Інавацыйнасць улады: пакуль толькі ў рэпрэсіях

Здаецца, уся інавацыйнасць беларускай улады засяродзілася ў сферы пераследу нязгодных. Там і творчая думка, і асабліва тэхнічныя інавацыі выкарыстоўваюцца напоўніцу.



zaresh.jpg


Памятаеце 22 жніўня 2015 года загадам Лукашэнкі з турмы выйшлі шасцёра. Гэты жэст меў стацца паваротным момантам у наладжванні супрацоўніцтва, перш за ўсё фінансавага, з ЕС і перыяду чарговай палітычнай адлігі. Да яе прыкметаў дадалося значнае змяншэнне колькасці арыштаў за вулічныя пратэсты. Усё гэта ў беларускім палітычным лексіконе завецца «лібералізацыяй».

Аднак рэжым, які праводзіць такую палітыку, трапляе ў вельмі складанае становішча. Як і пераважная большасць дыктатур, ён трымаецца на палітычных рэпрэсіях і страху насельніцтва перад удзелам у палітычных пратэстах, на масавай дэпалітызацыі народу. Практыка развінчвання гаек, хай і вымушаная, прыводзіць да змяншэння страху, што, у сваю чаргу, спрычыняецца да павышэння палітычнай актыўнасці і стварае патэнцыяльную небяспеку для сістэмы, асабліва ва ўмовах перманентнага эканамічнага крызісу, калі падспудная, пасіўная незадаволенасць уладай шырока распаўсюджаная.

Але і не раскручваць гайкі таксама нельга, бо тады можна будзе забыцца на фінансавую падтрымку і якое-ніякое прызнанне Еўропы, што ва ўмовах, калі Расія ўжо не выдае шчодрыя крэдыты, а эканамічны крызіс пагаршаецца, зноў жа, вядзе да нестабільнасці сістэмы.

Трапіўшы ў такі «відэлец», улада мусіць манеўраваць, ісці на кампрамісы і хітрыць. Самы просты і відавочны шлях тут — імітаваць перамены і лібералізацыю, каб пусціць пыл у вочы «заходнім партнёрам» — бо тыя, не ведаючы спецыфікі і маючы даволі абмежаваны доступ да інфармацыі, даволі лёгка ўводзяцца ў зман. А ў імітацыях і падманах «наіўных еўрапейцаў» нашай уладзе, бадай, няма роўных.

Вось і даводзіцца сілавым структурам весці ранейшую працу: спыняць іншадумства, нейтралізоўваць найбольш актыўных палітычных актывістаў — але новымі метадамі. Тымі, якія не дазволілі б замежным полісімейкерам казаць пра рост рэпрэсій і негатыўныя тэндэнцыі. І вось тут настае час тых самых інавацый, якія так старана і творча распрацоўваюцца ў нетрах КДБ.

zhamchuzhny_bandarenka.jpg

Паступовае іх прымяненне пачалося яшчэ ў 2014 годзе, з пачаткам спраў праваабаронцаў Бандарэнкі і Жамчужнага.

У справе Бандарэнкі аб «злосным хуліганстве» фігуруюць тры эпізоды. У адным з іх ён пабіўся на вуліцы з чалавекам, які яго абразіў, у двух другіх пабіўся з суседкай у пад’ездзе, а таксама штурхнуў яе і ўдарыў нагой у будынку РУУС.

Ад пачатку трэба адзначыць: «Платформа» доўгі час была сапраўдным бяльмом на воку спецслужбаў. У краіне з адным з самых высокіх рэйтынгаў сядзельцаў на душу насельніцтва, дзе папраўчыя ўстановы з’яўляюцца цалкам закрытымі і, акрамя таго, выконваюць ледзь не ключавую функцыю ў справе ўтрымання палітычнай стабільнасці, такая арганізацыя стварае рэальную небяспеку. Тым больш, што зэкі — як сённяшнія, так і былыя, — актыўна звярталіся ў яе па дапамогу. А ўзначальваў «Платформу» чалавек, які сам сядзеў у беларускай турме і, такім чынам, ведае ўсе «ўваходы і выхады» яе карнага механізму. Ужо і пасля выхаду Бандарэнку неаднаразова каралі за праваабарончую дзейнасць, саджалі на «суткі».

І вось, цягам усяго 50 дзён, паміж 5 лютага і 27 сакавіка 2014 года, з ім здараецца адразу тры эпізоды. У першым да Андрэя падыходзіць на вуліцы незнаёмец, просіць цыгарэту і раптам пачынае абражаць. Дарэчы, «пацярпелы» — Артур Яворскі — сам быў раней судзімы. А раней судзімыя крымінальнікі — адзін з самых частых тыпаў людзей, што падпрацоўваюць выкананнем бруднай працы для КДБ. Заява «пацярпелага» ў міліцыю — крымінальная справа.

Два другіх эпізоды звязаныя з суседкамі Бандарэнкі. Ён, нібыта, пабіўся з дзвюма з іх у пад’ездзе (пры гэтым адна ўкусіла яго за палец), а потым яшчэ і ўдарыў адну з іх у будынку РУУС, куды іх даставілі для разбіральніцтва.

Ні ў адной з «ахвяр» не было зарэгістравана хоць якіх-небудзь бачных пашкоджанняў і парушэнняў здароўя. Аднак у выніку Бандарэнка атрымаў... 3 гады турэмнага зняволення. Для параўнання, такія тэрміны звычайна даюць рабаўнікам-рэцыдывістам, злодзеям, якія трапляюцца на буйным крадзяжы ўжо не ў першы раз, альбо тым, хто ў вулічнай бойцы моцна збіў ахвяру. Тут жа — рэальны тэрмін за дзеянні, якія ледзь цягнуць нават на адміністрацыйную адказнасць па артыкуле «дробнае хуліганства».

Аб зрэжысараванасці гэтых сітуацый кажа, па-першае, тое, што ўсе яны адбыліся ў кароткі прамежак часу, літаральна адна за адной. Па-другое, нападкі раней судзімага Артура Яворскага, які адштурхнуў Бандарэнка са словамі: «Дай сам запалю, я не ведаю, што ты рабіў гэтымі рукамі», відавочна былі скіраваныя на тое, каб абразіць яго згодна з нормамі зэкаўскай культуры. Але адкуль выпадковы мінак мог ведаць, што Бандарэнка сядзеў? Па-трэцяе, сам за сябе кажа непрапарцыянальны турэмны тэрмін і тое, як зараз прэсуюць Андрэя ў турме. І па-чацвёртае, нават на інтуітыўным узроўні не верыцца, што ў Беларусі з праваабаронцамі і палітычна актыўнымі людзьмі могуць здарацца «выпадковасці» такога кшталту — не тая гэта катэгорыя людзей.

Але і гэта яшчэ не ўсё. У жніўні 2014-га года, праз 4 месяцы пасля затрымання Бандарэнкі, затрымліваюць другога заснавальніка «Платформы» — Міхаіла Жамчужнага. Яго справа пакрытая яшчэ большым змрокам. Цягам 2013–2014 гадоў ён знаходзіўся ў аператыўнай распрацоўцы УКДБ Віцебскай вобласці. Згодна з версіяй следства, Жамчужны на працягу гэтага часу атрымліваў у дзяжурнага медыцынскага выцвярэзніка УУС Віцебскага аблвыканкама службовыя дакументы: звесткі пра заведзеныя крымінальныя справы ў дачыненні да службовых асоб, зводкі  пра здарэнні з удзелам супрацоўнікаў праваахоўных органаў і гэтак далей. Жамчужны, нібыта, атрымліваў іх для сябе, бо лічыў, што яны маюць грамадскі інтарэс і могуць дапамагчы ў праваабарончай дзейнасці.

Але, як кажуць праваабаронцы, уся гэтая аператыўная распрацоўка была нічым іншым, як правакацыямі. КДБ на працягу двух гадоў наўмысна не спыняла іх, і нават падштурхоўвала, каб у выніку «навесіць» на Жамчужнага як мага больш артыкулаў. І гэта атрымалася: у суд справа пайшла ажно з трыма артыкуламі: часткі 1, 2 артыкула 376 — падбухторванне да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу, частка 1 артыкула 375 — незаконнае набыццё і збыт спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, часткі 1, 2 артыкулу 431 — дача хабару і дача хабару паўторна.

Сам Міхаіл у сваіх лістах кажа, што яго пасадка ад пачатку да канца інспіраваная аператыўнікамі КДБ, і не спыняе спробы абскардзіць прысуд. А прысуд, вынесены між тым за закрытымі дзвярыма (цікава, што хаваць следству, калі б яно было ўпэўненае ў сваёй праваце?), склаў у выніку 6,5 гадоў пазбаўлення волі.

Што ж такое зрабіў 61-гадовы навуковец, што дзяржаве стала неабходна адправіць яго ў турму на шэсць з паловай гадоў, прытым, заўважым — ужо ў другі раз? (У 2007-м годзе яго асудзілі, зноў жа, праз старанні КДБ, на 5 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 210 КК «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі»).

Адказ на гэта можна атрымаць, паглядзеўшы на далейшы лёс «Платформы».

Пасля арышту Бандарэнка і Жамчужнага ў ёй кіруе Алена Красоўская-Каспяровіч. Ужо праз 2 месяцы пасля «абезгалоўлівання» арганізацыі Дэпартамент выканання пакаранняў МУС дае ёй доступ ва ўсе ўстановы пенітэнцыярнай сістэмы — небывалы і амаль фантастычны крок, прэцэдэнт, які не здараўся ў Беларусі дзесяцігоддзямі!

krasouskaja_1.jpg


І вось, аб’ездзіўшы шэраг папраўчых устаноў (пры тым якраз у перыяд, калі там сядзелі шэраг прызнаных Захадам палітвязняў), Красоўская-Каспяровіч выступае з заявай, у якой кажа, што ўмовы ў турмах сталі нашмат лепшымі, «у калоніях зрабілі еўрарамонт», што многія паведамленні зэкаў аб тым, што з іх здзекуюцца, «аказваюцца няпраўдай», а «палітвязняў ніхто не прэсуе... калі ты трапіў туды за нейкае дзеянне, то ўжо не ный, што называецца». Цікавая дэталь: праехаўшыся па калоніях Беларусі, Каспяровіч сустрэлася і грунтоўна паразмаўляла са злодзеем у законе, крымінальным аўтарытэтам «Галеем», але не знайшла час пабачыцца ні з адным палітвязнем.

Вядома, усё гэта выклікала шквал абурэння і абвінавачанняў на адрас «праваабаронцы», перш за ўсё, ад родных і сяброў палітвязняў.  

У чэрвені 2015-га, як рэакцыя на дадзеныя заявы Каспяровіч, на адрас «Платформы» накіроўваецца адкрыты ліст, падпісаны 55-ю праваабаронцамі, грамадскімі дзеячамі, былымі палітвязнямі і іх роднымі, у якім яны папрасілі прадставіць грамадскасці вынікі іх маніторынгу.

Адказ кіраўніцы «Платформы» (у інтэрв’ю «Радыё Свабода») быў наступны:

«Увогуле, мы не лічым, што ад нас нехта можа чагосьці патрабаваць. Па-другое, мы не лічым, што гэтыя 55 — прадстаўнікі нейкай грамадзянскай супольнасці. Гэта нейкая не­зразумелая для нас група таварышаў, большасць імёнаў для нас увогуле незнаёмыя. І мы нават не імкнёмся іх ведаць».

Ну а апошнім часам Алена Красоўская-Каспяровіч адз­начылася тым, што шчыра і адкрыта выказалася ў эфіры tut.by за захаванне смяротнага пакарання. Прытым зроблена гэта было падчас тыдню супраць смяротнага пакарання.

Агульная карціна мне бачыцца такой: супрацоўнікі КДБ — далёка не дубаломы, якія імкнуцца знішчыць на корані любую грамадскую ці праваабарончую актыўнасць. Не, яны разумеюць, што такая актыўнасць — фармальная ці не — заўсёды будзе. І таму іх мэта — не знішчыць, а паставіць пад кантроль. Менавіта з гэтай мэтай была разыграная ўся «шматхадовачка» з раптоўнай пасадкай двух кіраўнікоў «Платформы» (ды яшчэ такой пасадкай, пасля якой іх будзе як мага цяжэй прызнаць палітвязнямі) і ўзыходам на іх месца чалавека, які будзе казаць як у Беларусі, так і за яе межамі якраз тое, што патрэбна ўладам, — узамен на пэўныя «плюшкі», кшталту магчымасці спакойна існаваць і вольнага доступу да пенітэнцыярных устаноў.

Як бачым, рэпрэсіўны апарат засвойвае новыя метады забеспячэння стабільнасці рэжыму, і гэта дае плён. Бандарэнку палітвязнем не прызналі нават беларускія праваабаронцы, а замежныя дыпламаты, нягледзячы на прызнанне палітвязнем Жамчужнага, не спяшаюцца патрабаваць ягонага вызвалення.

Працяг будзе