Хто «палітычныя», а хто не

У лютым партыйныя актывісты заявілі пра неабходнасць стварэння экспертнай рады па вызначэнні палітвязняў. Адмыслова сфармаваная каардынацыйная група «За волю» распачала правядзенне тэматычных круглых сталоў, дзе паўстала пытанне пра адзіны спіс «палітычных». Ёсць разыходжанні паміж грамадска-палітычнымі актывістамі і прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый у поглядах на крымінальныя справы Аляксандра Крутога, Юрыя Чыгілейчыка і Аляксандра Малчанава. (На здымку: Валянцін Стэфановіч)



93189dd27c5c3221f5687b74bcba0ab6.jpg

У лютым партыйныя актывісты заявілі пра неабходнасць стварэння экспертнай рады па вызначэнні палітвязняў. Адмыслова сфармаваная каардынацыйная група «За волю» распачала правядзенне тэматычных круглых сталоў, дзе паўстала пытанне пра адзіны спіс «палітычных». Ёсць разыходжанні паміж грамадска-палітычнымі актывістамі і прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый у поглядах на крымінальныя справы Аляксандра Крутога, Юрыя Чыгілейчыка і Аляксандра Малчанава.

(На здымку: Валянцін Стэфановіч)


Прэтэнзіі да праваабаронцаў — што яны адмовіліся ад гэтых трох «спрэчных кандыдатаў на палітвязняў», зацягнуўшы з вызначэннем «сваіх», «нацыянальных» крытэраў палітычна матываваных спраў, — былі агучаны на старонках НЧ у артыкулах Таццяны Шапуцькі. З іх вынікае, што абурэнне скіравана ў асноўным на «афіцыйны» спіс палітвязняў на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна», які група «За волю» лічыць няпоўным.
Каб артыкуляваць усе важныя акцэнты ў справе прызнання-непрызнання «палітычных», намеснік кіраўніка «Вясны» Валянцін Стэфановіч прадстаўляе праваабарончы ракурс праблемы.
Спісы палітвязняў: нюансы
Стварэнне адзінага спісу палітвязняў — галаўны боль не толькі беларускага грамадства. Ва Украіне і ў Расіі ў сувязі з апошнімі прэзідэнцкімі выбарчымі кампаніямі палітычны пераслед таксама набыў вялікую актуальнасць. І паўсюль эксперты адзначаюць «неаднароднасць» спісаў палітвязняў, а ад праваабарончай супольнасці патрабуецца больш дакладны і шматбаковы аналіз спраў, каб у кожным выпадку вылучыць палітычны складнік.
«Грамадскай» экспертызы тут відавочна недастаткова. Валянцін Стэфановіч лічыць, што манапольнага ключа на складанне спісаў палітвязняў не павінна быць ні ў каго, але падкрэслівае важнасць прафесійнага падыходу. «Асноўнае — пытанне прафесійнай ацэнкі і падмацавання сваіх высноваў аналізам, канкрэтнымі фактамі, — кажа праваабаронца. — Я разумею, што палітычныя партыі могуць мець свой інтарэс у прызнанні асобы палітвязнем. Напрыклад, таму што ён «свой», не могуць яго кінуць, і іншае. Але праваабаронцы ў гэтай сітуацыі павінны займаць незалежную пазіцыю, не прымаць кан’юктурных рашэнняў, незалежна ад таго, ад каго яны зыходзяць. Мы мусім імкнуцца называць рэчы сваімі імёнамі. І што тычыцца «Вясны», мы не складаем «афіцыйныя» спісы, як напісала Таццяна Шапуцька. Гэта спісы тых, каго прызнае палітвязнямі «Вясна». Мы ўзгадняем сваю пазіцыю з Беларускім Хельсінкскім камітэтам, Цэнтрам прававой трансфармацыі, камітэтам «Салідарнасць» і іншымі калегамі. І калі ў спісе на нашым сайце «клікнуць» на прозвішча палітвязня, то можна прачытаць кароткі аналітычны агляд яго справы, дзе тлумачыцца, чаму мы робім выснову пра палітычны кантэкст яго справы. Але наша меркаванне часам не супадае з меркаваннямі палітычных суб’ектаў».
Пра «нацыяналізацыю» крытэраў
Пры больш-менш дакладным вывучэнні праблемы зразумела, што неабходнасць у выпрацоўцы нацыянальных крытэраў вызначэння «палітычных» спраў аб’ектыўна адсутнічае. Іх наяўнасць нават супярэчыла б прынцыпу ўніверсальнасці, да якога імкнецца міжнародная праваабарончая супольнасць. Існуюць крытэры, выпрацаваныя аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі — Саветам Еўропы, «Міжнароднай Амністыяй», Human Rights Watch. Беларускія праваабаронцы кіруюцца гэтымі крытэрамі (што бачна і з аглядаў крымінальных спраў на сайце «Вясны»). Праблема заключаецца крыху ў іншым: «У шэрагу выпадкаў мы абсалютна спакойна і адразу можам кваліфікаваць справу як палітычна матываваную, — тлумачыць Валянцін Стэфановіч. — Напрыклад, калі гэта звязана з рэалізацыяй чалавекам аднаго са сваіх грамадзянска-палітычных правоў і свабодаў — свабоды асацыяцыяў, свабоды сходаў, свабоды меркаванняў і г.д. Ці калі ёсць відавочны палітычны матыў — у дзеяннях асобы ці ў дзеяннях дзяржавы ў дачыненні да гэтай асобы. Але ёсць больш замаскіраваныя выпадкі палітычнага пераследу. І можа спрацаваць «эфект Жоўціса», як я называю. Гэта вядомая гісторыя, калі ў Казахстане праваабаронца здзейсніў рэальнае ДТЗ са смяротным зыходам, але стаўленне з боку ўладаў было непрапарцыйнае: фальсіфікаваліся матэрыялы крымінальнай справы, відавочны быў абвінаваўчы ўхіл і жаданне ўлады пасадзіць такім чынам Жоўціса ў турму. Быў відавочна палітычны матыў. Задача праваабаронцаў — гэты матыў убачыць і абгрунтаваць. Бо без абгрунтавання, чаму мы менавіта гэты матыў лічым палітычным, вельмі цяжка вызначыць тую ці іншую справу як «палітычную».
Расійскія праваабаронцы абазначылі яшчэ адну праблему — «праблему Чыкаціла» (маюцца на ўвазе грамадзяне, без віны рэпрэсаваныя за яго злачынствы). То бок ад палітычных зняволеных вельмі важна адмежаваць зняволеных па грамадска значных непалітычных справах, у якіх пры жаданні можна знайсці палітычны матыў улады.
Такім чынам, асноўная складанасць для праваабаронцаў заключаецца не ў крытэрах, а ў падыходах, трактаванні гэтых крытэраў. Паводле Стэфановіча, калі прадстаўнікі «Вясны» і БХК у мінулым верасні ў Кіеве абмяркоўвалі праблему з калегамі з краінаў СНД, то супольна прыйшлі да высновы, што за аснову маглі б узяць мадэль «Міжнароднай Амністыі», падзяляючы палітвязняў, у шырокім сэнсе, на дзве вялікія групы — «вязні сумлення» (іх свабода абмежавана турэмным зняволеннем ці іншым спосабам выключна з-за палітычных, рэлігійных ці іншых перакананняў, полу, расы, мовы, этнічнага, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання, маёмаснага статусу, роднасных адносін, сэксуальнай арыентацыі і іншых характарыстык асобы; імі не лічацца людзі, якія звяртаюцца да гвалту ці прапагандуюць гвалт і варожасць) і «палітычныя вязні» (любыя зняволеныя, справы якіх маюць значны палітычны, у шырокім сэнсе, элемент: ці матывы дзеянняў зняволенага, ці самі гэтыя дзеянні, ці матывацыя ўладаў). Адпаведная розніцца ў патрабаваннях: для першых — неадкладнае і безумоўнае вызваленне, для другіх — разгляд спраў у разумныя тэрміны і з захаваннем усіх гарантый справядлівага суда.
Пра спрэчных кандыдатаў
У адказ на абвінавачанні, што праваабаронцы не сочаць за справамі Аляксандра Крутога, Юрыя Чыгілейчыка і Аляксандра Малчанава, якіх «адмовіліся ўзяць пад сваю апеку», намеснік старшыні «Вясны» сцвярджае, што гэта не так. «Па-першае, без наяўнасці поўнай інфармацыі пра тую ці іншую справу сцвярджаць загадзя, скажам так, пра тое, што яна носіць палітычны характар, — я паўтаруся, гэта непрафесійны падыход, — тлумачыць сваю пазіцыю Стэфановіч. — Па-другое, мы маем інфармацыю адносна ўсіх гэтых справаў, прычым з розных крыніцаў. Проста я б сказаў, інфармацыя, якой мы валодаем, можа насіць непублічны характар. Ёсць няпісаны кодэкс — і я не буду агучваць інфармацыю, якая можа нашкодзіць найперш самім гэтым асобам, якія знаходзяцца ў зняволенні. Інфармацыю, якая можа насіць асабісты характар (напрыклад, пра стан здароўя кагосьці ці іншае), я лічу, публічна агучваць не патрэбна, але мы прымаем яе да ўвагі і ацэньваем пры прыняцці таго ці іншага рашэння».

Аляксандр Круты

Юры Чыгілейчык

 

Аляксандр Малчанаў


Праваабаронца адзначае яшчэ адзін важны момант: пра некаторыя рэчы можна казаць толькі на этапе судовага разбіральніцтва. У судзе бачна, ці прызнае чалавек віну, наколькі доказы адпавядаюць прынцыпам дапушчальнасці, закладзеным у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, — і казаць пра нейкае перадузятае стаўленне, абвінаваўчы ўхіл можна толькі пасля суда». Сутнасць справы Чыгілейчыка заключаецца ў тым, што пры ім быў знойдзены метадон. Я не ведаю і на дадзеным этапе не магу сцвярджаць, што яму яго падкінулі. Усё стане зразумела падчас суда. Адносна таго, што ён быў збіты, то прынцыпы свабоды ад катаванняў аднолькавыя для ўсіх, няма розніцы, «палітычная» гэта справа ці не. Як мы ведаем, на жаль, катаванні часта выкарыстоўваюцца ў іншых мэтах, не палітычных — каб выбіць нейкія паказанні. Гэта парушэнне правоў чалавека, і з гэтым трэба змагацца, але гэта не роўна «палітычнай» справе», — падкрэслівае Стэфановіч і дадае, што наяў­насць працэсуальных парушэнняў у той ці іншай справе таксама апрыёры не з’яўляецца роўнай «палітычнай» справе: «На жаль, ёсць праблемы з правасуддзем у краіне, мы ведаем выпадкі незаконнага асуджэння грамадзян. Так, гэта ахвяры судовай сістэмы, парушэнняў правоў чалавека, але працэсуальныя парушэнні не абавязкова сведчаць пра палітычны характар справы. Тут вельмі важна глядзець на матывы, сутнасць таго, што здарылася. На прычынна-выніковую сувязь, калі ўжо зусім проста казаць, паміж тым, што здарылася, і наступствамі. А таксама — скіраваныя дзеянні супраць прадстаўнікоў дзяржорганаў ці супраць фізічнай асобы і г.д.».
Сітуацыю з Аляксандрам Малчанавым праваабаронцы разглядаюць як больш складаную, паколькі адноўлена крымінальная справа супраць яго за абразу дзяржаўнай сімволікі. «Але артыкул, які прадугледжвае адказнасць за абразу дзяржаўнай сімволікі, не прадугледжвае санкцыі, звязанай з пазбаўленнем волі, максімальная санкцыя там звязаная з абмежаваннем волі — так званая «хімія». Гэта азначае, што па гэтым артыкуле асобу нельга ўзяць пад варту, — звяртае ўвагу Стэфановіч. — Малчанаў знаходзіцца зараз у СІЗА не таму, што ўзбуджана крымінальная справа за абразу сімволікі, а таму, што ён падазраецца ў здзяйсненні злачынства групай асобаў, у крадзяжы маёмасці. Мы ведаем толькі тое, што адбылося. Пытанне доказу-нядоказу — гэта ўжо справа адваката і суда».
Праваабаронцы заяўляюць пра намер адсочваць суд: каб не было перадузятага стаўлення да Малчанава, каб у дачыненні да яго выконваліся ўсе працэсуальныя гарантыі, каб суд не насіў абвінаваўчага ўхілу з-за таго, што ён палітычна актыўны чалавек. «І, канешне, калі ўсё гэта будзе адбывацца, то можна будзе казаць пра «эфект Жоўціса». Але гэта можна будзе ўбачыць толькі падчас суда. Зараз пра гэта немагчыма штосьці казаць. І тут мы не можам патрабаваць неадкладнага вызвалення Малчанава». Па словах Стэфановіча, у справе пра дзяржаўную сімволіку можна казаць пра палітычны матыў у дзеяннях Малчанава, калі ён сапраўды гэта рабіў (віны сваёй ён не прызнае), ці палітычны матыў з боку дзяржавы. Адносна яшчэ двух спрэчных кандыдатаў — праваабаронцы пакуль не могуць сказаць пра палітычныя матывы з боку дзяржавы ці ў дзеяннях гэтых асоб.

Ірына Пракопчык