Кавалеўскі пра адносіны дэмсіл з Кіевам: «Мы бачылі добрыя пасылы ад Зяленскага»

Дзверы перад беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў Кіеў пачалі адчыняцца ўжо некаторы час таму, распавёў «Е*рарадыё» намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб*яднаным пераходным кабінеце Валер Кавалеўскі.

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Візіт ва Украіну Паўла Латушкі спрычыніцца да падвышэння ўзроўню палітычных адносінаў паміж дэмакратычнай супольнасцю і Украінай, лічыць Кавалеўскі.

«Мы бачылі добрыя пасылы з боку прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і ад некаторых іншых афіцыйных прадстаўнікоў Украіны, — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб*яднанага пераходнага кабінета. — І дадам, што камунікацыя з украінскімі ўладамі ў нас ідзе на розных узроўнях і ў розных краінах. Гэта камунікацыя досыць эфектыўная і пастаянная. Тут мы кажам і пра Вярхоўную Раду, і пра дыпламатычны корпус Украіны. Варта дадаць і што ў нас досыць актыўныя сувязі з экспертнай супольнасцю, з медыясупольнасцю».

Паводле слоў Кавалеўскага, гэтыя адносіны «працягваюцца на розных узроўнях, і кожны такі кантакт набліжае нас да падвышэння ўзроўню палітычных адносінаў паміж дэмакратычнай супольнасцю і Украінай, і думаю, што візіт Паўла Латушкі ва Украіну таксама да гэтага спрычыніцца».

Але ці прыадчыніў візіт Латушкі ў Кіеў дзверы для Святланы Ціханоўскай?

«Цяжка казаць, што Павел Латушка прадстаўляў у Кіеве усе дэмсілы — гэта надта шырокае паняцце, — прызнае Кавалеўскі. — Найперш ён гаварыў з Кіевам ад імя Аб’яднанага пераходнага кабінета і НАУ». 

«Мы даўно вырашылі, што падтрымка Украіны — наш прыярытэт. Мы супрацоўнічаем з Украінай найперш праз сінхранізацыю пэўных камунікацыйных пасылаў. Каб знайсці больш практычныя праекты, патрэбны іншы ўзровень адносінаў. Але калі яны будуць, мы будзем пра іх інфармаваць», — дадаў палітык.

Раней і сам Кавалеўскі неаднаразова наведваў Украіну. Але чаму гэтыя паездкі прыпыніліся?

«Ведаеце, добрае пытанне. Гэта не звязана з узроўнем адносінаў, проста ў нас шмат справаў на іншых кірунках, — адказаў Валерый Кавалеўскі. — Мы вядзем працу над стварэннем стратэгічнага дыялогу з ЗША, важнае месца займае праца над парадкам дня ААН — трэба спыніць абранне Аляксандра Лукашэнкі ў Раду Бяспекі. З ЕС у нас таксама фармалізуюцца адносіны. Ствараецца кансультацыйная група, і яе першая сустрэча адбудзецца напрыканцы чэрвеня. Там мы будзем абмяркоўваць стан адносінаў паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрасаюзам. Усё гэта адымае шмат часу і, на вялікі жаль, пакуль не дазваляе ехаць ва Украіну».

Але Кавалеўскі дадаў, што літаральна праз два тыдні будзе мерапрыемства ў Кіеве, і падчас гэтай паездкі ён не выключае і сустрэч з палітычнымі структурамі.