Латушка: «Мы павінны рыхтавацца да масавай акцыі пратэсту». ВІДЭА

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка ў інтэрв'ю Свабодзе расказаў, чым можа быць небяспечны Усебеларускі народны сход, які арганізуе ўлада, і паведаміў пра план супрацьдзеяння гэтаму мерапрыемству.


Чым небяспечны Усебеларускі народны сход

Ёсць абсалютна зразумелыя прыкметы антыканстытуцыйных дзеянняў з боку нелегітымнай улады і фактычна канстытуцыйнага перавароту. Ён можа быць ажыццёўлены з выкарыстаннем інструментаў так званага Ўсебеларускага народнага сходу.
Адзін раз Лукашэнка казаў, што там будуць разглядацца змены ў Канстытуцыю, цяпер ён кажа, што ніякія пытанні Канстытуцыі не будуць там абмяркоўвацца. Усе гэтыя выказванні нелагічныя і супярэчлівыя. У дзяржаўных СМІ праўладныя эксперты працягваюць гаварыць пра ўсеагульны беларускі дыялог, накіраваны на тое, каб унесці змены ў Канстытуцыю. Адбываліся сустрэчы на грамадскіх дыскусійных пляцоўках, у якіх, дарэчы, прымаць удзел маглі толькі людзі, вызначаныя ўладай. Усё гэта дае нам падставы меркаваць, што падчас так званага Усебеларускага народнага сходу могуць быць разгледжаныя пытанні будучай Канстытуцыі або надання сходу статусу канстытуцыйнага органу. Усё гэта стварае пагрозу канстытуцыйнага перавароту ў Беларусі.

Навошта гэта Лукашэнку, калі ёсць лаяльны Нацыянальны сход

Гэта вынікае з Канстытуцыі і законаў. Тыя раздзелы, якія тычацца органаў улады, могуць змяніцца толькі шляхам рэферэндуму. Калі б Лукашэнка на гэта пайшоў, то мы разумеем, якія б былі вынікі. Па-першае, яму б не ўдалося арганізаваць камісіі. Таксама трэба сфармаваць новы Цэнтрвыбаркам. Ярмошынай і раней не было веры, а цяпер і ўвогуле не можа быць. Таму ажыццявіць змены ў Канстытуцыю праз Палату Прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі не атрымаецца.
Лукашэнка выконвае даручэнні, якія былі яму дадзены падчас сустрэчы з Пуціным. Ён прыняў абавязанні распачаць грамадскі дыялог, каб прыйсці да змены Канстытуцыі. А гэта фэйк, гульня ў дыялог. Ён паспрабуе прадаць яго расійскім партнёрам і Захаду. Прадаць гэты фэйк беларускаму грамадству яму не ўдасца.

Чаму Усебеларускі сход можна лічыць нелегітымным

Нават калі глядзець на ранейшыя Усебеларускія сходы, то цяпер упершыню парушаецца закон аб рэспубліканскіх сходах, прынцып абрання дэлегатаў. Фактычна самі дэпутаты выбіраюць дэлегатаў сярод дэпутатаў. Гэта законам не прадугледжана. Не адбываюцца агульныя сходы, на якіх павінны абірацца дэлегаты. Дзяржаўныя чыноўнікі загадзя ўзгаднілі спісы ўдзельнікаў. Дзяржаўныя арганізацыі вылучаюць сваіх.
Мы павінны данесці да дэлегатаў, што калі падчас гэтага сходу будуць разглядацца пытанні пра змены Канстытуцыі, канстытуцыйнага ладу, легітымізацыі ўлады Лукашэнкі, то ўсё гэта падпадае пад артыкул 190 КК РБ. У будучым яны могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.
Па сутнасці, гэта будзе сход чыноўнікаў або людзей, набліжаных да дыктатарскай сістэмы, якія будуць мець на мэце легітымізацыю Лукашэнкі пасля фальсіфікацыі выбараў, яго крымінальнай дзейнасці, звязанай з забойствамі і рэпрэсіямі. Гэта ўсё парушэнне нават таго заканадаўства, якое цяпер ёсць у краіне.
Мэта Лукашэнкі — захавацца ва ўладзе. Ён проста зацягвае працэс, каб застацца ва ўладзе.

Ці варта апанентам улады спрабаваць трапіць на сход

Падыход, які абраны сістэмай па вылучэнні дэлегатаў, блакуе такую магчымасць. Нават калі ў некага і зьявіцца ідэя паўдзельнічаць у гэтым працэсе і прыняць удзел у сходзе або вылучыцца ад арганізацыі, установы ці калектыву, — гэта нерэальна.
З іншага боку, прымаць удзел у працэсе, які парушае Канстытуцыю і закон, у працэсе, які легітымізуе прававы дэфолт — гэта палітычнае самагубства.

Навошта ўладзе ператвараць Усебеларускі сход у канстытуцыйны орган

Зацягнуць працэс. Звярнуць увагу грамадства на тое, што не зьяўляецца важным. Важна — спыніць гвалт і рэпрэсіі, прыцягнуць да адказнасці ўсіх злачынцаў і правесці дэмакратычныя выбары.

Які план у апанентаў улады

Мы напрыканцы снежня прапанавалі штабу Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай радзе правесці сустрэчу, на якой выпрацаваць стратэгічны план дзеянняў на бліжэйшы час, каб дамагчыся мэтаў, якія паставіла беларускае грамадства.
Дваровыя акцыі працягваюцца. Вялікая павага гэтым людзям. Але мы павінны рыхтавацца да вялікай масавай акцыі. Хтосьці кажа — ці ёсць сэнс паўтараць тое, што мы рабілі ўвосень? Ёсць сэнс. Сітуацыя зусім іншая. Ужо новы парадак дня. Ужо новы дзень наступіў. І ў рамках гэтага новага дня мы павінны рыхтавацца да масавай акцыі пратэсту, але распрацаваць яе ў трохі іншым сцэнары. Які гэта будзе сцэнар? Я думаю, што гэта павінна быць нечаканым для ўлады.
Што тычыцца нашых дзеянняў, звязаных з Усебеларускім народным сходам, то ў бліжэйшыя дні мы апублікуем узгодненую з усімі цэнтрамі пазіцыю і прадставім яе грамадскасці. Мы павінны дэлегітымізаваць гэтае мерапрыемства.