Ці лёгка купіць электарат?
У мінулым аглядзе мы згадвалі пра тое, што Лукашэнка падпісаў указ пра падтрымку бюджэтнікаў, якія з-за прастою і рэжыму няпоўнай занятасці атрымалі заробак, меншы за мінімальны. Гэты мінімальны заробак цяпер складае 375 рублёў.
Але ж мы не думалі, што высветліцца, калі гэты ўказ паспрабуюць увесці ў дзеянне. А сітуацыя — вельмі і вельмі гаротная. Па словах міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, сёлета ў Беларусі прастойвае ў чатыры разы больш прадпрыемстваў, чым летась. Агулам на падтрымку бюджэтнікаў спатрэбіцца 180 мільёнаў рублёў. Міністарка не агучыла, колькі менавіта чалавек атрымаюць такую падтрымку, але адзначыла, што вымушаная няпоўная занятасць у красавіку павялічылася ў 4,3 раза ў дачыненні да адпаведнага перыяду мінулага года.
Калі падзяліць 180 мільёнаў рублёў на мінімальны заробак у 375 рублёў, атрымаецца, што можна заплаціць «мінімалку» 480 тысячам чалавек. А калі ўлічыць, што заробак не можа быць нуль рублёў, то гэтых грошай можа хапіць на амаль мільён выплатаў.
Але насамрэч — гэтак толькі выглядае. Нашая «дзяржава для народа» не была б такой дзяржавай, каб не паклапацілася, у першую чаргу, пра сябе. Народу з гэтай сумы прызначана толькі 135 мільёнаў рублёў, а 45 мільёнаў пойдуць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Нягледзячы на тое, што гэты ФСЗН і так рэгулярна цягне грошы з бюджэту.
Затое мы Парад Перамогі правялі за такія грошы, якія Міністэрства абароны традыцыйна не агучвае. Паводле падлікаў незалежных экспертаў, парад абыходзіцца крыху больш чым у 2 мільёны долараў. У параўнанні са 135 мільёнамі рублёў падтрымкі — сума невялікая, але ж «капейчына да капейчыны»… У нас яшчэ і «Славянскі базар» наперадзе.
Эканамісты адзначаюць, што гэтых грошай для «падтрымкі штаноў» бюджэтнікам хопіць літаральна на два месяцы. І гэта вельмі цікавы факт. Калі іх сапраўды хопіць на чэрвень-ліпень, то 9 жніўня — прэзідэнцкія выбары. То-бок, падаецца, што ўлады гэтым указам проста «купляюць галасы» бюджэтнікаў. А пасля выбараў падтрымка скончыцца, і, як гэта ў нас зазвычай бывае, улады скажуць: «Выжывайце як хочаце. На дзвюх-трох працах пакруціцеся». Затое хранічную «дзірку» ў ФСЗН падлаталі.
Дарэчы, пра выбары. Вельмі цікавай падалася заява, прынятая на тыдні не кім-небудзь, а Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. Камісія выказала занепакоенасць існуючай сітуацыяй.
«Лічым недапушчальным выкарыстанне фармату збору подпісаў не для падтрымкі патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, а ў мэтах маніпулявання свядомасцю людзей, нагнятання сацыяльнай напружанасці і спекуляцыі на складанай эканамічнай і санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыі, з наступствамі якой сёння змагаюцца ўсе краіны свету», — гаворыцца ў заяве.
Па-першае, так і хочацца адзначыць: «Не гудзі, а на сябе паглядзі». Прызначаныя дэпутатамі асобы раптам выказаліся супраць «маніпулявання свядомасцю людзей»! Па-другое, з кожнага праса нам вышэйшы кіраўнік гэтых парламентароў казаў, што ў нас няма аніякай «складанай санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыі»: каранцін не ўводзілі, школы працавалі, і ўвогуле, усё гэта «каронапсіхоз». Што ж «дэпутаты» яму не запярэчылі? Па-трэцяе, каму, як не народным абраннікам, прымаць законы, каб у нас не было «складанай эканамічнай сітуацыі»? Хто ў ёй вінаваты? Ці толькі Аляксандр Рыгоравіч, альбо і тыя, хто аднагалосна прымае бюджэт з выдаткамі на парады, «Славянскія базары» ды спартовыя відовішчы ў час пандэміі? Дый прымае гэты бюджэт за лічаныя хвіліны?
Не так даўно «Беларуская сацыялагічная майстэрня» апублікавала звесткі пра эканамічнае самаадчуванне беларусаў. У снежні сітуацыяй у краіне былі незадаволеныя 38%, а ў сакавіку паказчык вырас да 61%. Таму не дзіўна, што да альтэрнатыўных Лукашэнку прэтэндэнтаў на кіраўніка краіны выстройваюцца чэргі жадаючых паставіць подпіс, каб падтрымаць іншы курс. Добры гэта будзе курс ці дрэнны — невядома, але ён будзе іншы. І пакуль народу гэтага дастаткова.
Больш за тое, «дэпутаты» заклікалі грамадзян «не паддавацца на правакацыі», а ўдзельнікаў палітычнага працэсу — «устрымацца ад папулісцкіх дэкларацый». Гэта кажуць тыя, хто як адзін, выступаў за развіццё спорту, здаровага ладу жыцця і гэтак далей. А на справе?
На справе інтэрнэт-выданне Naviny.by атрымала праект указа кіраўніка дзяржавы «Аб ажыццяўленні рознічнага гандлю з прымяненнем інтэрнэт-тэхналогій». У ім прадугледжана тое, чаго доўгі час дамагаліся рытэйлы і алкагольнае лобі. У «мэтах скарачэння неабавязковых кантактаў фізічных асоб у перыяд пагрозы распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каронавірусам COVID-19», з 1 ліпеня па 31 снежня гэтага года праз інтэрнэт можна будзе гандляваць тытунёвымі вырабамі, алкагольнымі і слабаалкагольнымі напоямі, уключаючы віно і піва з аб’ёмнай доляй этылавага спірту менш 7%.
Права на інтэрнэт-гандаль атрымаюць юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі на падставе спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі). Прычым ІП дазволяць гандляваць алкагольнымі напоямі толькі ў сельскай мясцовасці, дзе ўказам №345 устаноўлены асаблівы рэжым падаткаабкладання. Ёсць, канешне, пэўныя абмежаванні — у адны рукі можна будзе купіць не больш за пяць літраў алкагольных напояў пры адначасовай замове харчовых тавараў на суму не менш за 30 рублёў.
Крыніца Naviny.by у алкагольнай сферы выказала спадзяванне, што гэты гандаль будзе «ў парадку эксперыменту», а ўжо далей прымуць рашэнне — зрабіць гэта на пастаяннай аснове. А пасля Новага года могуць дазволіць прадаваць і імпартны алкаголь праз інтэрнэт.
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, спажыванне алкаголю ў Беларусі на 40% перавышае дапушчальны ўзровень. Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, кожнае чацвёртае злачынства ў краіне ўчыняецца ў стане алкагольнага ап’янення. Дзяржава штогод выдаткоўвае 2% ВУП на пераадоленне негатыўных наступстваў, звязаных з празмерным ужываннем алкаголю.
Але ніводзін дэпутат нічога не сказаў адносна праекта гэтага ўказу.