Ярмошына: палітычныя партыі дэградуюць, а прымяняць рэферэндум трэба асцярожна
Кіраўніца Цэнтрвыбаркама ў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 24» выказалася пра змены Канстытуцыі праз рэферэндум.
— На жаль, нашы партыі дэградуюць. Паляпшэння няма. Наадварот, рэзкае пагаршэнне. Калі мы ўспомнім першыя гады беларускай дзяржаўнасці, палітычныя партыі былі нашмат больш актыўнымі.
Па словах Ярмошынай, з 15 зарэгістраваных партый толькі восем удзельнічаюць у выбарах.
— Прычым больш актыўныя апазіцыйныя. І тое, гэта ўсяго некалькі дзясяткаў палітыкаў. Паглядзіце на ток-шоу на ТБ, гэта адны і тыя ж асобы.
Таксама ў інтэрв'ю кіраўнік ЦВК выказалася супраць электроннага галасавання. Акрамя таго, Ярмошына заявіла, што ў яе дваякае стаўленне да рэферэндумаў.
— У пэўныя моманты ён неабходны, каб зняць нейкі спрэчны момант. З іншага боку, гэта пытанне традыцыі. У Швейцарыі гэта традыцыя, якая прымяняецца штогод, і ніякай драмы не адбываецца. У нас гэта заўсёды звязана з нейкім лёсавызначальным выбарам і таму ў нас любы рэферэндум абвастрае палітычныя жарсці. Пытанне можна выцягнуць, прыняць рашэнне, а далей што з гэтым рабіць? Гісторыя з Brexit — гэта гісторыя безадказнасці тых палітыкаў, якія наогул выцягнулі гэтае пытанне на народнае абмеркаванне. Тут не можа быць стоадсоткавай ісціны, гэта павінна было быць палітычнае рашэнне.
На думку Ярмошынай, у беларускай Канстытуцыі трэба сыходзіць ад правіла, што амаль усе раздзелы можна змяняць толькі рэферэндумам.
— Цяпер і трэба нешта мадэрнізаваць у Канстытуцыі, кажа кіраўнік дзяржавы, але паспрабуй правядзі рэферэндум, паспрабуй крані Канстытуцыю. Наступствы могуць быць самымі нечаканымі і вельмі складанымі. Таму ўжываць [рэферэндум] трэба, але, напэўна, у якасці кансультацыі, а далей павінен прымаць рашэнне нейкі паўнамоцны орган.
Нагадаем, 1 сакавіка падчас «Вялікай размовы» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што даручыў Канстытуцыйнаму суду прапрацаваць пытанне змяненняў у Канстытуцыю. Кіраўнік дзяржавы анансаваў пашырэнне паўнамоцтваў парламента і ўрада.
TUT.BY