Генпракуратура: больш за ўсё карупцыйных злачынстваў — у сферы дзяржкіравання
Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў за дзевяць месяцаў бягучага года выяўленая ў сферах дзяржкіравання, аховы здароўя, прамысловасці, будаўніцтва і адукацыі. Гэта было адзначана на пасяджэнні рэспубліканскай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.
Асаблівую пагрозу нацыянальнай бяспецы ствараюць злачынствы, звязаныя з парушэннем парадку бюджэтнага фінансавання дзяржаўных праграм, заключэння і выканання інвестыцыйных дамоў, працэдур закупак за дзяржсродкі. Так, праваахоўнымі органамі ўстаноўлены факты незаконнага выкарыстання значных грашовых сродкаў пры правядзенні закупак у сістэмах канцэрнаў "Беллеспаперапрам", "Белнафтахім", "Беллегпрам", арганізацыях сельскай гаспадаркі.
На думку генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, у краіне недастаткова ўвагі надаецца прафілактыцы такога роду злачынстваў, антыкарупцыйныя камісіі ў аблвыканкамах і міністэрствах працуюць нездавальняюча.
"Барацьба з карупцыяй вядзецца пастаянна. Але ўся праблема ў тым, што праваахоўныя органы, як правіла, працуюць па факце. Задача ж стаіць у тым, каб займацца прафілактыкай карупцыйных злачынстваў. Гэта асноўная задача на сёння. Мы праверылі дзейнасць антыкарупцыйных камісій у аблвыканкамах, у міністэрствах і прыйшлі да высновы, што праца вядзецца нездавальняюча ",— заявіў Аляксандр Канюк.
"Трэба вырашыць, ці патрэбныя гэтыя антыкарупцыйныя камісіі. Таму што на сённяшні дзень у іх дзейнасці шмат фармалізму", — падкрэсліў ён.
Генеральны пракурор дадаў, што на сённяшні дзень усіх прававых сродкаў, якія ёсць у арсенале праваахоўных органаў, дастаткова для эфектыўнай барацьбы з карупцыяй. "Выяўляем і раскрываем добра. Але, паўтаруся, прафілактыка слабая", — адзначыў Аляксандр Канюк.
31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў падрыхтаваць адзіны законапраект аб барацьбе з карупцыяй з улікам новаўвядзенняў яго на разгляд грамадскасці. 12 жніўня пачалося грамадскае
абмеркаванне новага праекта закона.