Ці ёсць жыццё пасля Лукашэнкі, альбо Навошта насамрэч збіралі УНС

Ці ёсць жыццё ў стабільнасці пасля Лукашэнкі, ці няма жыцця ў стабільнасці пасля Лукашэнкі, гэта навуцы пакуль невядома. Але практыка і гістарычны вопыт паказваюць, што без гаранта такая стабільнасць жыве нядоўга. І звычайна не вельмі шчасна, піша Андрэй Бранішэўскі ў Plan B.

Фота з kleck.by

Фота з kleck.by

Лукашэнка сабраў УНС, каб стварыць ілюзію вечнай стабільнасці. Але атрымліваецца не вельмі пераканаўча. Ілюзія трашчыць пад грузам гадоў, пражытых гарантам.

Гарантыі мінаюць

Можна не публікаваць фота Лукашэнкі без рэтушы, не здымаць яго спускаючымся па трапе і распавядаць пра хакейныя матчы з ягоным удзелам сваімі словамі. Але сімптомы ўсё роўна не схаваеш. Тым больш, што паплечнікам не трэба глядзець тэлевізар, каб убачыць, што гарантыя ў гаранта іх стабільнасці мінае.

Колькі гэтай гарантыі засталося, ведае толькі Бог. І можа быць, вельмі прыблізна, асабісты лекар. Але ад гэтай нявызначанасці ўсё становіцца толькі горш. Праблема дыктатур, у якіх усё трымаецца на адным дыктатары, не ў тым, што гэтыя дыктатары бываюць смяротныя. Праблема ў тым, што яны раптоўна паміраюць.

Добра ведаць, што гарант стабільнасці, вядома, не вечны, але на твой век яго гарантый хопіць. А калі не? Гарант жа вунь ужо па лесвіцы спусціцца нармальна не можа. А калі ў іншы раз спатыкнецца з трапа на ўсю сваю галаву?

Зразумела, што такія думкі стабілізацыі стабільнасці не спрыяюць. Ад такіх думак недалёка да ідэі загадзя пашукаць сабе новага гаранта. Надзейнае плячо, на якое іх стабільнасць магла б абаперціся. Таму што нікому ж не хочацца ў выпадку раптоўнага скону стабільнасці адказваць за генацыд беларускага народа. Асабліва ў адпаведнасці з мадыфікаваным Крымінальным кодэксам, у якім шмат сказана і пра здраду Радзіме, і пра незаконнае ўтрыманне ўлады, і пра распальванне разнастайнай варожасці.

Глядзіце таксама

Прыемная ілюзія

Вось сэнс Усебеларускага сходу ў тым і складаўся, каб паказаць патэнцыйным фігурантам прыемную ілюзію стабільнасці. Якая не скончыцца разам з Лукашэнкам. Каб не ўзнікала ў людзей спакусы знайсці сабе новага гаранта яшчэ да таго, як скончыцца гарантыя ў старога.

«Калі прыйдзе здраднік — выкінем на наступны дзень. Ніякіх здраднікаў мы не пацерпім. Вось для чаго УНС. Каб ніхто не здрадзіў», — сказаў дэлегат УНС Алег Гайдукевіч.

Ну на самай справе УНС, вядома, не зусім для гэтага. Лукашэнку УНС патрэбны, каб дэлегаты УНС і асобы, якія далучыліся да іх, верылі, што пасля Лукашэнкі з імі нічога дрэннага не здарыцца. Што калі прыйдзе чалавек, які пагражае іх стабільнасці, то яны з такім чалавекам справяцца. І каб лішні раз не перажывалі за сваю стабільнасць. Таму што ад такіх перажыванняў стабільнасць псуецца. А што насамрэч будзе са стабільнасцю пасля Лукашэнкі, асабіста для Лукашэнкі ніякага значэння не мае. А ўжо пасля і пагатоў не будзе мець.

Глядзіце таксама

Я табе, вядома, веру

На самай справе зразумела, што калектыўны розум, асабліва падзелены паміж тысячай з лішнім персон, ніякай стабільнасці нікому гарантаваць не можа. Нават сабе.

Ты гэтую тысячу з лішнім чалавек яшчэ спачатку паспрабуй збяры. Асабліва ў выпадку раптоўнага парушэння стабільнасці. Можна падумаць, пераемнік, кім бы ён ні аказаўся, будзе сядзець і чакаць, пакуль дэлегаты Усебеларускага сходу збяруцца, каб «выкінуць яго на наступны дзень». У лепшым выпадку ўсе прыдатныя для збору тысячы з лішнім чалавек памяшкання акажуцца раптам замініраванымі. А ў горшым за замах на стабільнасць з дэлегатамі абыдуцца па законах абноўленага Крымінальнага кодэкса.

Дый не будуць дэлегаты нікуды збірацца. Госпадзе, памілуй. Дурняў няма. Дэлегаты Усебеларускага сходу спецыяльна адбіраліся сярод людзей, для якіх асабістая стабільнасць бліжэй да цела.

Тэарэтычна стабільнасць пасля Лукашэнкі мог бы гарантаваць калектыўны орган больш сціплых памераў. Скажам, прэзідыум Усебеларускага сходу мог бы для гэтага падысці. Але не падыдзе.

Таму што адбор у прэзідыум быў яшчэ больш дбайным, чым адбор шараговых дэлегатаў. Таму што 13 членаў прэзідыума спецыяльна адабралі сярод людзей, якія не здольныя да ініцыятыў ні ў адпаведнасці са складам свайго характару, ні па сваім бягучым службовым статусе. Рэктар БДУІР, дырэктар «Віцебскаблгаза», дэпутат палаты прадстаўнікоў і старшыня саюза жанчын. І яны вераць, што гэтыя людзі змогуць гарантаваць ім стабільнасць!

Хоць, падазраю, што не. Як Лукашэнка сімулюе стабільнасці вечныя гарантыі, так яго паплечнікі робяць выгляд, што яны ў гэтую сімуляцыю вераць. А калі гарантыі раптам скончацца, ніхто пра іх нават не ўспомніць.

Некаторую пераемнасць на некаторы час мог бы гарантаваць загадзя прызначаны пераемнік. Але з пераемнікам гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя.