Мацкевіч: Куплю білет у Маскву і буду шукаць магчымасці ўзарваць Крэмль

Ці дапаможа «Свежы вецер» захаваць незалежнасць Беларусі?

pa107682_logo.jpg

Кампанія «Свежы вецер» пачалася 31 жніўня, за 100 дзён да планаванага падпісання інтэграцыйных дакументаў паміж Беларуссю і Расіяй. Актывісты кампаніі лічаць, што падпісанне гэтых дакументах прывядзе да страты суверэнітэту Беларусі, а то і паглынання нашай краіны. Цяпер паміж урадамі дзвюх краін ідзе гандаль, пра які мы нічога не ведаем, таму што ніякай інфармацыі на гэты конт грамадству не прадастаўляюць.
Галоўная мэта кампаніі — інфармаваць грамадскасць аб гэтай меркаванай здзелцы, а таксама паспрыяць таму, каб як мага большая колькасць людзей выказаліся супраць аншлюса. Пра гэта падчас першай прэс-канферэнцыі кампаніі казалі яе ініцыятары — палітолаг Андрэй Ягораў, стваральнік «Белага легіёна» Сяргей Бульба, журналіст Міхал Янчук, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Таксама падчас прэс-канферэнцыі выступілі актывісты кампаніі і вядомыя людзі, якія яе падтрымалі.

«Расія рыхтуецца да вайны»

Сяргей Чыслаў (Бульба) апошнія гады жыў ва Украіне. З 2013 года ён бачыў, як адбывалася ўварванне Расіі ва Украіну.
 Я бачу тут тую ж самую сітуацыю, якая была ва Украіне. І рэакцыя людзей на тое, што адбываецца, такая ж самая: кажуць, што гэтага не можа быць.

Сяргей Бульба

Сяргей Бульба

Па словах Сяргея Бульбы, Расія рыхтуецца да вайны. У адказ на гэта пачалося гуртаване людзей, якія хочуць нешта зрабіць.
 Я вырашыў ініцыяваць кампанію без прафесійных палітыкаў, таму што іх «прафесійныя мардашкі» абрыдлі народу, як і «мардашка» кіраўніка дзяржавы, — кажа Сяргей Бульба.
Ён распавёў, што структура кампаніі складаецца абсалютна на валанцёрскіх пачатках.
— Мы самі ахвяруем сваім часам і сваёй энергіяй, таму што за нашу свабоду ніхто нам не павінен плаціць грошай — і гэта нармальна. Кожны, хто ўмее нешта рабіць, закрывае свой напрамак. Няма ніякага кіраўніцтва і лідараў, каб ліквідацыя, умоўна кажучы, Бульбы ці Мацкевіча ніяк не пагражала кампаніі, і каб народ мог сам вылучыць новых лідараў.
Удзельнікаў кампаніі турбуе той факт, што няма ніякага фідбэку ад уладаў. Вядома, што ідзе падрыхтоўка дарожных мапаў, але ніякай падрабязнай інфармацыі грамадскасці не даюць. Не ўдалося яе атрымаць і дэпутатцы Алене Анісім.
— Бараніць нас няма каму, — падсумаваў Сяргей Чыслаў.

«Хаўрус з Крамлём — гэта квіток у адзін канец»

Журналіст Міхал Янчук працуе над публікацыямі ў сацыяльных сетках і на платформе Канстытуцыя.бел. Ён лічыць, што цяпер нам усім трэба дбаць пра самыя базавыя рэчы. Напрыклад, што Расійская Федэрацыя — гэта дзяржава-тэрарыст, якая вядзе вайну са сваімі суседзямі.

Міхал Янчук

Міхал Янчук


 Давайце падумаем, ці нам трэба сёння ісці ў сусветны клуб маргіналаў? Шчыльны хаўрус з Крамлём — гэта гарантаваны квіток у адзін канец для нашай краіны, гэта гарантаваны квіток на палубу для пасажыраў трэцяга класа на расійскім «Тытаніку». Расія сёння — тэрыторыя суцэльнага бяспраўя, краіна-трагедыя, дзяржава-пародыя і імперыя-фарс. І нам з ёй дакладна не па дарозе.

Рабіць тое, чаго ніхто не чакаў

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч адным з першых пачаў біць трывогу з нагоды магчымага паглынання Расіяй Беларусі. Ён запэўнівае, што абсалютна не баіцца апынуцца ў смешным становішчы, калі 8 снежня меркаванае пагадненне не падпішуць.  — У Беларусі, як і ва Украіне, спрабавалі стварыць пракрамлёўскую частку грамадства. Але гэтая група расійскіх агентаў маргінальная, яна не карыстаецца ніякім уплывам і аўтарытэтам, — зазначыў ён.

Уладзімір Мацкевіч

Уладзімір Мацкевіч

Па яго словах, стаўку на гэтых людзей зрабіць нельга, таму падрыхтоўчыя дзеянні Расіі не займеюць поспеху. Але, калі раней Захад меў кантакты, у асноўным, з апазіцыйнымі беларускімі структурамі, то кіраўнік МЗС Уладзімір Макей паспрабаваў знішчыць усё інтэлектуальнае забеспячэнне апазіцыйнай дэмакратычнай дзейнасці. Ён пачаў сам узрошчваць аналітычныяч структуры і знайшоў падтрымку еўрапейскіх палітыкаў. Так узніклі «Імхоклаб», «Цытадэль» і іншыя рэсурсы, быў створаны «Мінскі дыялог». Яны цяпер прэзентуюць сябе як грамадзянская супольнасць Беларусі.
Уладзімір Мацкевіч зазначае, што беларуская грамадзянская супольнасць характарызуецца татальным недаверам адзін да аднаго, і такой жа татальнай верай у словы ўладаў.
— Некаторых поспехаў мы дасягнулі, але пагроза нікуды не знікла. Усё, што трэба для паглынання Беларусі на юрыдычным узроўні, ужо ёсць. Таму нам патрэбна дэнансацыя Саюзнай дамовы і хаця б мінімальныя заявы афіцыйных асоб, накіраваныя ў гэты бок.
Уладзімір Мацкевіч зазначае, што, нават калі дамова не будзе падпісаная 8 снежня, кампанія працягне сваю працу, каб не дапусціць падобных спробаў аншлюсу.
Пра канкрэтныя крокі кампаніі яе ініцыятары не кажуць — усё залежыць ад таго, як будзе складвацца сітуацыя. Але запэўніваюць, што «будзе і грамадская актыўнасць, не ўсё будзе анлайн. Але хацелася б, каб улады ачомаліся».
— Калі здарыцца падпісанне, я куплю білет у Маскву і буду шукаць магчымасці ўзарваць Крэмль, — заявіў Уладзімір Мацкевіч.
Ён дадаў, што ўдзельнікі кампаніі не будуць прымаць бессэнсоўных рэзалюцый і заклікаць людзей на пікеты.
— Мы будзем рабіць тое, што можам і тое, чаго ніхто ніколі не чакаў. Навізна, упартасць, нечаканасць і свабоднае ўваходжанне ў структуру без падначальвання — вось нашыя прылады.
А праваабаронца Ігар Рынкевіч увогуле прысніў, што можа зрабіць кожны беларус для захавання незалежнасці. Гэта тры рэчы: карыстацца беларускай мовай, мець актыўную грамадзянскую пазіцыю і мацаваць здароўе, каб дажыць да вольнай Беларусі.