Калеснікавай, Ціханоўскай і Цапкала ўручылі прэмію імя Карла Вялікага
Марыя Калеснікава, Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала атрымалі прэстыжную міжнародную прэмію імя Карла Вялікага. Гэта першы выпадак у гісторыі, калі яе ўручаюць беларусам, піша тэлеграм-канал каманды Віктара Бабарыкі.

Уручэнне прэміі адбылося ў каранацыйнай залі ратушы нямецкага горада Аахена. Прэмію ад імя Марыі Калеснікавай, якая знаходзіцца ў беларускай турме, атрымала яе сястра Тацяна Хоміч.
Марыя Калеснікава, Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала ўганараваныя гэтай прэміяй за мужнасць, барацьбу за свабоду і дэмакратыю, за правы чалавека і тым самым за еўрапейскія каштоўнасці, заявіў раней кіраўнік рады прэміі ў Аахене Юрген Ліндэн.
Паводле ягоных слоў, лідаркі беларускай апазіцыі Ціханоўская, Калеснікава і Цапкала — «непаўторны прыклад» барацьбы супраць дыктатуры, падаўлення і неправавой дзяржавы.
Міжнародная прэмія імя Карла Вялікага — адна з найбольш значных еўрапейскіх узнагарод, яна ўручаецца з 1950 году людзям і арганізацыям за іх вядучую ролю ў аб'яднанні Еўропы. У 2019 годзе прэмія была ўручана генеральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрышу, за год да гэтага — прэзідэнту Францыі Эмануэлю Макрону, у 2017-м узнагароду атрымаў брытанскі гісторык Тымаці Гартан Эш, а ў 2016-м – папа Рымскі Францішак.
Раней Марыя Калеснікава, Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала атрымлівалі іншыя міжнародныя прэміі за сваё змаганне за свабоду слова, думкі і волю да дэмакратычных пераменаў у Беларусі.