Хто прыслухаецца да народа?

Ёсць вялікая небяспека ў тым, што перапіс насельніцтва «падкарэктуюць» такім жа чынам, як і вынікі выбараў.

21ae614b398f8926b79a0903ef3619be.jpg

Так супала, што амаль адначасова ў нас пройдуць дзве маштабныя кампаніі па высвятленні меркавання насельніцтва.

З першай кампаніяй усё вядома, і яе подыхі мы ўжо бачым на вуліцах. Гэта — так званыя выбары ў Палату прадстаўнікоў. Пакуль гэта кампанія толькі распачалася, і рухаецца яна даволі павольна. Напрыклад, па стане на 9 верасня акруговыя выбарчыя камісіі зарэгістравалі 211 ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты.

Усяго было пададзена 298 заяваў на рэгістрацыю, адна была адкліканая, у двух выпадках у рэгістрацыі адмоўлена, паведамляецца на сайце ЦВК. 170 ініцыятыўных групаў вылучаюць беспартыйных кандыдатаў. 11 вылучэнцаў прадстаўляюць Кампартыю, сем — БНФ, па пяць — Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці і БСДП (Грамада), «Справядлівы свет», чатыры — АГП, два — Беларускую патрыятычную партыю, па адным — Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю і ЛДП.

Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў скончылася 12 верасня. Але, як бачым, на 110 дэпутацкіх месцаў конкурс пакуль не вельмі вялікі — менш за тры чалавекі на мандат. Што, у прынцыпе, карэлюецца з конкурсамі ў айчынныя ВНУ на бюджэт.

Канешне, кандыдатам у дэпутаты можна стаць і «па-за конкурсам» — балатавацца ад нейкай палітычнай партыі. Але такія кандыдаты, як правіла, губляюць магчымасць стасавацца з выбаршчыкамі на этапе збору подпісаў.

На днях ЦВК апублікаваў яшчэ больш цікавую лічбу — вынікі па фарміраванні акруговых выбарчых камісій на парламенцкіх выбарах. У гэтыя камісіі прайшоў толькі 31 чалавек з апазіцыйных партый на 1430 іх чальцоў. То-бок, колькасць апазіцыі ў камісіях — 2,5%.

Зразумела, што амаль ніхто ў справядлівыя выбары дэпутатаў у нас не верыць. Усе кажуць пра «прызначэнне», а таму ў гэтых выбарах няма ніякай інтрыгі. І не важна, як і за каго людзі прагаласуюць, — у «палатку» патрапіць той, хто, паводле меркавання вышэйшага кіраўніцтва, павінен туды патрапіць.

Але ёсць і другая кампанія — гэта перапіс насельніцтва Беларусі, які пачнецца праз некалькі тыдняў: з 4 па 30 кастрычніка. Па словах прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса, лічбы, атрыманыя ў час перапісу, стануць базісам для прыняцця рашэнняў у эканамічнай і сацыяльнай сферах.

Румас пры гэтым падкрэсліў, што планаванне эканомікі Беларусі на бліжэйшыя 10 гадоў залежыць ад дакладнасці вынікаў перапісу, таму важна якасна правесці мерапрыемства.

І вось тут, ведаючы, наколькі «сумленна» ў нас лічацца галасы на выбарах ці наколькі «аб’ектыўная» ў нас статыстыка ў дачыненні да таго ж беспрацоўя, узнікаюць вялікія пытанні да дакладнасці і якасці вынікаў, ад якіх бліжэйшыя 10 гадоў будзе залежыць «планаванне эканомікі Беларусі».

Бо планаванне эканомікі — гэта не пасяджэнні «прызначаных» дэпутатаў для аднагалоснага ўхвалення законапраектаў, нават самых неадназначных (узгадаем «дармаедскі дэкрэт» альбо «закон Раўкова» пра службу ў войску). Эканоміка — больш сур’ёзна.

Што пакажа перапіс? «Сярэднія заробкі набліжаюцца да 1000 рублёў», альбо вакансіі па 400–500 рублёў на месяц (у лепшым выпадку)? «Краіну для жыцця» альбо мільён працоўных, што з’ехалі на заробкі ў Расію, Польшчу, Украіну ды Літву?

Ці пабачым мы сапраўдныя вынікі гэтага перапісу — асабліва на фоне парламенцкай кампаніі, і ў сувязі з маючымі адбыцца ў 2020 годзе прэзідэнцкімі выбарамі? Ці вынікі гэтага перапісу падвядуць прыблізна так, як падводзяць вынікі тых самых «выбараў»?

Варта адзначыць, ужо цяпер сітуацыя «па перапісе» выглядае не вельмі аптымістычнай, таму што днямі свет пабачыў дэмаграфічны штогоднік Рэспублікі Беларусь за 2018 год. Згодна яму, у мінулым годзе ўпершыню за апошнія некалькі гадоў паказчык па колькасці народжаных дзяцей апусціўся ніжэй за 100 тысяч чалавек.

Апошні раз гэты паказчык апускаўся ніжэй за сто тысяч у 2006 годзе. У 2015-м у краіне нарадзіліся 119 тысяч дзяцей (12,5 на сто тысяч насельніцтва). Вялікі спад адбыўся ў 2017-м — 102,6 тысячы народжаных пасля 117,8 тысячы ў 2016 годзе. У 2018-м нарадзіліся 94 тысячы (9,9 на сто тысяч насельніцтва).

Пры гэтым колькасць тых, хто памёр, у апошнія гады моцна не мянялася. У 2015-м — 120 тысяч (12,6 на сто тысяч насельніцтва), у 2018-м — 120 тысяч (12,7 на сто тысяч). Натуральнае змяншэнне ў 2018-м — мінус 26 тысяч.

То-бок, смяротнасць у нас стала перавышае нараджальнасць. Ці будзе «падтрымка маладых сем’яў», заклікі нараджаць больш, розныя «дэмаграфічныя праграмы» і тое, што «трэцяе дзіця — кіраўніка дзяржавы», адлюстравана ў перапісе насельніцтва?

Ёсць вялікая небяспека ў тым, што перапіс насельніцтва «падкарэктуюць» такім жа чынам, як і вынікі выбараў. Нам злепяць прыгожы «малюнак», які будзе слаба адпавядаць рэальнаму стану рэчаў. І больш за тое — зыходзячы з гэтага малюнку будуць вызначаць эканамічныя і сацыяльныя рашэнні для жыцця ўсёй краіны.

Бо мы звыкліся з тым, што чыноўнікі жывуць у нейкай іншай рэальнасці, чым грамадзяне Беларусі. У іх свая краіна — тая, што паказваюць па тэлевізары ў навінах беларускага тэлебачання. І, на жаль, яна вельмі адрозніваецца ад Беларусі сапраўднай.

А можа быць, перапіс насельніцтва папросту ні на што не паўплывае. Ужо зараз, не чакаючы гэтай маштабнай падзеі, нам расказалі, як мы будзем жыць далей. Напрыклад, намеснік Румаса Уладзімір Кухараў паведаміў, што тарыфы на паслугі ЖКГ у 2020 годзе будуць павышацца ў два этапы. «Калі раней з 1 студзеня ўздымалі на пяць долараў тарыфы, то з гэтага года падзялілі павышэнне на два этапы. З 1 студзеня ўзнялі на 3,9 долара, а з 1 чэрвеня на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне — 1,1 долара. Бачым, што такую тэндэнцыю трэба працягваць», — паведаміў чыноўнік.

Так што перапіс — перапісам, а калі кіраўнік дзяржавы сказаў пра «пяць долараў», то гэтая пяцёрка ў планах і застанецца. І не важна, што ў нас там з сацыяльна-эканамічнымі паказчыкамі па выніках маштабнага апытання ўсіх жыхароў краіны.