Беларуская палітыка ў інтэрнэце: хто ёсць дзе

Як палітычныя партыі і грамадскія рухі Беларусі прадстаўленыя ў віртуальнай прасторы?

find_students_for_online_courses.jpg


Да нас звярнуўся чытач. Спадар Ягор вельмі б жадаў стаць чальцом Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ. Аднак не можа гэтага зрабіць. І не таму, што «крывавы рэжым»: проста ён не можа знайсці партыю. «Сайт http://www.narodnaja-partyja.org неінфарматыўны… На сайце няма ніякай зваротнай сувязі, нават электроннай пошты партыі няма. Няма ні тэлефона, ні адрэсы партыі. Старонка "Укантакце" састарэла і даўно закінутая. Ці ёсць у КХП-БНФ Твітар альбо Тэлеграм-канал?» — пытаецца ён.

У дапамогу Ягору і іншым, якія б маглі развіваць беларускае партыйнае жыццё, але не ведаюць як, НЧ і падрыхтаваў гэты агляд.

Каб паглядзець, хто ёсць хто, пройдземся па беларускіх палітычных інтэрнэт-рэсурсах справа налева.

Правыя

Пачнём з самай старой і, бадай, самай вядомай з беларускіх партый: БНФ — Беларускага Народнага Фронту. КХП-БНФ, заснаваная ў 1999 годзе, мае сайт і старонку "Укантакце" са сціплымі 1,6 тысячы падпісчыкаў. Сайт, праўда, выглядае як «прывітанне з нулявых» — хіба гасцявой кнігі не хапае. Зваротная сувязь адсутнічае — не ўказаны нават е-мэйл.  Партыя БНФ, заснаваная ў 1993-м, акрамя дагледжанага сайта з апошнімі навінамі і пералікам партыйных акцый, мае поўны набор старонак у сацсетках, ад «Аднакласнікаў» да «Фэйсбука» з 2,4 тысячамі чалавек.

Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) нездарма лічыцца самай масавай апазіцыйнай партыяй Беларусі. Сайт рэгулярна аднаўляецца, у сацсетках — адносна вялікая колькасць падпісчыкаў, ажно да 8 тысяч на старонцы "Укантакце". Апошняя, праўда, аднаўляецца нячаста (на момант прагляду апошняе аднаўленне было 25 дзён таму).

Беларускія хрысціянскія дэмакраты (БХД), строга кажучы, не з’яўляюцца партыяй. Шэсць разоў ім адмаўлялі ў рэгістрацыі, але гэта не перашкаджае ім весці актыўную дзейнасць і быць адной з самых заўважных сіл у беларускім палітыкуме. Сайт выглядае стылёва і сучасна, аднак сацсеткі моцна здаюць: Твітэр на момант напісання артыкулу не аднаўляўся 4 месяцы, старонкі ў "Укантакце" і "Фэйсбуку" — больш за 10 дзён.
Малады Фронт, зарэгістраваны ў Чэхіі, мае маральна састарэлы сайт: мноства карцінак не адлюстроўваюцца ў браўзеры, новага кантэнту няма амаль тры месяцы. Затое сацсеткі выглядаюць прыстойна: па паўтары тысячы падпісчыкаў як "Укантакце" так і ў "Фэйсбуку".

Партыя свабоды і прагрэсу, заснаваная ў 2003 годзе, пазіцыянуе сябе як «чыстая» ліберальная партыя, без кансерватыўных і сацыял-дэмакратычных адхіленняў, але так і не была створаная з-за бюракратычных перашкод дзяржавы. Але ў адрозненні ад БХД, якой таксама няма як юрыдычнай асобы, ПСП, бадай, самая непрэзентаваная ў палітычнай прасторы апазіцыйная партыя. Сайт liberaly.org не працуе ўвогуле, старонка "Укантакце" налічвае 33 чалавекі і аднаўлялася апошні раз год таму.

Праўладныя партыі

Доўга вагаўся, у якую катэгорыю паставіць партыі, якія падтрымліваюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Згодна з агульнапрынятай класіфікацыяй, левыя ёсць тыя, хто выступае за пашырэнне сацыяльных гарантый і грамадзянскіх свабодаў, а прыхільнікаў Лукашэнкі сярод такіх вы не знойдзеце. Правыя — за свабоду прадпрымальніцтва, рынкавую эканоміку і моцную дзяржаву (супадзенне хіба ў адным пункце). Па факце ж праўладныя партыі ў Беларусі не левыя і не правыя, як і сам Аляксандр Рыгоравіч, які то левы, то правы ў залежнасці ад патрэбаў бягучага моманту. З пэўнай нацяжкай іх можна назваць «падданніцкімі» (па класіфікацыі палітычнай культуры Алманда і Вербы) альбо сінкрэтычнымі палітычнымі партыямі.

Рэспубліканская партыя, хаця існуе афіцыйна як самая сапраўдная партыя, у інтэрнэце фігуруе хіба ў афіцыйных пераліках Мінюста. У РПРБ, аднак есць сайт… на narod.ru

screenshot_from_2018_06_20_23_07_25.png


Як кажуць у такіх выпадках, без каментарыяў.

Беларуская аграрная партыя, хаця і набрала, згодна з даследаваннем лістапада 2017 года 1,1% пазнавальнасці, слядоў жыцця ў інтэрнэце не пакінула.

Беларуская патрыятычная партыя вядомая хіба тым, што яе кіраўнік Мікалай Улаховіч балатаваўся на выбары ў 2015 годзе. У інтэрнэце партыя прадстаўленая старонкай "Укантакце", на якой сіратліва месцяцца 13 падпісчыкаў.
Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя — сапраўдны «неўлавімы Джо». У 2016-м годзе яе спрабавалі знайсці журналісты Еўрарадыё, але беспаспяхова. Адсутнічае яна і ў інтэрнэце. Што, праўда, не замінала ёй у 2015 годзе выставіць 417 (!!!) назіральнікаў на выбарах.
А вось Камуністычная партыя Беларусі нездарма мае самы высокі рэйтынг пазнавальнасці — 2,6%, згодна з вышэйзгаданым даследаваннем. Мае актуальны сайт, хаця і састарэлага дызайну, і старонку Укантакце з 7 тысячамі (!) падпісчыкаў. Свае старонкі маюць і рэгіянальныя аддзяленні партыі — складаецца уражанне мэтанакіраванай і старанай працы камуністаў у медыйным накірунку.

Не вельмі адстае і Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі:сайт рэгулярна аднаўляецца, маюцца старонкі ва ўсіх папулярных сацсетках, якія стракацяць бадзёрымі рэпортамі аб адкрыцці новых партыйных суполак і выступамі лідараў: Сяргея і Алега Гайдукевічаў. На старонцы ў ВК — амаль 3000 падпісчыкаў.

Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці мае толькі сайт, які апошні раз аднаўляўся на фоне перамогі тамтэйшай кандыдаткі на выбарах 12 красавіка. «Апошняй навіной» на сайце вісіць паведамленне аб тым, што «отсутствие прямого авиасообщения между Минском и Крымом наносит вред прежде всего простым людям».

Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, відаць, у свой час прыйшла да згоды ў дачыненні да таго што Інтэрнэт — гэта зло, і прысутнічаць у ім не варта. Яе таксама можна сустрэць толькі ў даведніку Мінюста.

Калі вы, можа, не ведалі, то ў грамадскага аб'яднання «Белая Русь» таксама ёсць сайт. Ён рэгулярна аднаўляецца і на ім ёсць спасылкі на старонкі ў "Аднакласніках" і "Укантакце". Старонка ў "Аднакласніках" была створаная хіба для прыгажосці: 144 падпісчыкі, і сама яна — прыватная (нават цікава робіцца, чым жа на ёй дзеляцца «бело-русцы»). "Укантакце" адыйшло недалёка: пры заяўленых 178 тысячах сябраў ў ГА «Белая Русь», старонка ў ВК налічвае чамусьці толькі 500 падпісчыкаў.

a46b01fa_1874_4fdd_b98c_545573db691e.jpeg


Левыя

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя перажыла раскол у 2004 годзе. Зараз існуе Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» (ёсць сайт і старонкі ў "Фэйсбуку" і "Укантакце" з 1,1 тысячы падпісчыкаў кожная), а таксама незарэгістраваная ў Беларусі, аднак прызнаная Сацыялістычным Інтэрнацыяналам партыя «Народная Грамада» на чале са Статкевічам. Яна мае толькі старонку ў "Фэйсбуку" — таксама з 1,1 тысяч падпісчыкаў.

Беларуская партыя «Зялёныя» мае сучасны сайт, які больш-менш рэгулярна аднаўляецца, і старонкі ва ўсіх папулярных сацсетках, аднак з мізэрнай колькасцю падпісчыкаў. Твітар з 2,1 тысячамі падпісчыкаў не аднаўляўся ўжо больш за 2 гады.

Сайт партыі левых «Справядлівы свет» (былая Партыя камуністаў Беларуская) аднаўляецца рэгулярна. Ёсць суполкі ў сацсетках, прытым "Укантакце" падпісчыкаў нават трошкі болей, чым у «братоў па розуме» з лукашэнкаўскага лагеру — 7,2 тысячы чалавек.

Анархісты

Анархісцкі рух Беларусі падзелены на суполкі-ініцыятывы, якія, у адрозненне ад палітычных партый, вар’іруюцца не па ідэалогіі, а па роду заняткаў. Многія анархісцкія сайты і суполкі заблакаваныя Мінінфармам за «экстрэмізм», у прыватнасці, «Рэвалюцыйнае дзеянне» і «Прамень». У «Промня», праўда, ужо з'явілася новая суполка "Укантакце" замест двух заблакаваных да гэтага, і ёсць старонкі ва ўсіх астатніх папулярных сацсетках, да якіх беларускае «правасуддзе» пакуль не можа дацягнуцца.

pic003.png


Зусім недаўна была заблакаваная за "экстрэмізм" і ініцыятыва "Анархічны чорны крыж - Беларусь", якая дапамагае анархістам-палітзняволеным. Пакуль працуе сайт бібліятэкі «Вольная думка». Самая старая анархісцкая ініцыятыва Мінска «Ежа замест бомбаў» і калектыў «Фрымаркет-Мінск» прадстаўленыя толькі старонкамі ў сацсетках. Прытым апошні з'яўляецца рэкардсменам па колькасці падпісчыкаў "Укантакце": 4,5 тысяч.

Большасць сайтаў і суполак анархістаў аднаўляюцца не радзей чым раз на тыдзень, там з'яўляюцца новыя артыкулы, кнігі, навіны альбо справаздачы са сваіх акцый.

Грамадскія рухі

Калі меркаваць па частаце прыгадвання ў беларускіх медыя, то грамадскія рухі і аб'яднанні, бадай, дадуць фору палітычным партыям. Такіх у Беларусі незлічонае мноства, аднак я паспрабаваў вылучыць тых, якія былі і ёсць на слыху альбо найбольш актыўныя ў тым ліку «на зямлі».

У Руху «За Свабоду» — жывы сайт і старонкі ў сацсетках, прытым у "Фэйсбуку" колькасць падпісчыкаў даволі вялікая: 4,5 тысяч. Праўда, дзеянні, мяркуючы па стужцы навінаў, зводзяцца збольшага да заяў і адлюстравання сваёй пазіцыі па тых ці іншых пытаннях.

Сайт«Еўрапейскай Беларусі» падазрона нагадвае сайт Хартыі’97 — як афармленнем, так і кантэнтам. Аднак, у адрознене ад Хартыі, аднаўляецца рэдка. Старонкі ў сацсетках — мёртвыя.

Беларускі нацыянальны кангрэс для сайта асамблеі ўплывовых беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў мае непрывабны выгляд, хаця і актуальны кантэнт. Асноўная актыўнасць — у Фэйсбуку, дзе ў суполкі БНК амаль 2000 падпісчыкаў.

Гавары праўду на сайце пераважна цытуе выказванні сваіх лідараў. У сацсетках бачны плён мэтанакіраванай працы: 4,5 тыс. фаловераў у Твітэры, 3,4 тысячы падпісчыкаў Укантакце, 2,7 тысячы — у Фэйсбуку. Таксама ГП — адны з нямногіх, хто засвоіў модны зараз Тэлеграм і мае там канал.

Моладзевая ініцыятыва «Дзея» прадстаўленая толькі ў сацсетках, але даволі шырока: больш за 3 тысячы падпісчыкаў у Фэйсбуку.

Скончым агляд даволі пазнавальнай на сёння, хаця і маладой, суполкай Legalize Belarus, сайт якой нядаўна быў заблакаваны за «прапаганду наркотыкаў». У Фэйсбуку ў іх — 3,1 тысяч падпісчыкаў і амаль столькі ж Укантакце. Усе сацсеткі актыўна аднаўляюцца.

Калі цябе няма ў інтэрнэце, то няма нідзе

Падводзячы вынікі невялічкага агляду, можна прасачыць цікавыя тэндэнцыі. Моладзевыя ініцыятывы схільныя больш старана працаваць "Укантакце" — што тлумачыцца спецыфікай аўдыторыі. Туды ж, што цікава, больш схіляюцца памяркоўна-апазіцыйныя і праўладныя рухі — бадай таму, што яны не надта непакояцца магчымым сачэннем спецслужб і цікаўнасцю міліцыі (нагадаем, "Укантакце" належыць прапуцінскаму алігарху Алішэру Усманаву, і адміністрацыя сацсетак шчыльна супрацоўнічае як з беларускімі, так і з расійскімі спецслужбамі).

Калі сыходзіць з пастулата, што сёння, калі цябе няма ў інтэрнэце, то няма нідзе, то з праўладных партый сапраўды існуюць толькі КПБ і ЛДПБ, астатнія — «мёртвыя душы», якія не спрабуюць нават імітаваць жыццядзейнасць.

Трывалыя і сталыя апазіцыйныя групы больш схільныя да "Фэйсбуку": магчыма, намагаюцца пазбегнуць кантролю спецслужбаў, а таксама ідуць за сваёй аўдыторыяй: людзей сярэдняга класа і сярэдняга ўзросту. Апазіцыя, не кажучы ўжо пра праўладныя сілы, не надта «парыцца» навінкамі: як тэхнічнымі, так і візуальнымі. Многія сайты партый і рухаў выглядаюць вельмі слаба, а Тэлеграм засвоілі толькі «Гавары праўду» і анархісты.

У астатнім складаецца ўражанне, што нефармальныя рухі і непартыйныя аб'яднанні ў медыйнай сферы і сацсетках лёгка дасягаюць узроўню, а часам і пераўзыходзяць салідныя палітычныя партыі, хаця за партыямі, па ідэі, мусіць быць вялізны чалавечы і фінансавы рэсурс. Відаць, чысты энтузіязм і моладзевая энергія перамагаюць сумную інстытуцыянальную палітыку і афіцыёз. Што ж, тады выходзіць, ГУБАЗіК і КДБ, якія ў апошнія гады навастрылі зубы менавіта на моладзевыя групоўкі, умеюць глядзець на некалькі крокаў наперад. У адрозненне ад лідараў апазіцыі...