гэта проста юрыдычнае прызнанне таго, што і так ужо адбылося.
І ў запыце статусу бежанца няма нічога, што б выходзіла за рэальную сітуацыю, у якой мы находзімся.
![Дзяржава помсціць людзям за тое, што здарылася ў 2020-м Дзяржава помсціць людзям за тое, што здарылася ў 2020-м](/img/v1/images/_000026__logo_3.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)