Як у авіякатастрофе загінуў першы кіраўнік Савецкай Беларусі

У гісторыі незалежнай Беларусі буйных авіякатастроф з удзелам высокапастаўленых палітыкаў не было. А вось адзін са стваральнікаў і першы кіраўнік Савецкай Беларусі Аляксандр Мяснікоў загінуў менавіта ў авіяцыйнай катастрофе. 

mjasnikou.jpg

На старонках «Радыё Свабода» Віктар Багдзевічдзеліцца цікавымі і навучальнымі гісторыямі.

Мясьнікоў

Мясьнікоў на той час жыў і працаваў ужо не ў БССР — быў адным з кіраўнікоў Саўнаркаму Закаўкаскай Фэдэрацыі (тады Грузія, Армэнія і Азэрбайджан яшчэ не былі разьдзеленыя на асобныя саюзныя рэспублікі). Трагедыя адбылася ў сакавіку 1925 года і стала першай значнай авіякатастрофай у савецкай гісторыі, у якой загінулі высокапастаўленыя бальшавікі.

Партыйныя начальнікі выбіраліся з Тыфліса на зьезд Саветаў Абхазіі, у Сухумі. Асьцярожны і недаверлівы Троцкі, як звычайна, паехаў цягніком. А вось Мясьнікоў разам з галоўным чэкістам Закаўказьзя Магілеўскім і яшчэ некалькімі таварышамі выбралі новенькі «Юнкерс-13». Праз 15 хвілін палёту самалёт нечакана загарэўся ў паветры і пачаў падаць. На вышыні 20 мэтраў Магілеўскі і Атарбекаў, спрабуючы ўратавацца, выскачылі зь яго. Мясьнікоў і пілёты засталіся. Загінулі ўсе: адны разьбіліся пры падзеньні, другія згарэлі ў самалёце.

Троцкі, выступаючы празь некалькі дзён на жалобным мітынгу ў Сухумі, двухсэнсоўна заўважыў, што наўрад ці ўдасца высьветліць сапраўдную прычыну катастрофы. Так яно і сталася: адмысловая камісія да якіх-небудзь пэўных высноў не прыйшла.

mjasnikou2.jpg

Два палёты таварыша Сталіна

Сталін паднімаўся ў паветра двойчы ў жыцьці — у 1943 годзе, калі выбіраўся на канфэрэнцыю ў Тэгеран і вяртаўся адтуль назад. І то ляцеў не з Масквы, а з Баку (у Баку дабіраўся цягніком, як і на зваротнай дарозе). Такім чынам, правадыр налятаў усяго 1088 кілямэтраў (каля чатырох гадзін у паветры). Прытым для палёту быў выбраны не савецкі самалёт, а амэрыканскі «Дуглас».

Даверу да авіяцыі той досьвед яму яўна не дадаў. Бо калі перад Ялцінскай і Патсдамскай канфэрэнцыямі паўставалі пытаньні пра від транспарту, на якім правадыру дабірацца да месца падзей, абодва разы быў зроблены выбар на карысьць цягнікоў. Цікавая дэталь: у славутым дакумэнтальным фільме Чыяўрэлі «Падзеньне Бэрліна» ёсьць кадры, на якіх Сталін паказаны ля трапа самалёта ў Бэрліне. Але насамрэч гэта было зроблена наўмысна, каб абвергнуць небеспадстаўныя чуткі, што Сталін баіцца лятаць. У рэальнасьці ж улетку 1945-га НКВД ажыцьцявіў цэлую маштабную апэрацыю дзеля таго, каб бясьпечна і з камфортам даставіць правадыра з Масквы ў Бэрлін па чыгунцы. Паколькі ў Берасьці пачыналася вузкая эўрапейская каляіна, дык было вырашана, каб не дастаўляць Сталіну нязручнасьці і не спыняць цягнік, перакласьці рэйкі на ўсёй чыгунцы ад Берасьця да Бэрліна (а гэта 828 кілямэтраў). Пры гэтым на кожны кілямэтар ад Масквы да Берасьця (большая частка гэтага шляху — па тэрыторыі Беларусі) прыпадала па 4-6 выстаўленых уздоўж рэек агентаў НКВД. На тэрыторыі Польшчы і Нямеччыны іх было яшчэ болей — па 7-10 чалавек на кожны кілямэтар.

Чаму Сталін баяўся лятаць? Відавочна, не давяраў ні савецкай авіяцыі, ні ўласным паплечнікам. Сучасьнікі ўспаміналі, што правадыра вельмі моцна ўразілі авіякатастрофы 20-х — 30-х гадоў. І ня толькі тая, у якой загінуў Мясьнікоў. У 1935-м, калі ў СССР стварылі авіяцыйны гігант — васьміматорны самалёт «Максім Горкі» з размахам крылаў 63 мэтры, па Маскве хадзілі ўпартыя чуткі, што неўзабаве Сталін, Молатаў, Варашылаў і Кагановіч асабіста ўзыдуць на борт гэтага цуду айчыннай тэхнікі. Такі палёт сапраўды плянаваўся. Але ў апошні момант у агітацыйны рэйс над Масквой адправілі не партыйных правадыроў, а ўсё кіраўніцтва Авіяпраму — 36 ударнікаў, якія стваралі самалёт, разам зь дзецьмі і 11 членамі экіпажа. Палёт гіганта суправаджалі некалькі невялікіх вайсковых самалётаў. Адзін зь лётчыкаў вырашыў на вачах у тысяч гледачоў зухавата выканаць «мёртвую пятлю» вакол крыла «Максіма Горкага». На выхадзе зь пятлі ён урэзаўся ў крыло гіганта, і ўсе разам упалі ўніз. Не ацалеў ніхто.

«Няма чалавека — няма праблемы»

Адна з найбольш рэзанансных авіякатастроф 40-х гадоў з удзелам першых асобаў, якая адбылася незадоўга да Тэгеранскай канфэрэнцыі, — трагічная гібель польскага прэм’ер-міністра ў выгнаньні генэрала Уладзіслава Сікорскага. Гэта здарылася 4 ліпеня 1943 года блізу Гібральтара. Самалёт, на якім ляцелі Сікорскі з дачкой і начальнік штаба Клімецкі, упаў у мора праз 16 сэкундаў пасьля ўзьлёту.

Сікорскі быў папулярным у Польшчы военачальнікам і палітыкам, меў усе шанцы стаць гэткім польскім дэ Голем: узначаліць краіну пасьля вызваленьня ад акупацыі. У 1941-м менавіта ён аднаўляў дыпляматычныя адносіны Польшчы з СССР, сустракаўся са Сталіным, ствараў польскую армію на Захадзе і на Ўсходзе. У красавіку 1943-га, калі раскрылася праўда пра забойства польскіх афіцэраў у Катыні, Сікорскі выступіў з рэзкімі абвінавачаньнямі ў адрас Крамля, патрабуючы ад Чэрчыля разрыву дыпляматычных адносінаў з Масквой. А празь некалькі тыдняў пасьля гэтага — авіякатастрофа.

Сапраўдныя прычыны яе так і не былі высьветленыя, што спарадзіла мноства чутак, здагадак і вэрсій.

Яшчэ адна адметная і загадкавая авіякатастрофа — сьмерць 13 верасьня 1971 года ў небе над Манголіяй кітайскага маршала Лінь Бяо — правай рукі і афіцыйнага пераемніка Мао Цзэдуна. Пасьля таго, як перасварыўся амаль з усімі ўплывовымі членамі Палітбюро ЦК КПК, ён паспрабаваў арганізаваць змову. Калі змова была выкрытая і ўзьнікла рэальная пагроза арышту, Лінь Бяо на самалёце разам зь сям’ёй спрабаваў уцячы ў СССР. Самалёт выбухнуў у паветры над Манголіяй. Пасьмяротна Лінь Бяо ў сябе на радзіме быў абвешчаны здраднікам і выкрасьлены са сьпісаў членаў партыі. Сапраўдныя прычыны авіякатастрофы так і не былі высьветленыя.