«Лукашэнка зусім не зацікаўлены лішні раз нагадваць беларусам, чым скончылася кіраванне Януковіча»

Адна з цікавостак візіту ў Беларусь Пуціна — гэта паведамленне тэлеграм-каналаў пра тое, што ў Гомелі быў заўважаны самалёт экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча Dassault Falcon 900C (RA-09617). Ці сапраўды Януковіч прылятаў у Беларусь, а калі і прылятаў, то навошта?

Фота з news.myseldon.com

Фота з news.myseldon.com

Нядаўні раптоўны візіт Уладзіміра Пуціна ў Мінск быў тым больш загадкавы, што не меў відавочнага сэнсу. Ну не ўзрадаваць жа Лукашэнку тым, што Беларусь нарэшце стане паўнапраўным чальцом ШАС? Расійскі правадыр у міждзяржаўных адносінах пазіцыянуе сябе «панам», да якога павінен прыязджаць «халоп». Візіт жа ў зваротным кірунку відавочна падрывае гэты наратыў. Відавочна, павінна было адбыцца нешта неардынарнае, піша Генадзь Лук'яновіч у «Белнавінах».

Можна меркаваць, што была запланаваная нейкая падзея з геапалітычным адценнем, сцэнар якой патрабаваў асабістай прысутнасці кіраўніка РФ.

Такая трактоўка тлумачыць, чаму адначасова з Пуціным у Беларусі аказаўся і самалёт збеглага ўкраінскага экс-прэзідэнта Віктара Януковіча. Апошні раз ён быў заўважаны ў Беларусі ў самым пачатку расійскай вайсковай авантуры, калі яшчэ ў кіраўніцтва РФ не выветрыліся планы «Кіева за тры дні», і з тых часоў практычна знік з інфармацыйнага поля.

Якая на гэты раз патрэба з'явілася ў тым, каб зноў выцягнуць гэты палітычны труп, таксама здагадацца няцяжка: у Расіі развязаная істэрыя з нагоды нібыта «нелегітымнасці» ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, якая настала, нібыта, з 21 траўня. Пуцінскі візіт не проста практычна супаў з гэтай датай: тэма законнасці ўкраінскіх уладаў была агучаная абодвума кіраўнікамі на сустрэчах з прэсай. Кіраўнік Расіі заявіў, што паўнамоцтвы Зяленскага скончыліся, ягоны беларускі партнёр расплывіста намякнуў, што «юрыдычнай чысціні тут няма».

«Што тычыцца заканчэння паўнамоцтваў Уладзіміра Аляксандравіча Зяленскага. Мяне тут ці нас часта папракаюць, што мы дыктатары, яшчэ кагосьці да гэтага прышываюць. Вось яна, дэмакратыя: ні Канстытуцыйны суд, ні іншыя суды нічога не могуць сказаць, таму юрыдычнай чысціні, пра якую казаў Уладзімір Уладзіміравіч [Пуцін], там няма і быць не можа ў гэтай сітуацыі», — сказаў чалавек, які называе сябе прэзідэнтам Беларусі.

Сапраўды смешна, што пытанне легітымнасці Зяленскага літаральна на другі дзень пасля заканчэння яго пяцігадовага тэрміну сабраліся дэбатаваць два ўзурпатары, адзін з якіх здзекуецца над сваім народам трыццаць, а другі — дваццаць пяць гадоў. І, у адрозненне ад Зяленскага, абодва трымаюцца ва ўладзе праз перапісванне Канстытуцыі, усеўладдзе карных органаў і забойствы лідараў апазіцыі. І ў абодвух ёсць у запасе ручной, невыбіральны орган для кіравання дзяржавай — у Пуціна ён называецца «Дзяржаўным Саветам РФ», а ў Лукашэнкі — «Усебеларускім народным сходам». Да таго ж тэарэтыкі кшталту Дугіна ўжо прадумалі канцэпцыю, чаму абодва павінны кіраваць вечна.

Магчыма, што Лукашэнка і Пуцін меркавалі нейкім чынам прадставіць публіцы Януковіча як кандыдата ў прэзідэнты Украіны. Тады ўся свістапляска вакол «нелегітымнасці» Зяленскага мела б хоць нейкі сэнс. Але, відаць, нешта не зраслося: што ў 2022 годзе, што цяпер. Прычым рашэнне, хутчэй за ўсё, прымалася ў працоўным рэжыме, пакуль Януковіч лагодна чакаў свайго будучага лёсу на борце самалёта «Фалькон» на ўзлётнай паласе аэрапорта ў Гомелі.

Але калі Януковіч сапраўды правёў суткі ў Гомелі, чаму ў выніку ён так і не быў паказаны публіцы? Можна меркаваць, што гэтаму раптам запрацівіўся сам Лукашэнка, жадаючы захаваць нейкія каналы камунікацыі ва Украіне.

Але, што яшчэ больш верагодна, Лукашэнка зусім не зацікаўлены лішні раз нагадваць беларусам, чым скончылася кіраванне Януковіча.