Рэжысёр «Тытаніка» Джэймс Кэмеран: Я праз гадзіну пасля здарэння зразумеў, што здарылася з батыскафам

Абломкі зніклага батыскафа выявілі за 500 метраў ад «Тытаніка», якраз у тым месцы, дзе з ім знікла сувязь. Экіпаж «Тытана» загінуў. Рэжысёр Джэймс Кэмеран распавёў, што кампанію «OceanGate», якая арганізавала апусканне, неаднаразова папярэджвалі пра небяспеку для экспедыцый да патанулага «Тытаніка».

Батыскаф «Titan» кампаніі «OceanGate». Фота: OceanGate Inc.

Батыскаф «Titan» кампаніі «OceanGate». Фота: OceanGate Inc.

Галівудскі рэжысёр Джэймс Кэмеран, які зняў культавы фільм «Тытанік» і здзейсніў мноства апусканняў на вялікую глыбіню, сказаў у інтэрв'ю ВВС, што адразу пасля знікнення батыскафа «Тытан» ён западозрыў самае горшае.

Джэймс Кэмеран таксама паведаміў, што кампанію «OceanGate», якая арганізавала спускі, неаднаразова папярэджвалі аб небяспецы экспедыцый да «Тытаніка».

Батыскаф «Тытан», на борце якога знаходзілася пяць чалавек, перастаў выходзіць на сувязь праз 1 гадзіну і 45 хвілін пасля пачатку місіі ў мінулую нядзелю. Пошукавая аперацыя працягвалася да вечара 22 чэрвеня, калі ў моры, непадалёк ад месца гібелі «Тытаніка», былі выяўлены абломкі батыскафа. Эксперты лічаць, што апарат разбурыўся пад цяжарам вады, усе чальцы экіпажа загінулі.

Кэмеран, які сам апускаўся да абломкаў «Тытаніка» 33 разы, кажа, што карціна таго, што адбылося, стала яму зразумелая з самага пачатку.

«Я нутром адчуваў, што менавіта адбылося. Калі адразу адмовіла электроніка падлодкі, перасталі працаваць сістэма сувязі і транспондар сачэння — падлодка знікла», — кажа Кэмеран.

Рэжысёр распавёў, што абтэлефанаваў свае кантакты сярод падводнікаў — і праз гадзіну склаў поўнае ўяўленне пра тое, што магло здарыцца.

«Яны апускаліся, іх мэтай было спусціцца на глыбіню 3800 метраў, на метцы ў 3500 метраў з імі знікла сувязь і адключылася сістэма сачэння. Я адразу сказаў, што страта абедзвюх сістэм можа быць толькі вынікам нейкай каласальнай катастрофы», — успамінае Джэймс Кэмеран.

Паводле яго, першая думка была менавіта пра тое, што капсулу магло раздушыць залішнім ціскам вады.

На дадзены момант гэта і з'яўляецца асноўнай версіяй гібелі «Тытана». Эксперты выкарыстоўваюць для апісання гэтай з'явы тэрмін імплозія.

У чацвер афіцыйны прадстаўнік ВМС ЗША паведаміў журналістам, што неўзабаве пасля таго, як «Тытан» страціў кантакт з паверхняй, ваенна-марскі флот выявіў «акустычныя анамаліі [гэта значыць шум], адпаведныя імплозіі».

 

Кэмеран, які сам апускаўся да абломкаў «Тытаніка» 33 разы

Кэмеран, які сам апускаўся да абломкаў «Тытаніка» 33 разы

Гэта інфармацыя была перададзена групе берагавой аховы ЗША, якая з яе дапамогай спрабавала звузіць радыус зоны пошуку.

Кэмеран сказаў ВВС, што для яго мінулы тыдзень «нагадваў зацягнуты кашмарны спектакль, калі працягваецца мітусня з бясконцымі размовамі пра стукі, кісларод і пра ўсё астатняе».

«Я ведаў, што батыскаф знаходзіцца роўна пад тым месцам, адкуль апошні раз паступалі даныя аб яго глыбіні і месцазнаходжанні. Менавіта там яго і знайшлі», — кажа рэжысёр.

Ён звяртае ўвагу на тое, што «Тытан» знайшлі вельмі хутка толькі пасля таго, як у чацвер быў задзейнічаны дыстанцыйна кіраваны падводны апарат Victor 6000. 


«OceanGate» ігнаравалі папярэджанні»

Па словах Кэмерана, у гібелі «Тытана», які спусціўся паглядзець на трагедыю «Тытаніка», ёсць «жудасная іронія». Да гэтага рэжысёр казаў у тэлевізійных інтэрв'ю, што капітана «Тытаніка» неаднаразова папярэджвалі аб небяспецы айсбергаў, але ён гэтыя папярэджанні праігнараваў.

Цяпер, сцвярджае рэжысёр, гісторыя паўтарылася, паколькі кампанію «OceanGate», якой належаў «Тытан», папярэджвалі, што яна, як гаварылася ў адной калектыўнай заяве, «ідзе па шляху да катастрофы».

«Цяпер у нас ёсць яшчэ адно крушэнне, якое адбылося, на жаль, з-за той жа памылкі — ігнаравання папярэджанняў», — сказаў Кэмеран.

Галівудскі рэжысёр не першы, хто кажа пра праблемы бяспекі падводных экспедыцый «OceanGate». У прыватнасці, у распараджэнні «New York Times» аказаўся ліст, напісаны ў «OceanGate» Таварыствам марскіх тэхналогій (MTS) — у ім гаворыцца, што «эксперыменты кампаніі могуць прывесці да негатыўных наступстваў».

Па словах Джэймса Кэмерана, за апошні перыяд з кампаніі звольніліся некалькі супрацоўнікаў.

З судовых дакументаў, звязаных з іншай справай, вынікае, што адзін з былых супрацоўнікаў «OceanGate» папярэджваў аб патэнцыйных праблемах з бяспекай батыскафа яшчэ ў 2018 годзе.

Таксама заклапочанасць тэхнічнымі крытэрамі «OceanGate» выражана ў адной са справаздач інспекцыі за подпісам дырэктара кампаніі па кантролі за ажыццяўленнем марскіх аперацый Дэвіда Лохрыджа.


Джэймс Кэмеран вядомы сваёй любоўю да падводнага свету. Ён не толькі апускаўся да месца гібелі «Тытаніка», але і ў Марыянскую ўпадзіну — самую глыбокую кропку Сусветнага акіяна. Значная частка дзеяння яго апошняга фільма «Аватар: шлях вады» («Avatar: The Way Of Water») адбываецца пад вадой.