Хлусні ў нашым жыцці стала замнога

Агітацыйная кампанія кандыдатаў у прэзідэнты розніцца найперш доступам да рэсурсаў — чалавечых і матэрыяльных. Нехта можа ладзіць гадзінны выступ-сход у Палацы рэспублікі з трансляцыяй на ўсю краіну, а хтосьці едзе за сотню кіламетраў дзеля сустрэчы з некалькімі дзясяткамі выбарцаў.



30a237d18c50f563cba4531f1db44acf.jpg

Агітацыйная кампанія кандыдатаў у прэзідэнты розніцца найперш доступам да рэсурсаў — чалавечых і матэрыяльных. Нехта можа ладзіць гадзінны выступ-сход у Палацы рэспублікі з трансляцыяй на ўсю краіну, а хтосьці едзе за сотню кіламетраў дзеля сустрэчы з некалькімі дзясяткамі выбарцаў.
Кандыдат ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў едзе ў Вілейку на сустрэчу з выбарцамі. Выбары ў снежні напраўду нязручныя. На дварэ холадна, цямнее рана, у людзей думкі пра дом і калядныя святы, а не пра лёсавызначальную падзею дзяржавы. Дарога па цёмным заснежаным шасэ падаецца крыху ірэальнай — чаму гэтаму чалавеку не сядзіцца ў цяпле, калі праца яго падаецца сізіфава?
— Стаміўся фізічна за гэты час, — прызнаецца кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, але тут жа з імпэтам расказвае пра свае паездкі па рэгіёнах. — У Брэсце на сустрэчу са мной чыноўнікі не прыйшлі, дык нават сумна без іх, пытанняў правакацыйных ніхто не задае. Нестае адрэналіну, а мне падабаецца, калі востра.
За час выбарчай кампаніі Кастусёў мае намер аб’ехаць каля 50 гарадоў і пасёлкаў краіны — «ад Хоцімска да Камянца». Пакуль едзем да Вілейкі, спадар Рыгор ахвотна адказвае на пытанні, гаворыць проста, без гонару.
— Стаўленне да Лукашэнкі ў краіне рознае. Ёсць тыя, для каго ён кумір, ёсць і тыя, хто прыглядваецца да альтэрнатыўных кандыдатаў. Нядаўна на сустрэчу прыйшлі бабулі, адкамандзіраваныя Саюзам ветэранаў. Спачатку пытанні правакацыйныя задавалі, а пасля падышлі ў фае і хваліць пачалі, маўляў, я такі добры. Чуткі даходзілі, што і ў Адміністрацыі прэзідэнта да мяне прыязна ставяцца, а з Магілёўскага выканкама чыноўнік неяк сказаў, што маральная перамога за мной. Відаць, абмяркоўвалі гэту тэму ў сваіх колах, ёсць разуменне, што і ідэі маюць права на жыццё.
Мне дагэтуль не зусім зразумела, як я стаў кандыдатам у прэзідэнты ад партыі БНФ. У нейкі момант зрабілася відавочна, што партыя мусіць удзельнічаць у гэтай кампаніі, інакш дзе б зараз нашы людзі былі? У нас былі распрацаваныя варыянты, што будзе адзіны, была працэдура правядзення кампаніі з улікам гэтага. Пасля, калі Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што не ідзе на выбары, і БНФ будзе са сваім кандыдатам, то якіх толькі прапаноў не было, да шантажу даходзіла. Але правільна, што мы ўдзельнічаем у гэтай кампаніі, шкада толькі, што позна ўвязаліся — быў бы час больш грунтоўна падрыхтавацца. Палітыцы трэба вучыцца, як і машынай кіраваць.
Кандыдату тэлефануюць журналісты, пытаюцца пра марку яго гадзінніка, пра тое, вопратку якіх вытворцаў ён носіць. «Гадзіннік падарылі яшчэ ў 2000 годзе мае калегі з Віцебску, і марку яго я не ведаю. А гарнітур, туфлі на мне беларускай вытворчасці», — гаворыць кандыдат. Пасля, заінтрыгаваны, так і гэтак круціць уласны гадзіннік, адшукваючы на ім апазнавальныя знакі вытворцы.
У Вілейку Рыгор Кастусёў крыху спазняецца, каля ўваходу ў мясцовы Дом культуры на тумбе для аб’яў вісяць плакаты з выявамі Кастусёва, дзверы ДК залепленыя афішамі выбараў, інфармацыяй пра кандыдатаў і анонсам канцэрту П’ехі. Спадар Рыгор забягае ў залю і, не пераводзячы дыху, — да мікрафону. Паводзіць сябе даволі ўпэўнена. Калі параўноўваць з яго манераю трымацца на публіцы пару месяцаў таму і цяпер, то прагрэс відавочны. Гаворыць пра сельскую гаспадарку, аграгарадкі, сілавыя структуры, мову, культуру.

Кастусёў у Вілейцы


— Я нічога супраць кітайцаў не маю, але свая кашуля бліжэй да цела, таму трэба, каб нашы дзеці вывучалі беларускую мову, каб адчувалі сябе беларусамі. Інакш праз нейкі час беларусы будуць вымушаныя размаўляць па-кітайску. Ім дзесяць мільёнаў туды, дзесяць сюды... — даводзіць пра сумныя перспектывы тытульнай нацыі краіны кандыдат.
Людзі спакойна слухаюць Кастусёва, па рэпліках з залі, па згодных кіўках галовамі бачна, што на сустрэчы многа прыхільнікаў. Падымаецца нейкі дзяцюк: «Вось вы правільна гаворыце ўсё, але што наконт заробкаў, бо гэта галоўнае. Мы заробак атрымліваем 30-га, а за кватэру трэба плаціць да 25-га, хіба гэта правільна?» Рыгор Андрэевіч сваіх патэнцыйных выбарцаў супакойвае цытатамі ад Пракаповіча, прыкладамі са свайго жыцця. Ужо пасля сустрэчы завязваецца дыскусія з жанчынамі, якія працуюць у выбарчых камісіях. Яны пераконваюць кандыдата, што ніякіх фальсіфікацый ніколі не можа быць.
— Я на свае вочы бачыў чыстыя бланкі з подпісамі ўсіх сябраў камісіі, вы хочаце, каб я зараз паверыў сваім вушам і не паверыў сваім вачам? — кажа спадар Рыгор.
Ад фальсіфікацый размовы перацяклі да Плошчы, адна з жанчын прасіла гарантый, што яе дачка, калі туды пойдзе, застанецца жывая і здаровая...
Калі Рыгор Кастусёў выходзіў з Дома культуры пасля сустрэчы, то плакаты з яго выявай ужо былі пазрываныя. Мясцовыя партыйцы разводзілі рукамі: «Зрывае нехта, не паспяваем вывешваць».
— Калі аднойчы зменіцца ўлада, то даказаць, што Лідзія Ярмошына фальсіфікавала выбары, будзе цяжка. Доказы будуць на тых, хто дакументы, пратаколы падпісваў. А гэта старшыні камісій. А ёй што прад’явіць? Не думаю, што недзе будуць дакументальна аформленыя загады на махінацыі, — разважае спадар Рыгор на зваротнай дарозе ў Мінск. — Не думаю, што ў некага ёсць канкрэтны план наконт Плошчы. Так, напрацоўкі ёсць. Але хто дакладна ведае, што будзе? Мы сустракаліся з некаторымі кандыдатамі, размаўлялі пра Плошчу. Ніхто не хоча браць на сябе адказнасць за магчымыя ахвяры, весці людзей на барыкады. І нашай партыі не трэба гэта, не трэба заплямліваць сябе крывёй, бо каштоўнасць чалавечага жыцця несуадносная з амбіцыямі. Увогуле, пытанняў цяпер больш, чым адказаў. Але хлусні ў нашым жыцці стала замнога, і з ёй трэба сканчаць, немагчыма жыць у хлусні.