Канстытуцыя Беларусі: чамадан без ручкі
«Любое грамадства, у якім не гарантаваныя правы і не вызначаны падзел уладаў — не мае Канстытуцыі». Гэты, напісаны больш за дзвесце гадоў таму, артыкул з французскай «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна» на дзіва трапна апісвае сучасны стан Рэспублікі Беларусь.
Новая «канстытуцыя» ўступае ў дзеянне 15 сакавіка 2022 года. Гэта ўжо трэцяе кардынальнае абнаўленне асноўнага закону з часоў набыцця Беларуссю суверэнітэту ў 1991 годзе.
Усе гэтыя гады рэжым упарта прытрымліваецца прынцыпу: святкаваць «дзень канстытуцыі» ў тую дату, калі быў прыняты першы Асноўны закон незалежнай Беларусі. Такім чынам ствараецца ілюзія пераемнасці аўтарытарных статутаў 1996 і 2022 гадоў з арыгінальнай Канстытуцыяй 1994 года.
Гэткую пільнасць да датаў можна лічыць выпадковым казусам — а можна знайсці ў ёй нагляднае пацверджанне таго, што форма для ўлады значна важнейшая за змест.
«Не да законаў»
Для савецкай наменклатуры, якая кіравала Беларуссю на момант атрымання незалежнасці і з шэрагаў якой выйшла сённяшняе кіраўніцтва краіны, законы заўжды былі чымсьці другасным, дэкаратыўным.
Іх важна было мець у якасці прыгожых атрыбутаў (гэтаксама як службовае аўто і кабінет са скураным фатэлем, сцягам і гербам), але… рэальныя рашэнні прымаліся паводле мэтазгоднасці і ўказанняў начальства.
Ад самага атрымання суверэнітэту наменклатура любіла прымаць законы, але не спяшалася іх выконваць. Найяскравейшыя прыклады — незаконнае ігнараванне абраным яшчэ ў савецкія часы парламентам ініцыятывы па рэферэндуме аб ягоным роспуску ў 1992, а таксама ўваход Беларусі ў АДКБ насуперак дэклараванаму памкненню да нейтралітэту ў 1993.
Ды жыццё ўсё ж патрабавала зменаў і руху да прававой дэмакратычнай дзяржавы. У 1994 годзе ў сварках і інтрыгах была прынятая першая Канстытуцыя незалежнай Рэспублікі Беларусь. Менавіта дзень яе падпісання мы і адзначаем 15 сакавіка.
Нараджэнне і смерць Канстытуцыі
У 1994 годзе ўпершыню ў гісторыі Рэспублікі Беларусь быў зацверджаны падзел уладаў, з'явіўся незалежны канстытуцыйны суд, прайшлі адкрытыя выбары прэзідэнта, і — праз год — парламента.
На жаль, першы раз стаў (пакуль) і апошнім.
Твары ва ўладзе абнавіліся, але падыходы засталіся старымі. Ідэя падзелу ўладаў, абмежаванняў, вяршэнства закону была цяжкай для ўспрымання. Канстытуцыя раздражняла і замінала «эфектыўнай працы» — як замінае нязручнае крэсла ці незразумелы новы гаджэт замест звыклага тэлефона-вяртушкі.
Збіццё дэпутатаў у будынку парламента ўвесну 1995 года стала яскравым стартам крушэння прававой дзяржавы. Фармальна незалежныя суды і пракуратура па факце працягнулі звыкла абслугоўваць уладу. І толькі новастворанаму канстытуцыйнаму суду хапіла працы — за два з паловай гады больш за 20 прэзідэнцкіх указаў былі прызнаныя неканстытуцыйнымі… але працягвалі выконвацца!
Скончылася баталія хутка і сумна цёмнай восенню 1996 года.
Насуперак канстытуцыйным нормам пры сілавой падтрымцы аховы прэзідэнта крэсла старшыні ЦВК заняла Лідзія Ярмошына. Абвінавачванні ў дзяржаўным перавароце і запозненая спроба імпічменту не ўратавалі сітуацыю.
Па выніках хуценька праведзенага Ярмошынай нібыта кансультатыўнага «рэферэндуму» група лаяльных прэзідэнту дэпутатаў абвясціла аб ліквідацыі дзейснага парламента і зацвярджэнні новай канстытуцыі, якую з фармальных прычынаў сціпла назвалі «праўкамі».
Прэзідэнцкіі тэрмін абвясціліі «абнулённым» (пачаўшы адлік нанова). З лаяльных дэпутатаў па спіску (без выбараў) сабралі першы склад новага органа — «Палаты Прадстаўнікоў». Нескароных дэпутатаў, што выступілі супраць канстытуцыйнага перавароту, у будынак парламента больш не пусцілі.
Фактычна канстытуцыя была знішчаная, растаптаная. Але (праз фармальны выкрут з «праўкамі») дзень канстытуцыі ў календары застаўся нязменным. Бо форма — важнейшая за змест.
Пустэча пад вокладкай
Усталяваны фактычна рэвалюцыйным чынам новы асноўны закон («з праўкамі 1996 года») быў простым для наменклатурнага паразумення, зручным і стэрыльным. У ім больш не было ні стрымак, ні процівагаў. Усе галіны ўлады яўна ці ўскосна падпарадкоўваліся прэзідэнту.
- Дэкрэты выканаўчай улады, афіцыйна мацнейшыя за законы.
- Забарона на прыняццё большасці законаў без узгаднення з адміністрацыяй прэзідэнта.
- Нерэалістычная працэдура імпічменту.
- Кантроль кіраўніка (непасрэдны ці ўскосны) за прызначэннем суддзяў, кіраўнікоў мясцовай улады, сілавікоў і г.д.
- Кантроль любых выбараў мясцовай уладай.
Фактычна знішчаны механізм падзелу ўладаў прывёў да прадказальнай стэрылізацыі нават тых псеўдадэмакратычных механізмаў, якія ўсё яшчэ дэклараваліся ў канстытуцыі ўзору 1996 года.
- Пад татальным наглядам прызначанай мясцовай улады адбываліся выбары ў «палату».
- «Палатнікі» паслухмяна («па ўзгадненні з адміністрацыяй», арт.101) ухвалялі законы, падрыхтаваныя ў міністэрствах.
- У поўнай адпаведнасці з гэтымі законамі ажыццяўляліся наступныя, усё менш празрыстыя «выбары» і пераслед дысідэнтаў.
- Прызначаныя суддзі і пракуроры адкрыта ігнаравалі неадпаведнасць законаў дэкларацыям самой канстытуцыі (якая фармальна мае вяршэнства над законамі) і міжнародным пагадненням пра абарону правоў чалавека (якія фармальна маюць вяршэнства нават над канстытуцыяй).
- Скаргі адхіляліся — бо не было закону ці інстанцыі, якая прымусіла б надзорныя і судовыя органы да прыняцця справядлівых рашэнняў.
- Замкнёная сістэма працавала без збояў, бо тыя, хто прымаў несправядлівыя рашэнні — прызначаліся, а не абіраліся.
Так знішчэнне падзелу ўладаў зруйнавала і любыя гарантыі грамадзянскіх правоў.
Варта яшчэ раз узгадаць дэкларацыю французскіх рэвалюцыянераў. «Любое грамадства, у якім не гарантаваныя правы і не вызначаны падзел уладаў — не мае канстытуцыі».
Дужа трапнае азначэнне. Ад 1996 года ў Беларусі на месцы канстытуцыі з'явілася толькі пустая абалонка, рэквізіт, вокладка са словам на літару «К». Такі ж фармальны і нязменны атрыбут, як спадарыня Ярмошына ў кабінеце старшыні ЦВК. Як урачысты працоўны дзень 15 сакавіка ў календары.
Як грамадства прывучалі да канстытуцыі
«Канстытуцыя стабільнасці» прастаяла на палічках уладных кабінетаў 25 год. Без аніякай ролі, апрэч рытуальнай. Без аніякага зместу, што адпавядаў бы галоўнай мэце сапраўднай канстытуцыі — вызначэнню механізмаў абароны грамадзянскіх правоў і падзелу паўнамоцтваў між незалежнымі галінамі ўлады. Без хаця б паважнай і «чыстай» з легальнага пункту погляду гісторыі прыняцця.
Сітуацыя дзіўная — але цэлую чвэрць стагоддзя грамадства яе не заўважала. Так адбылося не адразу.
Варта ўзгадаць як беларускае грамадства прывучалі да «канстытуцыі стабільнасці».
1996 год — уся вертыкаль бярэцца за ўвасабленне новых парадкаў. Частка дэпутатаў Вярхоўнага Савета працягваюць публічна дзейнічаць як прадстаўнікі адзінага законнага парламенту, але беларуская ўлада лічыць іх асобамі без якогасьці афіцыйнага статусу. Грамадзянская супольнасць рэгулярна выходзіць на акцыі пратэсту супраць узурпацыі ўлады.
1999 год — дэпутаты Вярхоўнага Савета робяць шэраг захадаў у сувязі з заканчэннем першага (без уліку «абнулення») тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў паводле канстытуцыі-94. Сярод крокаў — нават спроба абвясціць і правесці выбары ад імя законнага ЦВК. Неўзабаве дзейнасць дэпутатаў канчаткова паралізуецца праз загадкавую заўчасную смерць віцэ-спікераў Ганчара і Карпенкі і эміграцыю старшыні Шарэцкага.
2001 год — Ярмошына праводзіць перавыбары кіраўніка дзяржавы паводле канстытуцыі-96 з удзелам альтэрнатыўных кандыдатаў. Працэс паўтараецца кожную пяцігодку. Апазіцыя на два дзесяцігоддзі засяроджваецца на электаральных кампаніях, паступова прыбіраючы са сваёй павесткі тэму канстытуцыйнага ладу.
2004 год — па наладжанай схеме, хуткім «ярмошынскім рэферэндумам», з канстытуцыі прыбіраюць сказ пра абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў. Павел Севярынец і Мікалай Статкевіч атрымліваюць крымінальнае пакаранне за арганізацыю акцый пратэсту.
2012 год — грамадства ўзгадвае пра «дзень канстытуцыі» ў нечаканым крывавым кантэксце — да ўрачыстай даты расстрэльваюць абвінавачаных у тэрарызме віцяблян Канавалава і Кавалёва.
І толькі ў 2020 годзе перад самым арыштам Віктар Бабарыка паспеў у якасці адной са сваіх амбітных палітычных мэтаў абвесціць вяртанне да канстытуцыі 1994 года.
На той момант грамадства настолькі забылася аб канстытуцыйнай праблеме, што мала хто зразумеў ініцыятыву. Затое яе цудоўна зразумеў нязменны кіраўнік дзяржавы, які ў сваім апошнім слове перад днём галасавання з асобным гневам абрушыўся на ідэю вяртання канстытуцыі-94, катэгарычна выключыўшы такую магчымасць.
Практычна адкрытым тэкстам прагучала, што вяртанне да дэмакратычнага ладу зруйнуе ўсю сістэму кіравання, старанна збудаваную і наладжаную за чвэрць стагоддзя. У гэтым пытанні гаспадар дзяржавы быў шчырым — пабудаваная ім сістэма прынцыпова не сумяшчальная з дэмакратычнымі прынцыпамі.
Але і «канстытуцыя стабільнасці» перастала задавальняць кагосьці.
Новая «канстытуцыя», новыя пагрозы
І вось 2022 год. Па звыклым сцэнары (хіба што без Ярмошынай), адбываецца «прыняццё» новай версіі асноўнага закону. З грувасткай (і, як высветлілася яшчэ да прыняцця, непрацаздольнай) «казахскай» схемай пажыццёвага стратэгічнага кіравання. З пажыццёвай недатыкальнасцю і яшчэ парай прэзідэнцкіх тэрмінаў па жаданні замоўцы. З фармальным пераразмеркаваннем паўнамоцтваў між філіяламі ўлады, якія па-ранейшаму застаюцца падкантрольнымі старшыні дзяржавы.
Здавалася б, цяжка прыняць новую канстытуцыю яшчэ больш спрэчным чынам, чым папярэднюю. Але для аўтакратыі няма нічога немагчымага — «рэферэндум» ізноў прайшоў на тле абвінавачванняў у фальшывасці выбарчай сістэмы і ўзурпацыі паўнамоцтваў. Хай гэтым разам без сілавых захопаў ЦВК, затое ва ўмовах шматмесячных рэпрэсій і пасярод маштабнай вайны з суседняй дзяржавай.
Па традыцыі, фактычна перапісаны нанова статут зноў афармляюць як праўкі, прывязваючы іх уступленне ў сілу да традыцыйнай даты — дня прыняцця дэмакратычнай канстытуцыі, раструшчанай яшчэ чвэрць стагоддзя таму.
І, вядома ж, калі б падзеі адбываліся ў мірныя часы, можа было б хіба ўсміхнуцца з таго, як адна аўтарытарная і недэмакратычная канстытуцыя змяняецца на іншую, амаль такую самую. І паразважаць пра тое, што ні «ўчорашняя» ні «заўтрашняя» версіі не могуць быць трывалым падмуркам для дэмакратызацыі, калі для яе прыйдзе час. Параўнаць перавагі і недахопы сцэнараў «вяртання да канстытуцыі-94» і «перазаснавання дзяржавы ўстаноўчым сходам».
Але ідзе вайна. І «чамадан без ручкі», тая самая канстытуцыя-пустышка, да якой чвэрць стагоддзя не ставіліся сур’ёзна ані грамадзяне, ані ўлада, можа нарэшце самым нечаканым чынам ператварыцца ў небяспечную зброю.
Сярод грувасткіх зменаў у «асноўны закон» ёсць два вельмі рызыкоўныя пункты, якія пачынаюць дзейнічаць у найвастрэйшы гістарычны момант, падчас вайны між Расіяй і Украінай:
1) Адмова ад ваеннага нейтралітэту.2) У выпадку смерці кіраўніка дзяржавы ўсе механізмы кантролю над краінай пераходзяць да Савета Бяспекі — то-бок, фактычна да групы прарасійскіх сілавікоў.
Было б алармізмам сцвярджаць, што менавіта аўторак, 15 сакавіка 2022 года, зробіцца днём, калі беларускае войска ўцягнуць у наземную ваенную агрэсію. Але менавіта з гэтага дня рызыка такога сцэнару пачне нарастаць і рабіцца перманентнай.