«Усходняе партнёрства» не будзе выключаць Беларусь са свайго складу

Кіраўнікі інстытутаў, дзяржаў і ўрадаў краін Еўрасаюза і краін-удзельніц «Усходняга партнёрства» збіраюцца ў сераду ў Брусэлі на шосты саміт гэтай праграмы. Беларусь на асноўным пасяджэнні будзе прадстаўленая пустым крэслам з афіцыйным сцягам.

fep9yusxwau7ivh_1.jpeg


Карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзвяк паведамляе, што ў выніковай дэкларацыі саміту будзе прысвечаны Беларусі абзац наступнага зместу:

«ЕС шкадуе аб рашэнні беларускіх уладаў прыпыніць свой удзел ва Усходнім партнёрстве і спадзяецца на аднаўленне супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі, як толькі будуць створаныя неабходныя ўмовы для мірнага пераходу да дэмакратыі для пабудовы сумеснага парадку дня, заснаванага на агульных каштоўнасцях і агульных інтарэсах. Між тым, ЕС працягвае ўзаемадзеянне і падтрымку грамадзян Беларусі, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ. Комплексны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі на суму да 3 мільярдаў еўра адлюстроўвае прыхільнасць ЕС да падтрымкі дэмакратычнага выбару беларускага народа. Паўтараючы папярэднія заявы, ЕС асуджае інструменталізацыю мігрантаў і ўцекачоў беларускім уладамі».

12 снежня ў штаб-кватэрах Рады Еўрасаюза і Еўракамісіі ў Брусэлі адбылася серыя сустрэч кіраўнікоў Еўрапейскага саюза з дэмакратычнай лідаркай Беларусі Святланай Ціханоўскай.

Кіраўнік Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль тады паведаміў, што Еўрасаюз выдаткаваў больш як 33 мільёны еўра на непасрэдную дапамогу беларускаму народу з жніўня 2020 года, а таксама прыняў пакет у 15 мільёнаў еўра, «які будзе дапаўняць і пашыраць бягучую дапамогу». Шэраг палітыкаў паабяцаў і далей падтрымліваць Беларусь на палітычным узроўні, згадваць палітвязняў.

Раней меркавалася, што Беларусь на саміце будзе прадстаўляць Святлана Ціханоўская, але ў другой палове лістапада кіраніцтва Еўрасаюза адмовілася ад гэтай ідэі. Тым не менш Ціханоўская застаецца ў Брусэлі і ў дзень правядзеньня саміту. Падчас форуму яна правядзе шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі краін Еўрасаюза: канцлерам Аўстрыі, прэм’ер-міністрамі Славеніі, Славакіі, Люксембургу, Бельгіі.

У тым ліку Святлана Ціханоўская будзе працягваць кансультацыі з кіраўніцтвам Еўрасаюза аб удзеле Беларусі ва «Усходнім партнёрстве», паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Ціханоўскай.

«Усходняе партнёрства» — праект Еўрапейскага саюза, які мае асноўнай мэтай развіццё інтэграцыйных сувязяў Еўрасаюза з шасцю краінамі былога СССР: Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай.

Ініцыятыва разглядаецца як свайго роду рэгіянальнае вымярэнне еўрапейскай палітыкі суседства, якая была ініцыяваная Еўрасаюзам у дачыненні да сваіх «новых суседзяў» пасля чарговага пашырэння ў траўні 2004 года. Асноўнымі прыярытэтамі рэформаў у краінах-партнёрах і іх супрацоўніцтва з ЕС названыя наступныя вобласці:

  • дэмакратыя, удасканаленне сістэмы кіравання і забеспячэнне стабільнасці;
  • эканамічная інтэграцыя і канвергенцыя з галіновай эканамічнай палітыкай ЕС, уключаючы стварэнне зон свабоднага гандлю;
  • энергетычная бяспека;
  • развіццё кантактаў паміж людзьмі (лібералізацыя візавага рэжыму і ўзмацненне барацьбы з незаконнай міграцыяй).

Ініцыятыва прадугледжвае заключэнне ў перспектыве двухбаковых пагадненняў паміж ЕС і краінамі-партнёрамі аб асацыяцыі, што павінна паслужыць важным крокам на шляху іх далейшай інтэграцыі ў еўрапейскую сацыяльна-эканамічную і палітычную прастору.