Каваленка працягвае галадаць

Стан Сяргея Каваленкі, які трымае галадоўку, пагаршаецца. Цяпер вязень знаходзіцца ў рэспубліканскім турэмным шпіталі, што месціцца пры следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Сяргей па-ранейшаму патрабуе яго вызваліць з-пад варты, бо не лічыць сябе вінаватым.

Каваленку абвінавацілі ў парушэнні рэжыму адбывання «хатняй хіміі» — умоўнага пакарання, прысуджанага яму за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 года на гарадской навагодняй елцы ў цэнтры Віцебска.



bf1b2f4b901c21a1d8645018ea9aeb05.jpg

Стан Сяргея Каваленкі, які трымае галадоўку, пагаршаецца. Цяпер вязень знаходзіцца ў рэспубліканскім турэмным шпіталі, што месціцца пры следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Сяргей па-ранейшаму патрабуе яго вызваліць з-пад варты, бо не лічыць сябе вінаватым.
Каваленку абвінавацілі ў парушэнні рэжыму адбывання «хатняй хіміі» — умоўнага пакарання, прысуджанага яму за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 года на гарадской навагодняй елцы ў цэнтры Віцебска.
Сяргей Каваленка са снежня трымае галадоўку, увесь гэты час ён знаходзіцца ў вязніцы. Пры росце 180 сантыметраў Сяргей зараз важыць 51 кілаграм, у яго нізкая тэмпература цела — 35,2 градусы, а ціск 90 на 60.
Жонка Сяргея Каваленкі Алена 12 сакавіка мела з ім сустрэчу ў ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Палітвязень працягвае галадаць. “Пра галадоўку ён ўвогуле ўжо не хоча нічога казаць. Ён прыняў рашэнне і прасіў мяне не адгаворваць яго ад гэтага рашэння. Мне вельмі шкада Сяргея, шкада, што ён памірае, а я не магу яму нічым дапамагчы. Усе ягоныя патрабаванні застаюцца ранейшымі — ён лічыць сябе невінаватым, — гаворыць Алена Каваленка.
10 сакавіка Алена Каваленка разам з малалетнімі дзецьмі стаяла ў пікеце за вызваленне мужа, а 14 сакавіка яе з сямімесячнай дачкой і віцебскім прадпрымальнікам Сяргеем Парсюкевічам, у машыне якога яны ехалі, пратрымалі ў пастарунку некалькі гадзінаў. Сяргей Парсюкевіч распавёў, што машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, правяралі, ці прышпіленыя рамяні бяспекі на заднім сядзенні, ці ёсць аптэчка. У выніку пастанавілі, што Алена на заднім сядзенні аўтамабіля была не прышпіленая і ўжо ў пастарунку склалі за гэта пратакол. Але Сяргей абвяргае гэта абвінавачванне: “Я ведаю, у якой краіне жыву, таму ўсім сказаў прышпіліцца.
Сяргей Каваленка з’яўляецца сябрам партыі КХП—БНФ. І паплечнікі адносілі ў Генпракуратуру заяву з просьбай тэрмінова шпіталізаваць Сяргея ў звычайную, а не турэмную бальніцу. Да Каваленкі з просьбамі спыніць галадоўку звярталіся лідар КХП– БНФ Зянон Пазьняк, пастар Эрнэст Сабіла, многія грамадскія дзеячы. Ліст з просьбай спыніць галадоўку да адчайнага беларускага актывіста накіроўваў і камісар Еўрасаюза ў пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле. Але гэтых просьбаў галадоўнік не паслухаў. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла накіравала ліст да апостальскага нунцыя ў Беларусі Клаўдзіа Гуджэроці. Яна просіць Святы пасад хадайнічаць за Сяргея Каваленку перад уладамі, і ў прыватнасці перад кіраўніком Беларусі.
Улады выдатна разумеюць, да чаго можа прывесці гэтая сітуацыя — фізічныя паказчыкі Каваленкі гавораць пра тое, што незваротнае можа адбыцца ў любы момант. Выпусціць актывіста па яго патрабаванні — “прагнуцца перад сваімі ўнутранымі апанентамі, чаго за ўладаю не водзіцца. У канфліктных сітуацыях Аляксандр Лукашэнка (а ён не можа не быць у гэтай тэме) заўжды абірае ў якасці аргументаў міліцэйскую дубінку, а не перамовы ці тым больш саступкі. Але сумнеўна, што гэтую сітуацыю пусцяць на самацёк. У беларускім грамадстве цяпер даволі неспакойныя часы — незадаволенасць, раз-пораз успыхваюць лакальныя бунты. Наўрад ці, канешне, падобная ахвяра закране душу далёкага ад палітыкі абывацеля.
* * *
Тым часам да праваабаронцаў з аб’яднання «Платформа» паступіла паведамленне, што ў турме на вуліцы Валадарскага ў Мінску 14 вязняў СІЗА–1 адмовіліся прымаць ежу. 22 лютага вязні абвясцілі масавую галадоўку, пратэстуючы супраць метаду, якімі вядуць следства супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Паведамляецца, што ўсе галадоўнікі — гэта абвінавачаныя па справе пра дзейнасць арганізаванай злачыннай групы ў Пастаўскім раёне Віцебшчыны. Іх справу слухае Беларускі вайсковы суд. У звароце вязні заяўляюць, што матэрыялы іх справы фальсіфікаваліся, на сведак і пацярпелых чыніўся ціск. Аўтары ліста заклікаюць генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь «правесці аб’ектыўную і ўсебаковую праверку грубых парушэнняў закону з боку супрацоўнікаў ГУБАЗ МУС РБ, узяўшы яе правядзенне пад асабісты кантроль». “Еўрарадыё ў дзяжурнай часці Дэпартамента выканання пакаранняў заявілі: «Няма такой інфармацыі. Я б ёй валодаў. Упершыню чую. Ды не, у такой колькасці мы рэагуем і дакладваем. Чатырнаццаць чалавек? Не, гэта няпраўда, такога няма!»