БСЖ: у лагеры ў Брузгах каля 800 мігрантаў. Улады Ірака: на беларуска-польскай мяжы іх у 5 разоў больш

У арганізаваным беларускімі ўладамі лагеры для мігрантаў у транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі» знаходзяцца больш за 800 чалавек, з якіх 200 дзяцей. Пра гэта паведаміла кіраўніца Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Ірына Сцепаненка.

1027058008_0_177_3500_2156_2072x0_60_0_0_5d91366ba2c2de2344ad48bf22606064.jpg


Гэта 38-ы дзень знаходжання мігрантаў ля пункта пропуску Брузгі на беларуска-польскай мяжы. За мінулыя суткі за дапамогай звярнуліся 14 чалавек, піша REFORM.by са спасылкай на БелТА.

У панядзелак міністр па справах міграцыі і перамешчаных асобаў Ірака Айван Фаік паведамляла, што ў раёне мяжы паміж Беларуссю і Польшчай усё яшчэ застаюцца больш за 4 тысячы ірацкіх мігрантаў.

Ірацкія ўлады аформілі больш за 400 пашпартоў для мігрантаў, якія знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы, для іх бесперашкоднага вяртання на радзіму. Пра гэта ў сераду заявіў афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных спраў Іраку Ахмед ас-Сахаф, піша Радыё Свабода.

«МЗС выдаў 420 пашпартоў іракцам, якія знаходзяцца ў раёне мяжы паміж Беларуссю і Польшчай і гатовыя добраахвотна вярнуцца ў Ірак», — сказаў ас-Сахаф, словы якога прывяло ірацкае інфармацыйнае агенцтва INA. Чыноўнік дадаў, што дакументы былі выдадзеныя мігрантам «дзякуючы намаганням амбасадаў Іраку ў Маскве і Варшаве, а таксама палявым консульскім групам, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, Літве, Латвіі і Польшчы».

Ас-Сахаф інфармаваў, што дзевяццю спецыяльнымі авіярэйсамі з Мінска ў Ірак добраахвотна вярнуліся больш за 3,5 тыс. чалавек, што знаходзіліся на мяжы Беларусі і Польшчы.