У Беларусі заблакавалі сотні вэбсайтаў, што знаходзяцца на адным серверы

Частка карыстальнікаў у Беларусі ад 29 траўня мае праблемы з доступам да вэбсайтаў, што захоўваюцца на серверы de3.fcomet.com (IP-адрас: 139.162.166.31) хостынг-правайдэра Fastcomet.

image1_2.jpg

У тым ліку не працуюць сайты nabyvaj.by, legalizebelarus.org і dziejaby.org, паведамляе Дзея. Актывісты звязваюць гэта з блакаваннем сайту асветніцка-адвакацыйнай кампаніі Legalize Belarus, legalize.by, змешчанага на тым жа серверы.
Рашэннем Міністэрства інфармацыі сайт legalize.by быў заблакаваны праз нібыта «прапаганду спажывання марыхуаны».


На сайце актывісты змяшчалі інфармацыю пра кампанію на ангельскай мове. Каб абысці блакаванне, быў створаны новы сайт з тым жа зместам, legalizebelarus.org, які на дадзены момант застаецца недасяжным для часткі карыстальнікаў. Таксама недасяжныя сайты nabyvaj.by (сайт пра беларускую мову на спажывецкім рынку) і dziejaby.org (сайт Грамадскага руху «Дзея», у стане распрацоўкі). Уласнік дамэнаў Пётр Маркелаў не атрымоўваў афіцыйных дакументаў пра блакаванне гэтых трох вэбсайтаў. Усе сайты захоўваюцца на адным сэрвэры, de3.fcomet.com. Пры спробе доступу карыстальнікі атрымоўваюць памылку ERR_CONNECTION_TIMED_OUT (перавышэнне ліміту чакання адказу). Па дадзеных службы падтрымкі хостынгу, на гэтым серверы змяшчаецца каля 300 вэбсайтаў.
Актывісты Legalize Belarus звярнуліся ў Міністэрства інфармацыі, БелДІЭ і Белтэлекам. З прычыны блакавання яны таксама рыхтуюць пазоў у суд.