Калінкавіцкі блогер галадае ў турме ўжо амаль тры тыдні
Бацька шасцярых дзяцей, прадпрымальнік-крыптавалютчык і відэаблогер
Віталь Манько быў змешчаны ў турму па цяжкім артыкуле. Яму пагражае да
шасці год пазбаўлення волі.
Сёння ў сядзібе БНФ прыйшла прэсавая канферэнцыя з удзелам родных і сяброў Віталя Манько – гомельскага відэаблогера, які рабіў ролікі з жорсткай крытыкай мясцовай улады. Яго абвінавачваюць па артыкуле 233 частка 3 (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць), верхняя санкцыя па якім – шэсць гадоў пазбаўлення волі. Згодна з пазіцыяй следства, ён быў датычны да стварэння «фінансавай піраміды» і арганізаваў злачынную групоўку.
Але ці так гэта насамрэч?
Жонка Віталя, Валянціна:«Майго мужа затрымалі 4 чэрвеня, і з гэтага самага дня ён трымае галадоўку – патрабуе, каб яго пачулі. У той жа дзень яго даставілі ў Мазыр, потым у ІЧУ Гомеля, зараз ён знаходзіцца ў СІЗА-3. Мой муж знаходзіцца ў турме за тое, што змагаўся з карупцыяй і дапамагаў людзям. Адвакат у яго быў «іхні». Віталь піша, што адвакаты некампетэнтныя, не могуць дапамагчы. На пытанні, што рабіць, калі следчы не чуе, адказваюць: «чытайце грамадзянскі кодекс». А мы, сям'я, з самога пачатку знаходзімся пад моцным псіхалагічным ціскам».
Сын Віталя Матвей і жонка Валянціна
Валянціна зачытвае радкі з ліста Віталя: «Учора мне следчы аб'явіла абвінавачванне, перавярнуўшы ўсё з ног на галаву, перавярнула мае паказанні, што я стварыў злачынную групоўку....»
Па словах жонкі відэаблогера, абвінавачванні ў стварэнні фінансавай піраміды наскрозь ілжывыя. Віталь разам з яшчэ шасцю чалавекамі заснаваў таварыства «Элеўрус Рэспублікі Беларусь», якое рэалізоўвала шэраг розных інвестыцыйных праектаў, у тым ліку крыптавалютных. Віталь з сябрамі нават стварыў сваю крыптавалюту ElCoin. Дык вось, той самы праект, у якім органы ўгледзелі «піраміду», быў запушчаны «Элеўрусам» у красавіку 2015 года, не быў зацверджаны ўдзельнікамі супольнасці і быў звернуты ў снежні 2015 года. У гэты перыяд Віталь нават праводзіў прэзентацыю праекта ў Брэсце. Па заканчэнні прэзентацыі з ім паразмаўлялі супрацоўнікі ДФР КДК – і на гэтым ўсё скончылася. Ні да гэтага ні пасля фінансавая міліцыя не прад'яўляла прэтэнзій да ягонай працы. Затое як толькі, каля года таму, пачаў здымаць ролікі, у якіх жорстка крытыкаваў мясцовых чыноўнікаў, міліцыянтаў, ДАІшнікаў і, дарэчы, той жа самы ДФР – праз тры гады яму была ўзгаданая нібыта незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць.
Іншы цікавы факт – Манько абвінавачваюць за ўдзел у злачыннай групе, якая складалася з шасці чалавек. Але з гэтых шасці толькі ён адзін змешчаны пад варту.
Самы папулярны ролік Манько, які сабраў 44 тысячы праглядаў, прысвечаны начальніку Лельчыцкага ДАІ Цімуру Сяргеевічу Маславу.
Таксама Віталь дапамагаў Розе Віктараўне Стрэльчанка, дэпутатцы мясцовага савета, калі ў Каплічах (вёска ў Калінкавіцкім раёне) закрывалі беларускамоўную школу.
Жонка Віталія кажа, што ад яго вельмі павольна ідуць лісты, і што ад яе доўгі час хавалі інфармацыю аб галадоўцы. Больш за тое, падчас вобшуку ў іх вынялі ўсе лічбавыя носьбіты, і зараз следчыя, на думку Віталя, могуць выдаліць з іх усю інфармацыю, якая б даказвала ягоную невінаватасць.
А што ж кажуць следчыя ворганы? Новы Час звярнуўся за каментарам да следчай, якая вядзе справу Віталія Манько – Марыны Мікалаеўны Караленка. Пачуўшы словы «газета» і «каментар», яна сказала, што каментары не дае і параіла звярнуцца ва ўправу СК па Гомельскай вобласці. «Нам наўпрост забараняюць стасавацца з прэсай», — дадала яна. На пытанне, на падставе якога закону гэта робіцца, Марына Мікалаеўна сказала «До свіданія» і паклала слухаўку.
Ва ўправе следчага камітэта па Гомельскай вобласці дзяжурны следчы сказаў, што нічога пракаментаваць не можа і накіраваў нас у цэнтральны апарат СК – да супрацоўніка па сувязях з грамадскасцю.
Аляксандр Сяргеевіч Сечка з аддзелу па сувязях з грамадскасцю абяцаў даць каментар, пасля таго як «уточнит» сітуацыю. Пасля кожнага новага званка ён прасіў пазваніць пазней, і ў выніку перастаў браць слухаўку.
Да суду цяжка зрабіць вынікі аб тым, якім быў сапраўдны матыў затрымання. Але пакуль складаецца ўражанне, што справа Манько цалкам кладзецца ў шаблон мноства іншых спраў з палітычным падтэкстам, сарамліва прыкрытых крымінальнай вокладкай: гэтак за «ўхіленне ад уплаты падаткаў» судзілі Бяляцкага, за «хуліганства» — Андрэя Бандарэнку, а за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць» — Міколу Аўтуховіча.
Напісаць Віталю Манько можна па адрасе СІЗА-3, г.Гомель. Вул. Кніжная, 1-а. 246003. Манько Віталь Сяргеевіч