Марскія прыгоды мільярдэраў і мора трагедый «простых людзей»
На мінулым тыдні адбыліся дзве падзеі, якія звычайна называюць «інцыдэнтамі на моры». Адна з іх атрымала шырокае асвятленне ў прэсе, навіны пра яе з’явіліся і на сайтах беларускіх медыя. Знайсці інфармацыю пра другую — той яшчэ квэст, нават у англамоўным сектары. Хоць па маштабах трагічнасці, падаецца, другі інцыдэнт несупастаўляльна большы за першы.
У госці да «Тытаніку»
Гучыць крыху цынічна, улічваючы абставіны. Тым не менш, менавіта з гэтага ўсё і пачыналася.
Рэшткі «Тытаніка», асабліва пасля аднайменнага фільма, які атрымаў 11 «оскараў», казычуць уражанне і вабяць разнастайных рамантыкаў, вандроўнікаў, аматараў прыгод. А калі існуе попыт, дык будзе і прапанова. З 2021-га кампанія «OceanGate» («АкіянскаяБрама») ладзіць турыстычныя вандроўкі для жадаючых убачыць знакаміты карабель на ўласныя вочы. З паўночна-ўсходняга краю канадскага вострава Ньюфаўндленд да месца, дзе затануў «Тытанік», турыстаў вязуць на караблі «Палярны Прынц». Далей яны здзяйсняюць пагружэнне на апараце з гаваркой назвай «Тытан». Гэты апарат умяшчае пяць чалавек, у склад якіх звычайна ўваходзяць пілот, тры турысты і гід. Ён дастаўляе іх непасрэдна да таго месца на дне акіяна, дзе на глыбіні 3750 метраў ляжыць «Тытанік».
Канечне, кошт такога глыбакаводнага шпацыру далёка не маленькі. Каб апынуцца ў крэсле «Тытана», трэба выкласці 250 тыс. даляраў. І цалкам зразумела, што дазволіць сабе гэта можа далёка не кожны.
У мінулую нядзелю ранкам «Тытан» здзяйсняў сваё першае пагружэнне да «Тытаніка» ў гэтым годзе. Праз гадзіну 45 хвілін пасля пачатку пагружэння сувязь з субмарынай знікла. У бягучы момант аніякай інфармацыі пра ейны лёс і лёс ейнага экіпажа няма.
Кіраўніцтва кампаніі-арганізатара абвясціла, што адразу пасля знікнення сувязі пачаліся пошукавыя і ратавальныя мерапрыемствы. Танальнасць заяў абнадзейвае. Корпус зніклага «Тытана» зроблены з адмысловага вуглепластыку і тытану, што дазваляе яму пагружацца на глыбіню да 4000 м. Акрамя таго, на борце знаходзяцца запасы кіслароду, якіх мусіць хапіць да пятніцы. То-бок у пошукавікаў ёсць некаторы час, каб знайсці падводны апарат і выратаваць людзей.
З іншага боку, думаю, усе ведаюць, як цяжка шукаць згубленую рэч у вадзе. Той жа корпус «Тытаніка» шукалі дзесяцігоддзямі, хоць каардынаты катастрофы былі вядомымі. А «Тытанік» куды буйнейшы за «Тытана», памер якога не перавышае памераў невялікага грузавіка. Акрамя таго, кіраўніцтва кампаніі «OceanGate» ўжо пачало скардзіцца на «вашынгтонскую бюракратыю», якая не спяшаецца выдзеліць абсталяванне, неабходнае для пошукаў.
Інтарэс да інцыдэнту з «Тытанам» прыцягвае і той факт, што сярод чальцоў экіпажа значыцца брытанскі мільярдэр Гэміш Гардынг. Гэты чалавек не толькі з’яўляецца выбітным бізнесоўцам (ён заснаваў кампанію, якая працуе ў галіне камерцыйнай авіяцыі), але і вядомым падарожнікам і шукальнікам прыгод. Некалькі разоў ён наведваў Паўднёвы полюс, прычым у 2016-м гэта зрабіў разам з астранаўтам Базам Ольдрынам, якому на той момант было 86 гадоў (які цудоўны прыклад актыўнасці ў сталым узросце!). Год таму ён здзейсніў палёт у космас на борце шматразовага касмічнага карабля «New Shepard» («Новы Шэпард»), прызначанага для касмічнага турызму.
Імя Гардынга тройчы прыгадваецца ў Кнізе рэкордаў Гінэса. Першы раз ён трапіў туды ў 2019-м, за рэкордны час аблёту вакол Зямлі праз Паўднёвы і Паўночны полюсы (46 гадзін 40 хвілін). Два іншыя рэкорды ён усталяваў у 2021-м, падчас глыбакаводнага пагружэння ў Марыянскі жолаб: працягласць пагружэння (чатыры гадзіны 15 хвілін) і дыстанцыя, пераадоленая ўздоўж дна (чатыры кіламетры). Акрамя таго, Гардынг арганізаваў аперацыю па перамяшчэнні некалькіх гепардаў з Афрыкі ў Індыю ў рамках кампаніі па аднаўленні папуляцыі гэтых звяроў на Індастане. Карацей, ён — прыклад сучаснага актыўнага і адказнага мільярдэра.
Акрамя яго на борце «Тытана» знаходзяцца двое грамадзян Пакістана — Шахзада Давуд і ягоны сын Сулейман, чалец кіраўніцтва «OceanGate» Стоктан Раш і даследчык акіянскіх глыбінь 73-гадовы Поль-Анры Наржэале. Карацей, поўны набор прыкладаў жыццёвага поспеху. Тым больш гэты поспех будзе поўным, калі пошукава-выратавальная аперацыя таксама завяршыцца поспехам.
На ПМЖ у Еўропу
Спадзяванняў, што поспехам завяршыцца другая выратавальная аперацыя, ужо, на жаль, амаль няма.За некалькі дзён да таго, як перапоўнены поспехам «Тытан» накіраваўся да «Тытаніка», да ўзбярэжжа Грэцыі накіроўвалася іншае судна. На ягоным борце таксама прысутнічалі грамадзяне Пакістана. Але матывы, па якіх яны выправіліся ў сваё падарожжа, былі моцна адрознымі ад тых, якімі кіраваўся экіпаж «Тытана».
У апошні час у Пакістане выбухнула інфляцыя, што значна пагоршыла жыццё насельніцтва гэтай краіны. Насельніцтва, заўважым, не маленькага — каля 220 мільёнаў. Гэта прымусіла шмат каго выправіцца ў падарожжа ў Еўропу, у спадзяванні, можа, не на такі поспех, як у Гэміша Гардынга, але на дасягненне прыстойнага ўзроўню жыцця. І далёка не ўсе пры гэтым карыстаюцца легальнымі шляхамі. Некаторая частка спрабуе штурмаваць такую знаёмую і блізкую нам мяжу, але большасць усё ж карыстаецца шляхам праз Блізкі Усход і Міжземнае мора.
Вось тут мігрантаў і чакаюць найвышэйшыя рызыкі. Акрамя таго, што можна быць перахопленым берагавой аховай еўрапейскіх краін, пра саму бяспеку марскога падарожжа мала хто клапоціцца. Арганізатары трафіка людзей імкнуцца атрымаць як мага большы прыбытак, таму на маленькія рыбацкія караблікі набіваюць людзей не нашмат менш, чым на той жа «Тытанік».
Менавіта з такім суднам у ноч на мінулую сераду здарылася катастрофа. Не ў прыклад глыбакаводнаму апарату «Тытан» ніхто не можа нават прыгадаць назвы гэтага судна. Між тым ягоная аварыя можа стацца самай жудаснай трагедыяй на Міжземнамор’і. Па некаторых звестках, на судне, якое перакулілася ля ўзбярэжжа Грэцыі, магло знаходзіцца 750 чалавек. На бягучы момант вядома пра выратаванне 100 з іх. Такім чынам, колькасць ахвяр толькі ў два з паловай разы меншая, чым колькасць ахвяр пасля катастрофы «Тытаніка». Сярод тых, хто загінуў ці знік без вестак — дзясяткі жанчын і дзяцей.
У адрозненне ад інцыдэнту з «Тытанам» і мільярдэрамі на ягоным борце, катастрофа рыбалоўнага траўлера з нелегальнымі мігрантамі практычна не знайшла водгуку на старонках прэсы. Толькі пакістанскія сайты, усхваляваныя лёсам сваіх суайчыннікаў (хоць акрамя іх ахвярамі катастрофы сталі грамадзяне Сірыі, Ірака ды іншых краін Блізкага Усходу), публікавалі аповеды тых, хто згубіў сваіх родзічаў, а таксама паведамлялі пра ход расследавання.
Толькі цяпер, амаль праз тыдзень пасля трагедыі, сусветныя СМІ пачынаюць даваць інфармацыю пра драматычныя падзеі ля еўрапейскіх берагоў. Прычым у цэнтры абмеркавання — роля берагавой аховы Грэцыі ў гэтым інцыдэнце. Па некаторых сведчаннях, менавіта дзеянні берагавой аховы прывялі да трагедыі. Маўляў, судна з мігрантамі падганялася караблём аховы да берага ў вельмі небяспечным месцы, што і прывяло да перакульвання. Прадстаўнікі берагавой аховы, як і прадстаўнікі грэчаскіх улад, цалкам абвяргаюць магчымасць сваёй адказнасці за катастрофу. Яны сцвярджаюць, што ў момант перакульвання караблёў берагавой аховы і блізка не было ля судна з мігрантамі.
Следства, магчыма, высветліць усе абставіны здарэння. Але ў любым выпадку катастрофа ля грэчаскіх берагоў дасць нагоду для новай хвалі абмеркавання палітыкі ўрадаў краін ЕЗ датычна нелегальных мігрантаў. Водгулле гэтага абмеркавання, магчыма, дакоціцца і да «муру», узведзенага на мяжы з Беларуссю. Але наўрад ці гэта нешта зменіць у агульнай сітуацыі на памежжы нашай краіны з Еўразвязам. Бо, як усе разумеюць, галоўныя нашыя праблемы далёка не ў мігрантах.
На прыкладзе гэтых дзвюх гісторый мы можам зрабіць выснову наконт таго, наколькі цяжка вывесці ў інфармацыйнае поле падзею, якой бы драматычнай і маштабнай яны не была, калі гэтая падзея адбываецца з кімсьці далёкім, невядомым і, у вачах значнай колькасці чалавецтва, малаістотным. Знікненне мільярдэра — інфа для першых палос усіх медыя і падстава для маштабнай выратавальнай аперацыі. Гібель некалькіх сотняў грамадзян краін «трэцяга свету» — лакальная навіна з канстатацыяй факта. З гэтым анічога не зробіш: такая ўжо прырода чалавека. А калі ты адсутнічаеш у інфармацыйнай прасторы, мала шанцаў, што хтосьці дапаможа вырашаць твае праблемы.
Затое праз гэта можна ацаніць, колькі высілкаў трэба прыкласці, каб навіны пра нас (а тут, думаю, ні ў каго няма ілюзій, што мы з’яўляемся менавіта тым самым умоўным «трэцім светам» у вачах астатняга чалавецтва) з’явіліся ў сусветных медыя. І не проста з’явіліся, а заставаліся ў іх цягам некалькіх год.
Канечне, зусім не хочацца, каб навіны, звязаныя з намі, тычыліся нейкіх драматычных падзей, катастроф, войнаў. Але і для гэтага варта прыкладаць высілкі, у тым ліку і інтэлектуальныя. Бо, як і са з’яўленнем інфармацыі ў СМІ, анічога не ўзнікае само па сабе. І да чаго мы будзем супольна імкнуцца, тое, з вялікай ступенню верагоднасці, з намі і адбудзецца. Будзем імкнуцца да вайны — будзе нам вайна. І адпаведныя навіны. Будзем імкнуцца да перамогі мірным шляхам — гэтая перамога будзе цалкам рэальнай. Прысутнасць у сусветных медыя дае нам дадатковы шанец на гэта.