Новым паслом Аўстрыі ў Мінску стане спецыяліст па «гарачых кропках»

Перастаноўкі ў аўстрыйскім МЗС закранулі дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Беларусі.

Рональд Штурм

Рональд Штурм


Пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вёргетэр (Aloisia Wörgetter), якая стала за апошнія месяцы ўлюбёным аб’ектам для нападак з боку дзяржаўнай прапаганды Беларусі, ідзе на павышэнне і ўзначаліць пастаяннае прадстаўніцтва Аўстрыі пры Радзе Еўропы ў Страсбургу, піша гісторык і аглядальнік прэсы Аляксандр Фрыдман са спасылкай на аўстрыйскі тэлеканал Puls 24.

А вось змяніць яе ў Мінску павінен дыпламат Рональд Штурм (Ronald Sturm) — спецыяліст па «гарачых кропках», які шмат гадоў працаваў паслом Аўстрыі ў Лівіі. Выбар у карысць Штурма многае кажа пра ўспрыманне Беларусі ў Аўстрыі.

Цікавасць выклікае, аднак, не толькі бэкграўнд новага пасла, але і сама змена кіраўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва, якая адбываецца на фоне абвастрэння стасункаў паміж Мінскам і Венай у кантэксце скандалу вакол арышту прэс-сакратара А1 Belarus Мікалая Брэдзелева.

Узнікае і пытанне, якім чынам Аўстрыя збіраецца вырашыць праблему даверчых грамат, якія паслы краін ЕС Лукашэнка прынцыпова не ўручаюць, не прызнаючы яго тым самым легітымным кіраўніком Беларусі.