Крызіс не скончыцца ў наступным годзе

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прыняў у адносінах да Беларусі новую стратэгію супрацоўніцтва. Прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі не хаваюць, што фінансавая падтрымка Беларусі найперш завязана на палітычным складніку.



6a5dfac4be1502501489fc0f5a24b667.jpg

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прыняў у адносінах да Беларусі новую стратэгію супрацоўніцтва. Прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі не хаваюць, што фінансавая падтрымка Беларусі найперш завязана на палітычным складніку.
Новая трохгадовая стратэгія дазволіць банку пашырыць свае аперацыі ў Беларусі пры ўмове, што кіраўніцтва дзяржавы будзе здзяйсняць рэформы ў пэўных галінах, накіраваных на развіццё рынкавай эканомікі, паведамляе БелаПАН. Галоўным прыярытэтам Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) у дачыненні да Беларусі застаецца падтрымка развіцця прыватнага сектару як інструмента прасоўвання да палітычнай дэмакратыі і рынкавай эканомікі.
ЕБРР вітае прадэманстраваную ўладамі краіны ўзрослую гатоўнасць супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасцю і адзначае абнадзейваючыя прыкметы прагрэсу ў палітычнай і эканамічнай сферах. Адзначаецца, што далейшы прагрэс у гэтых накірунках дазволіць банку пашырыць сваю дзейнасць у Беларусі, у тым ліку супрацоўніцтва з дзяржаўнымі прадпрыемствамі на абмежаванай і выключна выбарачнай аснове, пры ўмове, што яны будуць функцыянаваць на камерцыйных прынцыпах і адпавядаць крытэрам крэдытавання ЕБРР. Папярэднія стратэгіі абмяжоўвалі працу банка ў Беларусі толькі прыватнымі праектамі.
У новай стратэгіі паказана, якім чынам ЕБРР можа, у прыватнасці, аказваць тэхнічнае садзейнічанне і, магчыма, фінансавую падтрымку ажыццяўленню заяўленага ўладамі намеру распрацаваць адчыненую, празрыстую і канкурэнтаздольную праграму прыватызацыі, што будзе спрыяць росту даверу да гэтага працэсу. Гэта, па меркаванні ЕБРР, падтрымае пакет стратэгічных мер, узгодненых Беларуссю, Міжнародным валютным фондам і Сусветным банкам, у якім важная роля адведзеная працэсу прыватызацыі.
ЕБРР таксама разгледзіць магчымасць пашырэння сваіх дынамічных праграм крэдытавання малога бізнесу і садзейнічання развіццю гандлю з мэтай уключэння ў іх упершыню і на выбарнай аснове дзяржаўных банкаў пры ўмове, што яны функцыянуюць на камерцыйных прынцыпах і існуе рэальная перспектыва іх прыватызацыі.
Да ліку іншых прыярытэтных кірункаў дзейнасці ЕБРР у Беларусі ў перыяд дзеяння новай стратэгіі адносяцца стымуляванне падвышэння энергаэфектыўнасці і распрацоўка новых энергарэсурсаў; пашырэнне праграмы садзейнічання развіццю гандлю ЕБРР у мэтах стымулявання трансмежных гандлёвых аперацый; аказанне падтрымкі ў рэфармаванні і тэхнічнай мадэрнізацыі экалагічнай інфраструктуры і муніцыпальных паслуг.
Банк працягне актыўны палітычны дыялог з беларускімі ўладамі ў дачыненні шэрагу неабходных рэформ і будзе адсочваць дасягнуты прагрэс з дапамогай набору кантрольных паказчыкаў у палітычнай і эканамічнай сферах.
Супрацоўнік аддзела па справах Беларусі Еўрапейскай камісіі Каталін Герман паведаміў, што камісія падтрымлівае намеры супрацоўніцтва ЕБРР з Беларуссю, а таксама разглядае магчымасць рэкамендаваць Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку пачаць выдачу крэдытаў. Прадстаўнік Еўрапейскай камісіі не хавае факту таго, што фінансавая дапамога ЕС звязаная з палітычнымі чыннікамі, а «ў выпадку з Беларуссю гэта праяўляецца яшчэ больш». «Нельга сказаць, што стасункі Еўрасаюза і Беларусі цяпер знаходзяцца на піку, але ёсць патэнцыял. Таму пакуль дапамога ЕС абмежаваная, — тлумачыць Каталін Герман. — Цяпер яна збольшага факусуецца на падтрымцы насельніцтва, грамадзянскай супольнасці».
У шэрагу інструментаў ЕС — палітыка добрасуседства, якая канцэнтруецца на тэхнічным супрацоўніцтве ў сферы энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя. У наступным годзе акцэнт будзе на энергетычнай эфектыўнасці. «Цяпер гэта дапамога абмежаваная (5 мільёнаў еўра 2007–2008 гадах, 10 мільёнаў — сёлета), чакаецца, што ў наступным годзе будзе вылучана каля 10 мільёнаў еўра. Аднак далейшае пашырэнне дапамогі залежыць ад адносінаў ЕС і Беларусі, — адзначае супрацоўнік аддзела па справах Беларусі Еўрапейскай камісіі. — Памер фінансавай дапамогі Беларусі не суразмерны з той, што атрымліваюць іншыя краіны ў межах праграмы Еўрапейскага добрасуседства. І калі аднойчы ЕС палічыць, што ў Беларусі назіраецца прагрэс у палітычнай сферы, то мы зможам перагледзець гэтыя сумы». Стратэгія адносна фінансавай падтрымкі Беларусі будзе пераглядацца ў пачатку наступнага года.
Па словах супрацоўніка аддзела па справах Беларусі Еўрапейскай камісіі Канстанціна Вардакіса, камісія разумее ўсю складанасць эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Таму было ўхвалена рашэнне Міжнароднага валютнага фонду, які летась вырашыў падпісаць пагадненне з Беларуссю на вылучэнне крэдытнай лініі. «Калі паглядзець на традыцыю краінаў у пераходным перыядзе з усходу Еўрапейскага саюза, то бачна што ад эканамічных спадаў найперш церпіць сярэдні клас, адукаваныя людзі, — адзначае Вардакіс. — Гэта тыя, хто можа аналізаваць сітуацыю і можа хацець рэформ. Цяперашні крызіс не скончыцца ў наступным годзе, нават для краіны, якая тры чвэрці эканомікі трымае пад сваім кантролем. А калі вы праводзіце пратэкцыянісцкую палітыку, то пацерпіце яшчэ больш. Мы ж хочам бачыць каля нашых межаў стабільнасць, мір і эканамічны росквіт».