Ігар Ільяш: Калі вельмі доўга бразгаць зброяй, то яна, рана ці позна, пачне страляць

Міграцыйны канфлікт прайграны, але запатрабаванне ў эскалацыі нікуды не сышло. Таму наступны этап — шантаж сапраўднай вайной. Такое меркаванне выказаў жураналіст Ігар Ільяш на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


"Яны выдатна разумеюць: калі яны зноў развяжуць вайнушку ў Данбасе ці недзе на мяжы з Расіяй, Беларусь у баку не застанецца. І зразумела, на чыім баку будзе Беларусь”, — заявіў Лукашэнка падчас нарады ў цэнтры стратэгічнага ўпраўлення Мінабароны. І яшчэ: "Яны выдатна разумеюць: калі толькі Украіна паспрабуе развязаць канфлікт з Расіяй, у баку Беларусь не застанецца".
Гэтае паўторнае "выдатна разумеюць" падаецца як факт, з якім улада нават не спрабуе спрачацца. Ніякіх больш гульняў у нейтралітэт, забыліся.
Гэта значыць, па сутнасці, публічна заяўлена, што ў выпадку вялікай вайны паміж Расіяй і Украінай Беларусь выступіць на баку Масквы. А паколькі ўсе цудоўна разумеюць, што Украіна відавочна не можа напасці на Расію, то давайце яшчэ больш дакладна перавядзём гэты мэсыдж: калі спатрэбіцца, Беларусь гатова падтрымаць новы этап расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Нельга сказаць, што гэта зусім ужо новы мэсыдж. У 2014–2015 гг. Лукашэнка (насуперак свайму іміджу "міратворца") наўпрост заяўляў, што калі "не дай бог, што здарыцца", то Беларусь будзе стаяць "плячом да пляча з Расіяй". Але тады ўсё гэта гаварылася ў кантэксце нейкага абстрактнага ваеннага сутыкнення Расіі і Захаду, якое з улікам наяўнасці ў бакоў ядзернай зброі ўяўлялася сюжэтам амаль фантастычным. А цяпер гэта гаворыцца ў кантэксце цалкам канкрэтнага супрацьстаяння Расіі і Украіны — вайна паміж імі дэ-факта і так ужо ідзе, хай і ў гібрыдным варыянце.
Гэта, вядома, зусім не значыць, што Лукашэнка ці нехта з ягоных генералаў сапраўды хоча ваяваць. Думаю, усе выдатна ўсведамляюць, чым гэта пагражае краіне і самому рэжыму. І абсалютна зразумела, дзеля чаго агучваюцца падобныя заявы. З аднаго боку, рэжым шантажуе Захад, з іншага боку — падобнымі адданымі прамовамі дамагаецца прыхільнасці Пуціна. Але праблема заключаецца ў тым, што такія заявы небяспечныя самі па сабе.
Далёка не ўсе канфлікты пачынаюцца з-за таго, што нехта сапраўды хоча вайны і доўга яе плануе. Часцяком бывае па-іншаму: палітыкі неабдумана запускаюць спіраль эскалацыі, якая пачынае раскручваецца насуперак задумам аўтараў, падпарадкоўваючыся выключна ўласнай логіцы. Калі вельмі доўга бразгаць зброяй, то яна, рана ці позна, пачне страляць.