«Ахоўнікі давалі нам бутэрброды, але прымушалі спачатку ўстаць на калені і маліць іх даць нам ежу»

Падарожжа гэтых кубінцаў пачалося ў Маскве і сталася кашмарам на мяжы Беларусі і Польшчы. Цяпер Даніэль і Адрыян чакаюць, што рыхтуе ім лёс — дэпартацыю на Кубу, адкуль яны збеглі, або выкананне мары — прытулак у Іспаніі.

_121892227_gettyimages_1236868988.jpg


Руская служба ВВС паразмаўляла з мігрантамі з Кубы, якія беспаспяхова спрабавалі трапіць у Еўропу праз беларуска-польскую мяжу. Яны распавядаюць пра тое, як пра іх «клапаціліся» ў лагеры мігрантаў.

Набіраю Мінскі тэлефонны нумар. Пасля трэцяга гудка я чую іспанскую гаворку. «Добры дзень. Я Даніэль», — кажа мужчына з характэрным кубінскім акцэнтам.

Па голасе адчуваецца, як ён выматаны. 29-гадовы хлопец упершыню за месяц нармальна паеў, выспаўся і прыняў душ.

Мой суразмоўца раз-пораз заходзіцца кашлем — гэта наступства халодных начэй у лагеры для бежанцаў. Ён распавядае, што схуднеў на некалькі кілаграмаў.

«Я перажыў бясконцы кашмар, якога нікому не пажадаю. З намі абыходзіліся так, быццам чалавечае жыццё нічога не вартае», — кажа ён.

Наш размова адбылася на наступны дзень пасля таго, як Даніэль, яго сябар Адрыян (імёны зменены па іх просьбе) і яшчэ адзін малады кубінец перабраліся з прыгранічнага лагеру мігрантаў на мінскую кватэру, куды іх засялілі жанчыны, звязаныя з мясцовымі і іспанскай і кубінскай суполкамі. Перад гэтым яны пабывалі ў лагеры, дзе сабралася мноства нелегальных мігрантаў, у асноўным з Емена, Сірыі, Ірака і Афганістана.

Краіны, адкуль усе яны прыбылі, падзяляюць тысячы кіламетраў, але аб'ядноўвае агульны лёс: галеча, лакальныя войны, палітычная нестабільнасць і поўная адсутнасць будучыні.

Беларуска-польская мяжа ў апошнія месяцы стала эпіцэнтрам міграцыйнага крызісу, пагоршанага напружанымі адносінамі паміж Захадам і рэжымам Лукашэнкі.

_121891631_gettyimages_1236868814.jpg


Звілісты шлях

Даніэль працаваў шафёрам у кубінскай правінцыі Матансас і жыў з маці ў маленечкай кватэрцы. Па яго словах, праца яму падабалася, але ён атрымліваў усяго 2400 песа (каля 105 долараў) у месяц. Пасля выплаты падаткаў і аліментаў на сямігадовага сына і шасцігадовую дачку грошы разляталіся за некалькі дзён.

«Усе цэны ў нас залежаць ад курсу долара. Заробку і раней не хапала, але потым зрабілася зусім невыносна, — распавядае Даніэль. — Многія шукаюць незаконных даходаў, але гэта давядзе да бяды».

Наш герой вырашыў пакінуць Кубу.

Зрабіць гэта не так проста. Без візы з кубінскім пашпартам можна ўехаць прыкладна ў 30 краін. Адна з іх — Расія.

У Маскве Даніэль пазнаёміўся з Адрыянам з Гаваны. Той распавёў, што не спяшаецца працягнуць шлях, але потым нейкія людзі паабяцалі ім лёгкі транзіт у Германію праз Беларусь і Польшчу.

Па словах Адрыяна і Даніэля, гэта былі мясцовыя кубінскія мафіёзі. Маладыя людзі заплацілі ім па тры тысячы долараў, і іх адвезлі на дзвюх машынах да беларуска-польскай мяжы.

«Я хацеў дабрацца да Іспаніі, таму што там мая родная мова, — распавядае Даніэль. — Мая былая дзяўчына, якая жыве ў Германіі, пазычыла мне грошай на паездку ў Расію, і мы дамовіліся, што я буду ёй іх вяртаць, калі пачну працаваць».

Адрыян таксама прыйшоў у захапленне ад ідэі трапіць у Іспанію, дзе ў яго былі прыяцелі.

Аўтамабільнае падарожжа працягвалася некалькі дзён. Даніэль і Адрыян кажуць, што нават збіліся з ліку дзён, але сцвярджаюць, што прыбылі на мяжу 30 кастрычніка.


Краіна няздзейсненай надзеі

«Машыны па шляху мяняліся чатыры разы. Пад канец нас пасадзілі ў адну машыну. Кіроўца-беларус раптам затармазіў, адкрыў дзверцы і зрабіў недвухсэнсоўны жэст — бяжыце!» — працягвае свой аповед Даніэль.

Мы паглыбіліся ў лес, доўга цягнуліся ў цемры, пакуль не натыкнуліся на загарадзь з калючага дроту. Сталі рассоўваць дрот палкай, палка зламалася. Мы разумелі, што плот, хутчэй за ўсё, абсталяваны датчыкамі, і на тое, каб пераадолець яго і схавацца у нас не больш за пяць хвілін.

Трапіць на той бок нам урэшце атрымалася, але я моцна падрапаўся.

Неўзабаве аказалася, што мы нават не ў Польшчы, а блукаем па нейкай нічыйнай зямлі. Польшча ляжала перад намі ў некалькіх дзясятках метраў, але яшчэ адна загарода з калючага дроту здавалася непрыступнай, да таго ж, мы бачылі па той бок польскіх памежнікаў.

Цэлы дзень мы пабрылі ўздоўж калючага дроту, прайшлі, пэўна, кіламетраў трыццаць. Начавалі ў лесе. Нарэшце знайшлі неадрамантаваны ўчастак плота і, хоць не без складанасцяў, змаглі вычакаць момант і перабрацца.

7133a7bd3cc2ea434daffb460f487a07e6fd1db5a56cd89132aa74030d2f.jpg


У Маскве нас запэўнівалі, што галоўнае — апынуцца ў Польшчы, а там можна будзе любым аўтобусам даехаць да Варшавы і з яе — у Германію. Але польскія паліцыянты затрымалі нас, пасадзілі ў патрульную машыну і адвезлі ў пастарунак.

Трэба сказаць, ставіліся да нас нядрэнна, накармілі, пачаставалі гарачай гарбатай і нават выдалі курткі, але потым кудысьці павялі, і мы зразумелі, што нас вяртаюць у Беларусь.


«Я думаў, мне канец»

Зноў апынуўшыся на нейтральнай паласе, сябры вырашылі здацца беларускім уладам. Шлях у Польшчу быў зачынены, начаваць няма дзе, холад узмацняўся, а з ежы ў іх былі толькі цукеркі і пара бутэлек з вадой. Яны знарок закранулі плот з датчыкамі.

Шасцёра беларускіх паліцэйскіх прыбылі праз пяць хвілін у фургоне. «Калі ласка, адвязіце нас у Мінск», — папрасіў Адрыян. І тут пачалі яго біць. Пры гэтым паліцыянты смяяліся.

«Я ляжаў на спіне, мяне штурхалі нагамі, потым прыставілі да скроні зброю. Я думаў, што мне прыйшоў канец, плакаў і ўспамінаў маці і дзяцей», — распавядае Даніэль.

Даніэль зняў вынікі"размовы" на мабільны тэлефон 

Даніэль зняў вынікі"размовы" на мабільны тэлефон 


Потым маладых людзей адвялі на ноч у нейкі склеп, дзе стаяў смурод ад смецця і праржавелых труб, але сябры былі так змучаныя, што, абняўшыся, заснулі на падлозе. «Раніцай яны прыйшлі, сказалі, што ў Мінску нам рабіць няма чаго, і загадалі ісці назад у Польшчу».


Лагерныя пакуты

Тым часам Даніэль і Адрыян зноў апынуліся перад замкнёнай польскай мяжой. Там яны натыкнуліся на дваіх кубінцаў, а затым — яшчэ двух. Аповеды ва ўсіх былі адны і тыя ж: безнадзейныя блуканні, голад, холад, жорсткасць беларускіх сілавікоў.

«Убачыўшы сваіх, мы абдымаліся і цалаваліся ад радасці», — кажа Даніэль.

Вырашылі ехаць у Мінск, але па шляху іх зноў затрымала беларуская паліцыя, пасадзіла ў аўтобус, дзе ўжо сядзелі іракцы, афганцы і афрыканцы, і адвезла ў велічэзны лагер.

Кубінцы сяк-так паразумеліся па-англійску з мімавольнымі спадарожнікамі, якія падзяліліся з імі ежай і вадой. Ад іх жа даведаліся пра існаванне месца, пра якое да таго часу казала ўся сусветная прэса.

У лагеры не было ні прыстасаванага жылля, ні выгод. Даніэль і Адрыян з падручных сродкаў збудавалі сабе будан і сабралі трохі дроў. Там да кампаніі далучыўся яшчэ адзін кубінец.

Будан кубінскіх мігрантаў

Будан кубінскіх мігрантаў


Прыкладна праз тыдзень групу мігрантаў, у тым ліку кубінцаў, перасялілі ў нейкі склад. А потым Даніэль і Адрыян змаглі наладзіць кантакт са спачуваючымі ім людзьмі ў Беларусі і Іспаніі.

Але абстаноўка, у якой яны знаходзіліся, не давала падстаў для радасці. «Ахоўнікі давалі нам бутэрброды з каўбасой, але прымушалі спачатку ўстаць на калені і маліць іх даць нам ежу», — успамінае Даніэль.

«Вельмі сумна, але тут, у Беларусі, чалавечае жыццё як быццам нічога не вартае. Усё тут карумпавана. Каб падзарадзіць тэлефон і пагаварыць з нашымі, ад нас патрабавалі 20 долараў», — кажа Даніэль.


Пакутлівае чаканне

Лёс кубінцаў вырашаецца павольна. Чатыры чалавекі з сямі не вытрымалі і пагадзіліся вярнуцца на Кубу. Астатніх траіх 26 лістапада забралі да сябе ў Мінск, пакуль не вырашыцца сітуацыя, дзве жанчыны з мясцовай кубінскай абшчыны.

Кубінцы баяцца дэпартацыі на радзіму. «Тут я сутыкнуўся з вельмі суровай рэальнасцю, але там наогул немагчыма жыць», — кажа Даніэль.

Яго запаветная мара — пасяліцца ў якой-небудзь краіне Еўрасаюза, пажадана ў Іспаніі, і, калі атрымаецца, вывезці з Кубы маці. «Мая мама заслугоўвае чалавечай старасці, як загадвае Гасподзь, — кажа ён. — Я хачу не фатаграфавацца на пляжах і хадзіць па дыскатэках, а працаваць дзень і ноч».

Маладыя людзі рэгулярна стэлефаноўваюцца з іспанскім актывістам Андрэсам Арэналам, які клапоча за іх перад палітыкамі сваёй краіны. Але пакуль ім застаецца толькі чакаць і спадзявацца на лепшае.

***

Беларусь неаднаразова абвінавачвала Польшчу ў жорсткім абыходжанні з мігрантамі, пры гэтым падкрэсліваючы, што толькі Мінск аказвае бежанцам дапамогу і падтрымку. Падчас наведвання лагістычнага цэнтра, дзе часова пражываюць бежанцы, кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента Наталля Качанава абвінаваціла ЕС у бяздзейнасці.

«Толькі наша краіна робіць усё для гэтых людзей, — заявіла Качанава. — Забяспечвае харчаваннем, стварае ім неабходныя ўмовы, дапамагае тым, хто гэтага захоча, вярнуцца дадому. Але гэта павінны бачыць кіраўнікі тых краінаў, што запрасілі бежанцаў. Хіба гэта нармальна ў XXI стагоддзі — так здзекавацца з людзей? Пусціце іх туды, куды яны хочуць».

Руская служба ВВС паспрабавала звязацца з Дзяржпагранкамітэтам Беларусі па нумарах узаемадзеяння са СМІ, але не атрымала адказу.